У 1875 г. Цэліна Бажэнцкая прыбыла ў Рым. І там да яе зноў вярнуліся думкі пра законніцтва. Грунтоўна пазнаць сябе і зразумець дарогу, па якой яе вядзе Бог, Цэліне дапамог генерал змёртвыхпаўстанцаў кс. Пётр Семяненка, які затым падрыхтаваў яе да заснавання новай кангрэгацыі. Дзякуючы яго духоўнай падтрымцы, Цэліна прыйшла да рашэння заснаваць разам з дачкой Ядзвігай жаночае адгалінаванне гэтай супольнасці з кантэмпляцыйна-дзейсным харызматам. Заданнем супольнасці было б духоўнае і маральнае адраджэнне жанчыны праз навучанне і хрысціянскае выхаванне дзяўчат. У 1891 годзе яна атрымала падтрымку ад духоўнай улады і ва ўзросце 58 гадоў узначаліла новую манаскую супольнасць, якая атрымала назву Кангрэгацыі Змёртвыхпаўстанак. У тым жа годзе Цэліна разам з сёстрамі адкрыла ў Кентах каля Бельска (Польшча) першы манаскі дом, а ў 1896 годзе распачала апостальскую працу ў Балгарыі, затым у Чанстахове і Варшаве, а ў 1900 г. - у Злучаных Штатах.
Новая супольнасць развівалася дынамічна. Гэта схіліла сясцёр да таго, каб пашырыць свой харызмат, уключыўшы ў яго клопат пра рух апостальства свецкіх у парафіях. Мэтай свецкага жаночага руху было не толькі асабістае асвячэнне, але і імкненне пашыраць Каралеўства Божае і напоўніць духам Евангелля ўсе галіны грамадскага жыцця. Цэліна Бажэнцкая памерла ў Кракаве 26 кастрычніка 1913 года.
Беатыфікацыйны працэс маці Цэліны быў адкрыты ў Рыме яшчэ ў 1944 годзе, а дэкрэт пра гераічнасць цнот падпісаў папа Ян Павел ІІ у 1982 г. У 2002 годзе у Кракаве было праведзена даследаванне аздараўлення Анджэя Мехежынькага – Віктара, праўнука маці Цэліны, які цудоўным чынам пасля звароту да Божай Служкі Цэліны з малітвай аб заступніцтве вылечыўся ад цяжкой траўмы пазваночніка. Цуд аздараўлення прыспешыў заканчэнне беатыфікацыйнага працэса. 16 снежня 2006 года папа Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт, якім пацвердзіў цуд аздараўлення, учынены пры пасрэдніцтве маці Цэліны.
Незвычайным быў 80-гадовы жыццёвы шлях благаславёнай Цэліны Бажэнцкай. У яе жыцці вылучаюцца чатыры важныя этапы - як жонкі, маці, удавы і законніцы. У выкананні свайго паклікання на кожным з гэтых этапаў у яе жыцці выразна праступае адзіная мэта людскога паклікання – гэта жыццёвая святасць.
Благаславёная Цэліна як у мінулым, так і сёння з’яўляецца прыкладам святасці ў выкананні Божай волі – з поўнай пакорай, адданасцю і глыбокай малітвай. У такім жа духу яна старалася выхоўваць сваіх дачок, каб адзіным адноснікам у іх жыцці і ва ўзрастанні ў святасці была пакора перад Богам. Не парушыла яе вернасці Богу нават раптоўная смерць дачкі Ядзвігі, з якой яна заснавала супольнасць. Сказала тады такія словы: “Няма такога, што б не вытрывала душа з любові да Пана Езуса”. Некалькі разоў яна прыязджала з Рыма ў Абрэмбшчызну, дзе яе віталі мясцовыя жыхары, якія ўжо пры жыцці лічылі яе святой.
Менавіта ў Абрэмбшчызне каля Заневіч, на месцы былога маёнтку і з камення, якое засталося ад яго, была пабудавана першая капліца ў гонар благаславёнай Цэліны Бажэнцкай. 2 мая бягучага года капліца будзе асвечаная, каб мы маглі выпрошваць Божыя ласкі праз заступніцтва благаславёнай Цэліны Бажэнцкай для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці. Яна з’яўляецца ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі. Прыміце ў якасці заахвочвання да годнай рэалізацыі свайго паклікання словы благаславёнай Цэліны Бажэнцкай, якія яна калісьці запісала ў сваім дзённіку: “Малю Хрыста Пана, каб вы пры жыцці ўваскрэслі ў духу, калі спазналі гэту вялікую ласку быць пакліканымі да такой вялікай і хвалебнай таямніцы. Недастаткова ахапіць гэтую ласку розумам, патрэбная праца над сабой і ўчынкі, якія асвячаюць душу на падставе вялікай пакоры і ўдзячнасці да Пана Бога”.
Ахвярная любоў нясе шчасце блізкім і дае нам заслугу неба. Няхай яна будзе багаццем кожнай сям’і на нашай зямлі – сужэнцаў, бацькоў і дзяцей. Працуйма нас сваім асвячэннем і не пераставайма аказваць адзін аднаму зразуменне і паслугі. Яны здольны перамяніць свет, а нашаму прысвячэнню даць радасць і скіраваць нас да вечнай любові Бога.
Мы верым, што благаславёная Цэліна выпрасіць у Бога духоўныя дары, падтрымае на шляху да неба наш Касцёл і нашы сем’і. Маючы перад вачыма прыклад яе жыцця, давайце імкнуцца да асвячэння асабістага і грамадскага жыцця, каб яшчэ дакладней выконваць на зямлі Божую волю і некалі атрымаць вечны ўдзел у святасці Бога. Няхай радасць Святых Панскіх стане і нашым удзелам у Небе.
На руплівае наследаванне жыцця Святых Панскіх і радасныя перажыванні ўрачыстасці падзякі ў нашай дыяцэзіі ў гонар благаславёнай Цэліны з сэрца б л а г а с л а ў л я ю.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі