Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча ў сувязі SEDE VACANTE і будучага KONKLAWE
Яго Эксцэленцыя кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч скіраваў да святароў Гродзенскай дыяцэзіі паведамленне, у якім між іншым заахвочвае да трывалай і шчырай малітвы супольна з Божым Народам за добры выбар Пастара ўсіх каталікоў свету, а таксама за кардыналаў, якія будуць ажыццяўляць згодна з Божай Воляй яго выбар.
Да Шаноўных Cвятароў і Законных Айцоў Гродзенскай дыяцэзіі.
Паведамляю шаноўным братам у святарстве аб тым, што падчас SEDE VACANTE і KONKLAWE (ад 28.02.2013 года ад 20.00 да моманту абвяшчэння новага пераемніка св. Пятра) у Эўхарыстычным Каноне св. Імшы не вымаўляецца імя Рымскага Папы, а таксама апускаецца заступніцкая малітва за Касцёл (пасля ўказанага тэкста ў II Эўхарыстычнай Малітве трэба чытаць: “Учыні, каб Твой народ узрастаў у адзінстве разам з нашым біскупам Аляксандрам і з усім духавенствам”.)
Вельмі заахвочваю, каб разам з вернікамі нашай дыяцэзіі маліцца ў інтэнцыі добрага і згоднага з Божай Воляй выбара пераемніка св. Апостала Пятра.
Падчас SEDE VACANTE, у адпаведнасці з літургічнымі правіламі, належыць супольна з вернікамі маліцца ў інтэнцыі KONKLAWE. Пры гэтым выкарыстоўваецца фармуляр св. Імшы аб “Выбранні Папы Рымскага”, а таксама любой малітвы за Калегіюм Кардыналаў.
Няхай наша трывалая малітва будзе выразам святарскай салідарнасці дзеля дабра Касцёла, за які мы разам нясем адказнасць.