Парафіі
Воранава
Свсв. апап. Сымона і Юды Тадэвуша
Пробашч
а. Андрэй Вітэк SACСв. Імша
у нядзелю і святы ў 10.30, 15.00, 17.00; у звычайныя дні ў 7.30, 19.00Адпуст
28 кастрычнікаАдрас
г.п. Воранава, вул. Юбілейная, 47А, Воранаўскі р-нТэлефон
(8 01594) 2-08-18-
-
Паселішча ўпершыню ўзгадваецца ў XVI ст. пад назвай Балотна, Блотна – ад мясцовай рэчкі Балатнянка, якая сёння ўжо ператварылася ў ручай. На пачатку XVII ст. гэта ўжо мястэчка, таксама ўзгадваецца як Верэнова, Воранаў. Належала Гаштольдам, Масевічам, Зарэцкім, Сцыпіёнам. Касцёл быў заснаваны тут у першай палове XVI ст. па фундацыі магната Гаштольда, тагачаснага ўладальніка Блотны.
Новы драўляны касцёл на цэнтральнай плошчы мястэчка быў пабудаваны ў 1705 г. на сродкі мсціслаўскага ваяводы Аляксандра Яна Масевіча, святыня была асвечана пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. У XVIІІ ст., калі Воранава было ва ўладанні роду Сцыпіёнаў, мястэчка атрымала статус цэнтра староства. У 1735 г. кашталян смаленскі і ўладальнік Воранава Ян Сцыпіён дэль Кампа (+1738, ён жа фундатар дамініканскага кляштара ў Канюхах Ваўкавыскага дэканата) і ягоны сын Юзаф, староста лідскі, адкрылі тут школу і калегіюм ордэна піяраў. Па фундацыі воранаўскаму кляштару ў маёмасць перадаваўся маёнтак Лапацызна з вёскай Вільканцы і ахвяравалася 50000 злотых. Аднак праз 20 гадоў, у 1756 г., па распараджэнні адукацыйнай камісіі піяры былі пераведзены ў Ліду.
Драўляны парафіяльны касцёл, той, што пабудаваў яшчэ Масевіч, дзейнічаў у Воранаве да Другой сусветнай вайны. Гэта быў трохнававы прамавугольны ў плане безвежавы храм з трохвугольным франтонам над галоўным фасадам, які фланкавалі дзве гранёныя вежачкі. Злева ад касцёла асобна стаяла двух’ярусная таксама драўляная шатровая званіца. Касцёльны комплекс быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай цаглянай і атынкаванай уваходнай брамай. Іншых святынь на той час у воранаўскай парафіі не было. Колькасць парафіян дасягала амаль 4000.
У 1940 г. Воранава атрымала статус цэнтра аднайменнага раёна Гродзенскай вобласці. У 1967 г. старажытны касцёл быў знішчаны, сёння на гэтым месцы знаходзіцца будынак клуба. Адраджэнне парафіі пачалося толькі ў канцы 1980-х гг.
Восенню 1990 г. распачалося будаўніцтва новага велічнага дзвюхвежавага касцёла з сілікатнай цэглы. У 1994 г. у святыні прайшло першае набажэнства, аднак будаўніцтва працягвалася і далей.
19 мая 2002 г. касцёл пад тытулам Божай Міласэрнасці ўрачыста кансэкраваў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гістарычны тытул святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша захавала воранаўская парафія.
Касцёл пабудаваны за парафіяльнымі могілкамі ў эклектычным стылі, прамавугольны ў плане з такой жа апсідай, галоўны фасад фланкаваны дзвюма чацверыковымі шатровымі вежамі. Інтэр’ер, падзелены чатырма парамі апор на тры навы, перакрыты плос-кай падшыўной дашчанай столлю на бетонных бэльках. Перагародка ў выгля-дзе дасабаровага алтара выдзяляе за прэзбітэрыем сакрыстыю. У святыні тры алтары: галоўны – Божай Міласэрнасці, левы бакавы – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, правы – Маці Божай Фацімскай, над уваходам зроблены хоры. Сёння да воранаўскай парафіі адносіцца новая капліца ў Паляцкішках. З 1993 г. у парафіі працуюць сёстры палацінкі, з 1999 г. у комплекс касцёла ўвахо-дзіць іх манаскі дом (аднапавярховы з мансардай) з капліцай св. Міхала Арханёла. Дзейнічае ў парафіі і “Карытас”, які месціцца ў плябаніі, дзе таксама ёсць капліца. Парафіяй апекуюцца ксяндзы палаціны.
NO 360 viev else