Гэтае адвэнтавае чаканне мае падвойнае вымярэнне. Па-першае, Адвэнт з’яўляецца перыядам падрыхтоўкі да свят Божага Нараджэння. Маці Касцёл у чарговы раз запрашае кожнага з нас схіліцца над таямніцай Уцелаўлення Божага Сына, зноў адкрыць неабсяжную любоў Айца нябеснага, які “так [...] палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16). Па-другое, Адвэнт з’яўляецца для нас нагодай, каб узгадаць праўду веры, што напрыканцы часоў Сын Чалавечы “зноў прыйдзе ў хвале судзіць жывых і памерлых” (Апостальскі сімвал веры). У святле гэтай праўды ўсё жыццё хрысціяніна паўстае перад намі як свайго роду “адвэнт” ці чаканне радаснай сустрэчы з Уваскрослым Збаўцам.
Больш таго, паміж першым прыходам Пана, які паклаў пачатак справе Збаўлення, і Яго паўторным прыходам да нас у апошні дзень, пастаянна здзяйсняецца трэцяе: Хрыстос прыходзіць да нас у сваім Слове, у сакраментальнай ласцы, у іншым чалавеку, у значных падзеях нашага жыцця і ў выкліках так званай шэрай штодзённасці. “Вось, стаю ў дзвярах і стукаю, – гаворыць праслаўлёны Хрыстос у Кнізе Апакаліпсіса. – Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной” (Ап 3, 20).
Дарагія Дыяцэзіяне! На парозе чарговага Адвэнту давайце зададзім сабе пытанні: Ці слухаю я голас Пана? Ці змагу і ці хачу адкрыць перад Хрыстом дзверы майго сэрца? Ці прагну я запрасіць Пана ў маё жыццё, каб Ён змяніў яго сваёй ласкай? Ці прыкладу я намаганні, каб сёлетні Адвэнт быў іншы, выключны, бо пакінуў глыбокі след у маёй душы?
Перш за ўсё, мы павінны зразумець, што наша адвэнтавае чаканне не можа быць пасіўным і характарызавацца абыякавасцю, духоўнай лянотай, згодай на пасрэднасць і кампраміс са злом. Такое стаўленне сведчыла б аб неразуменні не толькі сутнасці Адвэнту, але ўвогуле выклікаў, якія ставяць перад намі вера і ўсведамленне канчатковай мэты нашага жыцця.
Калі мы хочам, каб сёлетні Адвэнт прынёс нам трывалы і шчодры духоўны плён, давайце пастараемся пачуць гэты асцярожны стук Хрыста ў дзверы нашага сэрца і адказаць на яго, паклапаціўшыся аб навяртанні. Да пастановы навяртання нас заклікае Ян Хрысціцель, спаўняючы тым самым прароцтва Ісаі: “Голас клічучага ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, прастуйце сцежкі Яму” (Мк 1, 3; пар. Іс 40, 3).
Няхай кожны з нас спытаецца ў самога сябе, што трэба “выпраставаць” ва ўласным жыцці, што змяніць і выправіць, каб належным чынам падрыхтавацца да сустрэчы з Панам. Паводле асвечанай стагоддзямі хрысціянскай традыцыі, перыяд Адвэнту з’яўляецца часам прыняцця адважных і радыкальных пастаноў, узмоцненай працы над сабой і рашучай барацьбы з усім тым, што аддаляе нас ад ідэалаў Евангелля. Звяртаюся да Вас, Дарагія Дыяцэзіяне, каб Вы не адмаўляліся ад гэтай традыцыі. Няхай і сёлетні Адвэнт будзе часам змянення нашых сэрцаў.
У нашым адвэнтавым чуванні не можа не хапіць часу на малітву. Сумна, што сучасны чалавек, больш чым калі-небудзь ранней, адчувае сябе пастаянна запрацаваным, спяшаючымся, без астатку занятым паўсядзённымі справамі. Такі тэмп сённяшняга жыцця прыводзіць да таго, што існуе небяспека занядбання малітвы ці яе павярхоўнасці. Адвэнт дае нам выдатны шанс на аднаўленне нашага малітоўнага жыцця, на адкрыццё яе прыгажосці і досвед яе моцы. Не трэба шкадаваць часу на малітву, і тады мы пераканаемся, як моцна яна ўзбагаціць нас духоўна, колькі супакою, радасці і моцы Духа яна ўвалье ў нашыя сэрцы. Я скіроўваю гэтыя словы бацькоўскага заахвочвання асабліва да Вас, Улюбёныя Браты і Сёстры, якія перажываеце крызіс веры, змагаецеся з сур’ёзнымі духоўнымі праблемамі, шукаеце вырашэння асабістых разладаў і сумненняў. Адчыніце перад Езусам дзверы Вашага сэрца, дазвольце Яму ўвайсці ў яго і здзейсніць там цуд унутранай змены.
Адной з найпрыгажэйшых адвэнтавых традыцый з’яўляюцца так званыя раратнія Імшы, цэлебруемыя з удзелам дзяцей і моладзі ў гонар Найсвяцейшай Маці. Дарагія Бацькі, прашу Вас даць дзецям магчымасць удзелу ў гэтых набажэнствах. Пабожна і сістэматычна ўдзельнічаючы ў раратніх Імшах, Вашыя дзеці яшчэ больш палюбяць таямніцу Эўхарыстыі, з яшчэ большай верай і жаданнем будуць – разам з Марыяй – чакаць прыходу навароджанага Дзіцятка Езус. Няхай дзякуючы Вашаму бацькоўскаму клопату і ахвярнай добразычлівасці яны змогуць перажыць гэтую цудоўную духоўную прыгоду, якая яшчэ больш напоўніць іх адкрытыя дзіцячыя сэрцы шчырай любоўю да Езуса Хрыста і Яго Маці.
Дарагія Браты і Сёстры! Паколькі Адвэнт павінен быць часам нашай унутранай змены і аднаўлення, дазвольце, што на пачатку гэтага часу ласкі я падзялюся з Вамі тым, што з’яўляецца прадметам маёй пастырскай заклапочанасці і бацькоўскага непакою. Сямейны характар свят Божага Нараджэння натуральным чынам і відавочна можа быць нададзены таксама перыяду Адвэнту. У нашым адвэнтовым чаканні прыходу Пана, прыглядаючыся да Святой Сям’і з Назарэта, мы не можам пазбегнуць пытання аб духоўным стане нашых сем’яў. На жаль, трэба са шкадаваннем адзначыць, што існуюць трывожныя разыходжанні паміж ідэалам сям’і, які нам дае Евангелле, і фактычным становішчам многіх сем’яў у нашым грамадстве. Больш таго, гэтыя разыходжанні з кожным годам становяцца ўсё больш выразнымі і бясспрэчна сведчаць аб глыбокім крызісе веры і хрысціянскай тоеснасці, якая становіцца свайго роду сумнай адзнакай нашага часу. Побач з традыцыйнай мадэллю сям’і ўсё часцей выступаюць няпоўныя сем’і, несакраментальныя саюзы, пазашлюбнае сужыццё. У сем’ях усё больш слабнуць ці ўвогуле знікаюць сувязі паміж пакаленнямі, якія ва ўсе часы былі апорай найлепшых рэлігійных і выхаваўчых традыцый. Усё часцей сужэнцы спрабуюць вырашаць сямейныя праблемы праз развод ці асобнае пражыванне, у выніку чаго, як правіла, больш за ўсё пакутуюць дзеці.
Няма сумненняў, што розныя знешнія ўмовы і праблемы, з якімі сёння спатыкаюцца сем’і, не спрыяюць рэалізацыі іх паклікання згодна з задумай Стварыцеля і маральнымі правіламі. Аднак падаецца, што сутнасць праблемы заключаецца ў чымсьці іншым, а менавіта ў глыбокім крызісе веры, які закрануў шматлікія сем’і, часта духоўна іх спустошваючы.
На пачатку сёлетняга Адвэнту я скіроўваю да Вас, Дарагія Дыяцэзіяне, заклік малітвы за нашыя сем’і. Мы як хрысціяне не можам абыякава глядзець на тое, што робіцца вакол нас, мы не маем права спакойна прайсці міма гэтага. Няхай наша адвэнтавае чуванне будзе адзначана сапраўдным клопатам пра становішча нашых сем’яў. Няхай у нас будзе шмат гарачай і даверлівай малітвы, каб Езус Хрыстус аздаравіў сваёй ласкай сем’і, якія перажываюць крызіс, каб узмацніў у іх веру, надзею і любоў, каб дапамог ім стаць на шлях прабачэння, прымірэння і духоўнага адраджэння.
Улюбёныя ў Хрысце Браты і Сёстры! 2011 год, які ўжо набліжаецца да канца, асабліва важны для нашай дыяцэзіі, якая адзначае 20-ю гадавіну свайго ўзнікнення. Азіраючыся на пройдзены шлях і спрабуючы ацаніць усё тое, чаго нам з Божай дапамогай удалося разам дасягнуць, мы прагнем удзячным сэрцам праслаўляць Пана Бога, дзякуючы Яму за Яго ласку. Усе адвэнтавыя пастановы, а асабліва малітва ў інтэнцыі сем’яў, няхай будуць выражэннем нашай удзячнасці Божаму Провіду.
Жадаю Вам плённага і поўнага веры перажыцця цудоўнага перыяду Адвэнту. Каб Вы змаглі пры дапамозе Божай ласкі як мага лепш духоўна падрыхтавацца да радасных свят Божага Нараджэння.
Даручаючы кожнага з Вас магутнай апецы Маці Божай Марыі, ад сэрца ўдзяляю пастырскага бласлаўлення.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі