Пару дзён таму, Святы Айцец Францішак падчас Нядзельнай малітвы заклікаў да малітвы ў інтэнцыі супакою ва ўсім свеце, а асабліва ў Сірыі над якой навісла пагроза вайны. У сваю чаргу, Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі ў лучнасці з паўсюдным Касцёлам заклікае вернікаў Гродзеншчыны малітоўна падтрымаць заклік пантыфіка.
Камунікат у справе Дня Малітвы і Посту за супакой у свеце ў духоўнай еднасці са Святым Айцом Францішкам у Гродзенскай Дыяцэзіі 07.09.2013 г.
Паважаныя Святары, Асобы Кансэкраванага жыцця, Узлюбленыя Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі 1 верасня падчас малітвы Анёл Панскі на плошчы св. Пятра ў Рыме Святы Айцец скіраваў Зварот, каб у вігілію свята Нараджэння Маці Божай - 7 верасня, перажыць Дзень Посту і малітвы за супакой у Сірыі, Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. Наш Папа ў сваім звароце сказаў: «Гэты моцны і тэрміновы заклік скіроўваю да ўсяго Каталіцкага Касцёла, але пашыраю яго таксама на ўсіх хрысціян іншых канфесій, мужчын і жанчын кожнай рэлігіі, а таксама на тых братоў і сёстраў, якія няверуючыя: мір з'яўляецца дабром, якое пераадольвае ўсе бар’еры, таму што гэта дабро ўсяго чалавецтва. Паўтараю ўголас: не культура вайны, культура канфлікту будуюць суіснаванне ў народах і паміж народамі, але толькі культура сустрэч і дыялогу з'яўляецца адзіным шляхам, які вядзе да міру. Няхай крык да міру ўзносіцца высока, каб дасягнуў сэрцаў усіх людзей і каб усе склалі зброю і дазволілі, каб кіравала імі жаданне міру»..
Дарагія святары, Манаскія Сёстры, Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі праз малітву і пост далучымся ж дзейсна да рэалізацыі закліку нашага Папы. Давайце будзем салідарнымі з церпячамі і тымі, хто жыве ў страху вайны. Заклікаю ў касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі 7 верасня вечарам памаліцца падчас св. Імшы і прыняць св. Камунію ў інтэнцыі супакою, а таксама праз Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Марыі Панны ў лучнасці са Святым Айцом і ўсім Касцёлам маліцца на св. Ружанцы аб прымірэнні між народамі. Паводле ўласнай магчымасці, таксама прашу захаваць цялесны пост і скласці Богу свае магчымыя фізічныя ахвяры. Асаблівым чынам звяртаюся да хворых людей, каб ахвяравалі свае цярпенні за супакой у свеце і аддаленне пагрозы вайны.
Даверым справу жаданага супакою ў свеце заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі - Каралевы Супакою. Няхай нашая малітва і пост змякчаюць сэрцы тых, хто выцягвае руку за зброяй, і няхай натхняюць супрацлеглыя бакі да дыялогу і прабачэння.
Усім з усяго сэрца благаслаўляю,
Аляксандр Кашкевіч,
Гродзенскі Біскуп