Перыяд Адвэнту, якім мы распачынаем новы літургічны год, з’яўляецца асаблівым часам. Па-першае, Адвэнт прыгадвае нам, што прыходу Езуса Хрыста на гэты свет у таямніцы Уцелаўлення папярэднічала доўгае чаканне. Праз розныя гістарычныя падзеі, а таксама ў сваім слове Бог на працягу многіх стагоддзяў падрыхтоўваў выбраны народ да сустрэчы з Месіяй, Божым Сынам, у асобе якога адбылася поўня Аб’яўлення, найвышэйшае праяўленне любові Бога да нас. Як піша аўтар Паслання да Габрэяў: “Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да Бацькоў нашых праз прарокаў. У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына...” (Гбр 1, 1–2).
Па-другое, Адвэнт павінен нам усвядоміць, што нашае жыццё таксама з’яўляецца чаканнем. Як вызнаўцы Уваскрослага Хрыста мы чакаем Яго паўторнага прыходу, калі праслаўлены Збаўца прыйдзе ва ўсёй сваёй хвале, а кожны язык вызнае, “што Панам ёсць Езус Хрыстус – дзеля хвалы Бога Айца” (Флп 2, 11).
Паколькі мы не ведаем, у які дзень прыйдзе наш Пан (параўн. Мц 24, 42), мы павінны быць гатовымі, павінны чуваць. Сённяшняя літургія Слова, якая ўводзіць нас у атмасферу Адвэнту, вельмі выразна падкрэслівае настрой чування.
Пан Езус у сваім навучанні пра канец часоў прыводзіць два вобразы, якія павінны нам усвядоміць, наколькі важнай з’яўляецца пільнасць. У вобразе патопу паказана вялікая небяспечнасць граху, які спрыяе таму, што чалавек становіцца неадчувальным да зла, прывыкае да яго і таму губляе здольнасць уводзіць радыкальныя змены ў сваё жыццё – здольнасць навяртацца. Вобраз злодзея, які прыходзіць сярод ночы, каб абакрасці дом гаспадара, паказвае, што паўторны прыход Хрыста мае ў сабе элемент непрадбачанасці і нечаканасці, таму хрысціянін павінен у кожную хвіліну свайго жыцця быць падрыхтаваным, каб стаць перад абліччам Пана.
Такім чынам, чуванне азначае ў першую чаргу паставу навяртання, якая заключаецца ў рашучым адмаўленні зла і ўваходзе на дарогу Божых запаведзяў. Гэтае навяртанне нельга адкладваць на потым, рашэнне павінна быць прынята тут і зараз. Св. Павел у Пасланні да Рымлян піша: “Вы ведаеце, што настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну. [...] Ноч мінула і наблізіўся дзень. Таму адкінем учынкі цемры і апранемся ў зброю святла. Як у дзень, будзем паводзіць сябе прыстойна, не ў гулянках ды п’янстве, не ў распусце ды разбэшчанасці, не ў сварках ды зайздрасці...” (Рым 13, 11–13).
Перыяд Адвэнту штогод прыгадвае нам, што як вызнаўцы Хрыста мы павінны быць дзецьмі святла, а таму трэба адкінуць усё, што з’яўляецца цемрай, што вядзе да зла, што зацямняе мэту нашага жыцця і паклікання. Трэба адкрыцца на святло веры, якое ідзе ад Бога і надае нашаму жыццю сэнс і правільны напрамак.
Дарагія Браты і Сёстры!
У мінулую нядзелю, ва ўрачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету, мы скончылі Год веры. Разам з цэлым Паўсюдным Касцёлам мы перажывалі гэты асаблівы час ласкі, які павінен быў нам прыгадаць, якім вялікім дарам з’яўляецца вера, павінен быў абудзіць у нас жаданне вызнаваць веру ва ўсёй яе поўні, з адноўленым перакананнем, з даверам і надзеяй (параўн. Porta Fidei, 9).
Год веры скончыўся, але наша пілігрымка веры працягваецца далей, і перыяд Адвэнту, які мы сёння распачынаем, з’яўляецца добрай нагодай, каб кожны з нас паставіў сабе пытанне, што перажыты Год веры ўнёс у маё жыццё, як ён паўплываў на маё перажыванне веры, якое сведчанне веры я даю ў маёй сям’і, на працы, у грамадстве.
Святы Айцец Францішак у энцыкліцы “Lumen Fidei” падкрэслівае, што вера нараджаецца з асабістай сустрэчы чалавека з Богам і Яго любоўю. “Святло веры [...], – піша Папа, – здольна асвятліць усё жыццё чалавека. А каб святло было настолькі магутным, яно не можа паходзіць ад нас саміх, яно павінна паходзіць з самай першай крыніцы, павінна поўнасцю паходзіць ад Бога. Вера нараджаецца ў сустрэчы з жывым Богам, які заклікае нас і паказвае нам сваю любоў – любоў, якая апярэджвае нас, на якую мы можам абаперціся, каб нязломна трываць і будаваць жыццё. Перамененыя гэтай любоўю, мы атрымліваем новыя вочы, адчуваем, што ў ёй змешчана вялікае абяцанне поўні і кіруем позірк у будучыню. Вера, якую мы прымаем ад Бога як звышнатуральны дар, становіцца святлом на шляху, які ўказвае кірунак нашай вандроўкі ў часе” (Lumen Fidei, 4).
Заахвочваю Вас, дарагія Дыяцэзіяне, каб сёлетні Адвэнт стаў, у пэўным сэнсе, натуральным працягам Года веры. Таму давайце старацца перажываць гэты літургічны перыяд у духу чування і навяртання. Няхай ён прынясе плён паглыблення нашай веры, досвед асабістай сустрэчы з Богам, новае адкрыццё Яго міласэрнай і апераджальнай любові.
Згодна з практыкай Касцёла, якая падтрымліваецца традыцыяй, падчас Адвэнту мы стараемся не ўдзельнічаць у гучных забавах, каб зазірнуць у глыбіню свайго сэрца, задумацца над сваім жыццём і ўбачыць, што трэба было б змяніць у думках, словах і ўчынках.
Многія хрысціяне ў гэты перыяд робяць пэўныя пастановы, якія маюць на мэце вызваленне ад зла і граху, паглыбленне ў сабе любові да Бога і бліжняга, ажыўленне жыцця малітвы і выкарыстання святых сакрамантаў.
Да найпрыгажэйшых адвэнтавых традыцый належаць таксама раратнія святыя Імшы, якія цэлебруюцца ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта запрашэнне чуваць разам з Марыяй, пераймаючы Яе веру, пакорнасць і бязмежны давер Богу. Пастарайцеся прымаць удзел у раратніх святых Імшах і паклапаціцеся асабліва аб удзеле ў іх дзяцей – няхай радаснае чаканне прыходу Езуса, перажываемае ў літургіі, будзе для іх родам катэхезы, нагодай, каб лепш пазнаць змест веры і развіваць жыццё малітвы.
Усім Вам, дарагія Браты і Сёстры, жадаю добрага, поўнага сапраўднай радасці, што выплывае з веры, і шчодрага на духоўны плён перажывання Адвэнту. У пілігрымцы адвэнтавага чування нахай нам спадарожнічае мацярынскае заступніцтва Багародзіцы Марыі. Няхай Тая, якая паверыла, выпрошвае для нас у свайго Сына неабходныя ласкі, каб сёлетні Адвэнт духоўна ўзбагаціў кожнага вызнаўцу Хрыста. На радасную і плённую падрыхтоўку да свят Божага Нараджэння ў духу адвэнтавага чування і навяртання ўсім Вам ад усяго сэрца бласлаўляю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 22.11.2013 г.
Прашу шаноўных святароў прачытаць гэты пастырскі ліст замест казання 1 снежня 2013 г. падчас кожнай св. Імшы