Skip to main content
sapka

Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча аб святкаванні 50-годдзя з дня смерці Слугі Божай с. Марыі Малгажаты Банась CSFN

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце! Хачу певедаміць, што ў гэтым годзе мы будзем адзначаць 50-ую гадавіну з дня смерці слугі Божай с. Марыі Малгажаты Банась CSFN, сястры з Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям'і з Назарэта, якая сваё жыцце прысвяціла служэнню Народу Божаму на Навагрудчыне. Беатыфікацыйны працэс слугі Божай с. Малгажаты па просьбе Кангрэгацыі Святой Сям'і з Назарэта распачаў Папа Ян Павел II 19 лютага 2003 года. Мы хочам разам з Сёстрамі Назарэтанкаміi, якія на працягу многіх гадоў самааддана служаць Касцёлу на Беларусі, прасіць аб дар хуткай беатыфікацыі слугі Божай с. Малгажаты.

 

Слуга Божая с. Малгажата сваім жыццём глыбока ўпісалася ў жыццё каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Нягледзячы на цяжкія часы яна знаходзілася на варце духоўнай спадчыны 11-ці благаслаўленых сясцёр-мучаніц, назарэтанак з Навагрудка. С. Малгажата адзіная з сясцёр, якая ацалела падчас нацысцкага рэжыму і атэістычных ганенняў, каб даць нам сведчанне гераічнай любові благаслаўленых сясцёр мучаніц і данесці вызнанне веры ў жывую прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі, з якой штодня чэрпала духоўную сілу і надзею. Дарагія Браты і Сёстры ў Хрысце!

Я запрашаю вас бліжэй пазнаёміцца з жыццём слугі Божай сястры M. Малгажаты. Кароткае апісанне яе жыцця я прыкладаю да гэтага паведамлення, і прашу аб малітве праз прычыну слугі Божай с. Малгажаты. Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя яе адданаму жыццю Богу і Касцёлу адбудуцца 26 красавіка гэтага года ў касцеле пн. Перамянення Пана Езуса ў Навагрудку. Пачатак у 11.00 гадз. расповедам пра яе жыццё. Затым у 11.30 св.Імша. Я запрашаю святароў, законных сясцер і вас, дарагія вернікі, прыняць удзел у гэтай урачыстасці і прашу аб сумеснай малітве, каб слуга Божая с. малгажата магла стаць чарговай Благаслаўлёнай нашай зямлі.

Усім удзельнікам гэтай урачыстасці ад усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Паважаныя святары, вы можаце прачытаць гэтае паведамленне ў рамках пропаведзі разам з апавяданнем жыцця слугі Божай с. M. Малгажаты ў нядзелю 23.04.2016 ва ўсіх касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі, заклікаючы вернікаў да малітвы праз яе прычыну. Аб усіх ласках, атрыманых праз прычыну слугі Божай, калі ласка, прашу паведаміць дыяцэзіяльную курыю у Гродна або Духоўныя Улады Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям'і з Назарэта ў Беларусі.

 

Слуга Божая Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў гефсіманскім садзе (Людвіка Банась 1896-1966)

Слуга Божая Марыя Малгажата нарадзілася 10 IV 1896 года ў мясцовасці Дольныя Клечы каля Вадавіцаў, у сельскай сям'і. Бацькі перадалі ёй глыбокую веру, шчырую набожнасць і моцныя маральныя прынцыпы. Ва ўзросце 20 гадоў пачала працаваць у шпіталі ў Вадавіцах, які знаходзіўся пад кіраўніцтвам Сясцёр Св. Сям’і з Назарэта.

15 II 1917 года яна уступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Падчас аблунаў атрымала імя Марыя-Маргарыта; падчас вечных шлюбаў прыняла таямніцу ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў гефсіманскім садзе. Выконвала простыя, звычайныя служэнні ў розных законных дамах: у Вадавіцах, Кракаве, Гродне, Варшаве. У 1934 годзе была накіравана да законнага дому ў Навагрудку. Падчас вайны 1939-1943 гг. працавала ў мясцовым шпіталі. Адзіная з дванаццаці сясцёр-назарэтанак пазбегла арышту і расстрэлу нацыстамі ў дзень 1 жніўня 1943 года. С. Марыя Малгажата знайшла ў лесе месца пакарання і расстрэлу адзінаццаці сваіх сясцёр, прысутнічала пры іх эксгумацыі і перанясенню ў магілу каля Навагрудскай Фары.

Факт свайго выратавання зразумела, як знак волі Божай, што яна павінна заставацца ў Наваградку, каб узяць на сябе апеку над Навагрудскай Фарай (вакол якой была засяроджанная паслуга сясцёр-назарэтанак), каб служыць дапамогай мясцоваму насельніцтву і падтрымліваць у ім рэлігійны дух.

У цяжкія гады вайны і акупацыі слуга Божая с. Марыя Малгажата, свядомая прынятай на сябе місіі, аддала сябе цалкам Навагрудскаму насельніцтву. Яна сказала: "Я адчуваю відавочна, што Бог мяне пакінуў на варце Свайго дома". Цвёрда верыла ў тое, што Бог дае сілы, таму што ўмовы яе працы былі місіянерскія, як яна сама гэта акрэсліла: "Не трэба Афрыкі. Тут добрая місія". Пасля вайны і грамадскіх зменаў, калі большасць сясцёр з былых польскіх тэрыторый вырашыла вярнуцца ў сваю краіну, слуга Божая Марыя Малгажата засталася адна ў Навагрудку, каб працягваць місію расстраляных сясцер (адзінаццаць назарэтанак, былі беатыфікаваныя 5 сакавіка 2000 г. Святым Айцом Янам Паўлам II).

Слуга Божая с. Марыя Малгажата любіла Навагрудскую Фару, а перш за ўсе з вялікай пашанай адносілася да прысутнасцю ў ёй Найсвяцейшага Сакраманту. Мясцовае насельніцтва называла яе "Вартаўніком Табернакулюма". У складаныя савецкія часы збірала вернікаў на малітву, упрыгожвала алтары, праводзіла набажэнствы. Арганізоўвала духоўную і матэрыяльную дапамогу для святароў і свецкіх людзей, сасланых у Сібір. Тыя, хто спазнаў дабрыню слугі Божай с. Малгажаты і былі сведкамі яе жыцця адданага Богу і людзям, казалі аб ёй: "Жанчына мужная, ахвярная аж да гераізму, заўседы гатовая аказаць дапамогу, адважная і смелая, разумная Божай мудрасцю".

Яна жыла ў цяжкіх умовах, у закрыстыі Навагрудскай Фары ўтрымлівалася з ахвяраванняў людзей і з уласнай працы. З жывой верай была падпарадкавана волі Божай. З’яднанная з Езусам Эўхарыстычным, казала: "Духоўнае мучаніцтва, гэта павольная смерць - гэтага прагнула". Падтрымлівала пісьмовы кантакт з уладамі сваёй законнай кангрэгацыі і сёстрамі ў Гродна.

Слуга Божая с. Марыя Малгажата памерла пасля цяжкай хваробы 26 IV 1966 года у Навагрудку, і была пахавана на мясцовых могілках.

Айцец Войцех Навачык OMI, які пасля вяртання са ссылкі працаваў у Навагрудскай Фары, так пісаў пра с. Малгажату: „У Наваградку, як вартаўнік не толькі магіл сясцёр-мучаніц, але рэлігійнага і маральнага духа, заставалася с. Малгажата. І не адна добрая справа праз яе так споўнілася”.

Беатыфікацыйны працэс слугі Божай с. Марыі Малгажаты (Людвікі Банась) ад Сэрца Езуса ў Агоніі ў гефсіманскім садзе – назарэтанкі з Навагрудка – распачаўся 19 II 2003 года.

 

Малітва аб атрыманні ласкаў праз заступніцтва Слугі Божай с. М. Малгажаты Банась

Міласэрны Божа! Твой Сын Езус Хрыстус з адданасцю і любоўю прыняў Тваю Волю, а Яго смерць стала для Касцёла крыніцай новага жыцця. Учыні ласкава, каб Твая слуга, с. Малгажата, назарэтанка з Навагрудка, якая, як і Езус, прыняла пераслед і супярэчнасці лёсу як заклік да асаблівай паслугі ў Касцёле, была далучана да ліку благаслаўлёных.

Няхай прыклад яе веры, мужнасці і любові да бліжняга заахвочваюць нас да вернасці Хрысту і Яго Касцёлу. Праз яе заступніцтва адары нас ласкай, аб якой просім праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

Аб усіх ласках, атрыманых праз прычыну слугі Божай, калі ласка, прашу паведаміць дыяцэзіяльную курыю ў Гродна або Духоўныя Улады Кангрэгацыі Сясцёр Святой Сям'і з Назарэта ў Беларусі.

 

Рэдагавана: 14 Лютага 2017