Парафіі
Вярэйкі
Імя НПМ
Пробашч
кс. ліц. Валерый ЛісоўскіСв. Імша
у нядзелі і святы ў 11.00, 15.00, 19.00 (летам)/ 10.00 (зімой)Адпуст
12 верасняАдрас
в. Вярэйкі, вул. Гродзенская, 13, Ваўкавыскі р-нТэлефон
(8 01512) 2-49-04-
-
Звестак аб існаванні тут каталіцкіх святынь да ХIХ ст., калі Вярэйкі сталі ўласнасцю роду Біспінгаў, у архіўных крыніцах пакуль не знойдзена. У чэрвені 1826 г. мясцовыя вернікі рымска-каталіцкага веравызнання атрымалі дазвол на заснаванне ўласнай святыні. Закладзенаму касцёлу надалі статус філіяльнага ад рэплеўскай парафіі. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны – аднавежавая безапсідная з трансептам цагляная і атынкаваная святыня ў класіцыстычным стылі – быў збудаваны ў 1848 г. на ўзвышшы ў цэнтры вёскі на сродкі Аляксандры з Біспінгаў Светчынавай (хутчэй за ўсё, яна, як фундатарка, пасля смерці была пахавана каля касцёла, а калі касцёл быў адабраны пад царкву, надмагілле панны Аляксандры было знішчана, а астанкі перапахаваны ў родавым склепе Біспінгаў пры касцёле ў Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага дэканата. Па іншых звестках, пасля смерці яе адразу маглі пахаваць у Вялікіх Эйсмантах. Так ці інакш, цяпер пліта з яе надмагілля знаходзіцца перад касцёлам у Вялікіх Эйсмантах на надмагіллі Біспінгаў).
Цяпер касцёл бязвежавы і безапсідны, прамавугольны ў плане. Галоўны фасад пазначаны шасцікалонным порцікам, у конхавых нішах усталяваны каменныя фігуры святых Пятра (злева) і прарока Маісея. Над уваходным праёмам спачатку знаходзілася закладная пліта, дзе, верагодна, былі адзначаны даты пабудовы і імёны фундатараў святыні, але яна, на жаль, знішчана, а яе месца затынкавана. Пасярэдзіне бакавых фасадаў змешчаны трохвугольныя франтоны. Касцёл накрыты двухсхільным бляшаным дахам. Інтэр’ер залавы, перакрыты плоскай падшыўной атынкаванай столлю. Унутры тры мураваныя алтары. Галоўны алтар старажытны, у стылі класіцызм, дзве пары пілястраў нясуць трохвугольны франтон з Усёвідушчым Вокам, у цэнтры змешчаны абраз Уваскрасення Пана Езуса. Бакавыя алтары створаны ўжо ў наш час, пасля адраджэння касцёла: у левым змешчаны абраз Маці Божай Вастрабрамскай, у правым – тытульны абраз св. Станіслава (парафіяне лічаць, што тытул касцёла падвойны – яшчэ св. Станіслава, біскупа і мучаніка). Пад касцёлам знаходзіцца крыпта-пахавальня (замураваная ў 1990-я гг.). На пілястрах прэсбітэрыя змешчаны гіпсавыя выявы святых апосталаў Якуба і Паўла (незвычайнае суседства звязана, магчыма, з тым, што выявы астатніх Апосталаў знаходзіліся на пілястрах малітоўнай залы). Над уваходам зроблены балкон арганных хораў, які абапіраецца на ўнутраны тамбур. Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з брамай у выглядзе атынкаваных цагляных слупкоў. Справа ад касцёла быў узведзены працяглы драўляны аднапавярховы будынак плябаніі.
У 1865 г., 19 чэрвеня, разам з іншымі шматлікімі каталіцкімі святынямі на хвалі рэпрэсій пасля паражэння паўстання Кастуся Каліноўскага касцёл у Вярэйках быў зачынены (паведамленне вернікі атрымалі яшчэ 15 студзеня) і 3 лістапада 1866 г. перададзены ў праваслаўнае ведамства. У хуткім часе былая каталіцкая святыня была цалкам перабудавана ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Быў зменены дэкор над праёмамі, а таксама завяршэнне вежы-званіцы, над сяродкрыжжам з’явілася цыбулепадобная глаўка.
У 1921 г. святыню нарэшце вярнулі каталіцкай супольнасці. У выніку рэканструкцыі былі разабраны вежа-званіца і крухта, на іх месцы ўзвялі шасцікалонны порцік. Новую вежу-званіцу (трох’ярусную чацверыковую шатровую) пабудавалі ў стылі неакласіцызм справа перад касцёлам. Касцёл быў ізноў асвечаны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны.
Колькасць вернікаў вярэйкаўскай парафіі перад Другой сусветнай вайной была больш за 2000 чалавек, да парафіі належала драўляная капліца на парафіяльных могілках, якая была пабудавана на мяжы 1920-30-х гг. Могілкавая капліца прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, накрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Уваход пазначаны невялікай крухтай, галоўны фасад завершаны чацверыковай вежачкай.
У жніўні 1952 г., па загадзе старшыні райвыканкама, касцёл быў зноў зачынены, будынак святыні перададзены мясцоваму саўгасу пад зернесховішча. Вернікам нічога не заставалася, як толькі абсталяваць капліцу на парафіяльных могілках. У 1959 г. савецкія ўлады знялі парафію з рэгістрацыі. Але ў 1990 г. будынак былой святыні вярнулі католікам і адразу ж пачалася рэстаўрацыя касцёла. Сёння святыня зноў дзейнічае, ёй нададзены статус помніка архітэктуры.
-