Парафіі
Вялікая Рагозніца
НПМ Каралевы Польшчы
Пробашч
кс. Томаш СтанжэцкіСв. Імша
у нядзелю і святы ў 10.00; у звычайныя дні ў 18.30 (зімой)/19.30 (летам)Адпуст
3 маяАдрас
в. Рагозніца, вул. Цэнтральная, 1a, Мастоўскі р-нТэлефон
(8 01515) 2-01-49-
-
Самастойная парафія ў Вялікай Рагозніцы была заснавана ў 1922 г. Мураваны касцёл пабудавалі ў 1926 г. (аб чым сведчыць дата на камені над уваходам) на сродкі тагачаснага ўладальніка вёскі пана Оскара Мейштовіча і яго жонкі Флоры з Кеншыцкіх. У 1929 г. святыню пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Польшчы кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала 4500 чалавек, і такім чынам гэта была самая вялікая парафія Мастоўшчыны. Старыя жыхары ўспамінаюць цагляную капліцу, што некалі стаяла ў лесе на поўнач ад мясцовай сядзібы (мураваны комплекс у стылі класіцызму захаваўся), але сёння ад яе амаль няма следу. Па словах жыхароў, капліца была амаль зруйнавана яшчэ да вайны.У савецкі час касцёл не руйнавалі і не зачынялі, але і сталага пробашча ў парафіі не было. Афіцыйна нават была анулявана рэгістрацыя парафіі. Касцёл у 1970-х гг. не быў залічаны да помнікаў архітэктуры, хоць падобных святынь у Беларусі зусім няшмат.Касцёл пабудаваны з бутавага каменю ў стылі міжваеннага канструктывізму. Святыня прамавугольная ў плане з такой жа апсідай, арыентаванай на ўсход. З паўднёвага боку да апсіды дабудавана адзіная сакрыстыя. Справа ад галоўнага фасада прыбудавана магутная чацверыковая вежа-званіца пад высокім шатровым купалам.Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю з паркетных шчытоў, упрыгожваюць 3 драўляныя алтары, зробленыя ў 1998 г. у стылі неабарока. У галоўным алтары знаходзіцца абраз Маці Божай Чанстахоўскай у акружэнні фігур св. Войцеха (злева) і св. Казіміра (па-за алтаром на сцяне змешчаны вялікі абраз Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі міжваеннага часу са старога алтара). Левы бакавы алтар – алтар св. Францішка з Асізі, правы – Божай Міласэрнасці. Над нартэксам змешчаны арганныя хоры з усталяваным там неабарочным арганам.Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай на цагляных і атынкаваных пабеленых слупах у стылі канструктывізму. У выглядзе чатырох слупоў вырашана таксама і ўваходная брама.
NO 360 viev else