Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Па волі Папы Францішка ў днях 5–19 кастрычніка гг. у Рыме адбудзецца ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў.
Сінод Біскупаў — гэта сход прадстаўнікоў біскупаў з розных рэгіёнаў свету з мэтай абмеркавання задач, звязаных з актуальнай дзейнасцю Касцёла. Прадметам абмеркавання дадзенай сесіі будзе сужэнства і сям’я. Кожная сям’я спаўняе вельмі важную ролю: выхоўвае будучых хрысціян і грамадзян. З сем’яў выходзяць будучыя святары і асобы кансэкраванага жыцця. Сям’я з’яўляецца першым месцам перадачы веры.
Таму заахвочваю ўсіх дыяцэзіян да руплівай малітвы ў інтэнцыі нашых сем’яў, каб яны былі моцныя Богам. Запрашаю ўсіх, каму ляжыць на сэрцы дабро сужэнства і сучаснай сям’і, да ўключэння ў малітву за Сінод падчас кожнай святой Імшы і іншых набажэнстваў, на працягу ўсяго часу трывання сінадальных прац. Молімся, каб у час гэтага Сіноду прагучала «Добрая Навіна пра сужэнства і сям’ю».
З вітаннямі ў Хрысце Пану,
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Прашу шаноўных святароў прачытаць гэтае паведамленне ў рамках парафіяльных аб’яў падчас кожнай святой Імшы ў XXVII Звычайную нядзелю (5 кастрычніка 2014 г.) і заахвоціць вернікаў да малітвы на час трывання сінадальных прац.