Улюбёныя Браты і Сёстры ў Хрысце Пану ўсіх хрысціянскіх вызнанняў нашага горада!
Сардэчна запрашаю Вас у чацвер 23 студзеня на 18.30 у Гродзенскі катэдральны касцёл на экуменічнае набажэнства і супольную малітву аб еднасці хрысціянаў. Малітва з духоўнымі асобамі розных хрысціянскіх веравызнанняў традыцыйна адбываецца падчас тыдня, калі Каталіцкі Касцёл моліцца аб прымірэнні і еднасці ўсіх хрысціянаў.
Галоўнай тэмай сёлетняга Тыдня малітвы аб еднасці хрысціянаў з’яўляюцца словы Св. Апостала Паўла да карынцянаў, якія маюць у сабе форму пытання: “Ці ж Хрыстос падзяліўся?” (пар. 1 Кар 1, 1-17). Няхай яны дапамагаюць нам падчас гэтага Тыдня Малітваў у нашых разважаннях і сумесных малітвах шукаць еднасці. Давайце вучыцца штодня будаваць еднасць з тымі, хто таксама, як і мы верыць у адзінага Збаўцу – Пана Езуса Хрыста.
Няхай Тыдзень малітваў аб еднасці вызнацаў Хрыста ў Гродзенскай катэдры і ў нашых парафіях будзе напоўнены сумесным клопатам аб тым, каб усе хрысціяне згодна са словамі архісвятарскай малітвы Пана Езуса - “праз Яго былі Адзінымі”.
На плённую малітву і клопат аб еднасці ў штодзённым жыцці ўсім з усяго сэрца благаслаўляю
Аляксандр Кашкевіч
Гродзенскі Біскуп
Прашу паважаных святароў прачытаць гэта паведамленне падчас парафіяльных аб’яў 19 студзеня ва ўсіх касцёлах г. Гродна і асабітса яшчэ заахвоціць вернікаў да ўдзелу ў вышэй узгаданым набажэнстве.