У славу Бога, у Тройцы Адзінага, у клопаце пра духоўнае дабро вернікаў, кіруючыся наяўнымі патрэбамі дыяцэзіяльнага гродзенскага Касцёла, якія тычацца паглыблення веры і адказнасці народа Божага дыяцэзіі за Святы Касцёл, для акрэслення асноўнай душпастырскай дзейнасці ў парафіях і жыцця паводле Евангелля, таксама з мэтай уніфікацыі цэлебрацыі літургічных абрадаў і ўстанаўлення касцёльнага лакальнага права, з захаваннем нормаў Кодэкса Кананічнага Права і ўказанняў Святога Пасаду; гэтым дэкрэтам, пасля кансультацый са Святарскай радай (Кан. 461 § 1) склікаю І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі і прызначаю на яго ўрачыстае адкрыццё дзень 16 лістапада 2017 года – урачыстасць галоўнай Апякункі дыяцэзіі Маці Божай Міласэрнасці.
“Дыяцэзіяльны Сінод з’яўляецца сходам выбраных святароў і іншых вернікаў лакальнага Касцёла, якія для дабра ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці нясуць дапамогу дыяцэзіяльнаму біскупу” (Кан. 460 ККП).
Членамі Сінода ў адпаведнасці з палажэннямі Кодэкса Кананічнага Права (Кан. 463) і Інструкцыі Кангрэгацыі па справах Біскупаў ад 19 сакавіка 1997 года Аб дыяцэзіяльных сінодах будуць прызначаны прадстаўнікі духавенства, асобаў кансэкраванага жыцця і свецкіх католікаў-дыяцэзіян.
Асобнымі дэкрэтамі прызначаю Галоўную камісію, сінадальныя камісіі і Сакратарыят Сінода, задачай якіх будзе распрацоўка праектаў, прызначаных для статута Сінода, і прадстаўленне іх на пленарных сесіях Сінода.
У сінадальнай пілігрымцы мы будзем кіравацца вучэннем ІІ Ватыканскага Сабору і сучасным навучаннем Рымскіх Папаў і Каталіцкага Касцёла.
Усіх дыяцэзіян прашу аддана маліцца да Святога Духа і аб Яго дарах для справы І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Я заклікаю ўсіх душпастыраў і вернікаў да актыўнага ўключэння ў працу гэтага Сінода праз удзел у дэканальных сінадальных групах.
Усіх арганізатараў, удзельнікаў Сінода і яго працу даручаю апецы Маці Божай Міласэрнасці і заступніцтву святых Казіміра і Максімільяна Марыі Кольбэ, заступнікаў дыяцэзіі.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Кс. Антоні Грэмза
Генеральны сакратар Сінода і віцэ-канцлер Курыі
Гродна, 31 кастрычніка, напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых; №430/17