Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры! Чацвёртая велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень мы распачынаем таксама тыдзень малітваў аб святарскім і законным пакліканні да служэння ў Касцёле. Падтрымка жывой і непарыўнай малітвы ў інтэнцыі пакліканняў з’яўляецца нашым першым абавязкам.
Да гэтай малітвы заклікае нас сам Хрыстус: “Прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Мц 9, 38). Гэта выразны і настойлівы заклік, да якога ніводны веруючы ў Хрыста не можа застацца абыякавы. Бог дае абяцанне новых пакліканняў, але прагне, каб аб гэтым прасілі.
Заахвочваем усіх вернікаў далучыцца да супольнай малітвы Касцёла, каб Пан адарыў нашу зямлю новымі святарскімі і законнымі пакліканнямі. Заахвочваем да малітвы ў супольнасці, асабліва ў сем’ях, якія з’яўляюцца першай семінарыяй і першым месцам спадарожнічання пакліканым.
Будзем памятаць у сваіх малітвах пра ўсіх святароў, падтрымліваючы іх служэнне нястомнай малітвай.
З пастырскім благаслаўленнем Каталіцкія Біскупы Беларусі
Распараджэнне:
Просьба да святароў перадаць змест гэтага паведамлення вернікам падчас парафіяльных аб’яваў у нядзелю 26 красавiка 2015 г. і заахвоціць да малітвы ў інтэнцыі новых паклiканняў да службы ў Касцёле.
Аляксандр Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 20 красавiка 2015 г.