Skip to main content
sapka

Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча напярэдадні XXXI Сусветных дзён моладзі ў Кракаве

Дарагая моладзь! Папа рымскі Францішак падчас гаміліі на закрыцце Сусветных Дзён Моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2013 годзе звярнуўся да моладзi: "Дарагія маладзёны, мы дамовіліся на сустрэчу на наступны Сусветны Дзень Моладзі ў 2016 годзе у Кракаве, у Польшчы!" У штогадовым пасланні да моладзі на 2016 г. Святы Айцец напісаў да Вас: "Засталося некалькі месяцаў да нашай сустрэчы ў Польшчы. Кракаў, горад св. Яна Паўла ІІ і св. Фаўстыны Кавальскай, чакае нас з распасцертымі абдымкамі і адкрытым сэрцам".

Заклікаю вас, паважаныя пастыры, шаноўныя законныя сёстры і дарагая моладзь адклікнуцца на гэтае запрашэнне Папы Францішка і прыняць удзел у ліпені 2016 года ў сустрэчы ў Кракаве. Калі ласка, вельмі прашу душпастыраў заахвоціць моладзь і пасадзейнічаць ёй, каб магла знайсці неабходныя сродкі на ўдзел у гэтай сустрэчы. У адну з нядзель або на працягу некалькіх нядзель пасля ўзгаднення з парафіяльнымі душпастарамі, дазваляю, каб моладзь ў парафіях нашай дыяцэзіі арганізавала збор фінансавых сродкаў на ўдзел у Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве.

Калі ласка, прашу ўключыцца ў гэтую справу асабліва маладых людзей. Зрабіце ўласны ўклад у падрыхтоўку і паездку на Сусветныя Дні Моладзі ў Кракаве. Запрасіце вашых аднагодкаў да ўдзелу ў гэтым мерапрыемстве, падчас якога на сустрэчы з Папам збярэцца моладзь з усяго свету.

Спадзяюся, што многія з вас знойдуць магчымасць удзельнічаць у ліпені ў Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве.

На плённую падрыхтоўку ад усяго сэрца благаслаўляю.

Аляксандр Кашкевіч,

Біскуп Гродзенскі

Калі ласка, прашу парафіяльных святароў прачытаць гэтае паведамленне ў бліжэйшую нядзелю падчас парафіяльных аб'яваў. Прашу таксама падаць моладзі інфармацыю аб умовах удзелу ў Сусветных Днях Моладзі ў Кракаве.

Рэдагавана: 14 Лютага 2017