Парафіі
Вішнева
св. Юды Тадэвуша
Пробашч
кс. Антоні КазлоўскіСв. Імша
у нядзелі і святы ў 10.00, 12.00; ва ўрачыстасці ў 12.00, 18.00; у звычайныя дні ў 18.00 (летам), 10.00 (зімой)Адпуст
28 кастрычнікаАдрас
в. Вішнева, вул. Цэнтральная, 61, Смаргонсік р-нТэлефон
(8 01592) 9-07-80-
-
Гісторыя мясцовай каталіцкай парафіі на беразе аднайменнага возера пачалася яшчэ ў XVIII ст., калі тут дзейнічаў драўляны касцёл Свірскага дэканата і місія езуітаў пры ім. Айцы Таварыства Езуса заснавалі ў мястэчку і г. зв. “факультэцкую школу”. У 1773 г., калі ордэн езуітаў быў скасаваны, школа перайшла пад юрысдыкцыю Камісіі народнай адукацыі. Па іншых звестках, капліца пры двары Сулістроўскіх існавала з 1789 г. З 1803 г. на святыню быў выдадзены індулт, а 4 жніўня 1809 г. Брыгіда Сулістроўская, народжаная Лапацінская, падпісала зямельны фундуш на новы мураваны касцёл. Дзеючы і сёння мураваны касцёл у стылі класіцызму пад тытулам св. апостала Юды Тадэвуша быў закладзены тут у 1811 г. Будоўля, якая вялася таксама на сродкі Брыгіты Сулістроўскай, скончылася ў 1820 г., і 12 верасня святыню кансэкраваў біскуп Тадэвуш Кундзіч, суфраган троцкі. Касцёл – прамавугольны ў плане, безапсідны зальны храм пад двухсхільным дахам, галоўны фасад якога вырашаны чатырохкалонным дарычным порцікам. У інтэр’еры, перакрытым драўляным каробчатым скляпеннем, дзве сакрыстыі вылучаюць прэзбітэрый. Хоры над уваходам падтрымліваюць 4 калоны. Пад касцёлам знаходзіцца крыпта-пахавальня Сулістроўскіх, фундатараў святыні. Асобна ад касцёла стаіць двух’ярусная вежа-званіца пад чатырохсхільным дахам.
У 1866 г. на хвалі рэпрэсій пасля паўстання К. Каліноўскага касцёл быў зачынены і перададзены ў праваслаўнае ведамства. Пры перабудове пад царкву ў тым жа годзе над алтаром з’явілася вежа, квадратная ў сячэнні, пад шатровым перакрыццем з галоўкай. Пробашч кс. Жук быў сасланы ў Кастраму, дзе і памёр. Адразу пасля маніфесту 1905 г. вішнеўскія парафіяне пачалі аднаўляць былую парафію. Тагачасны ўладальнік Вішнева пан Карловіч ахвяраваў зямельны пляц пад касцёл і плябанію ў 100 сажэнях ад былога касцёла, за каталіцкімі могілкамі.
У 1910 г. намаганнямі Ірэны Карловіч, народжанай Сулістроўскай, вішнеўская парафія бала адроджана, а праз год, 15 мая, быў закладзены фундамент пад новы драўляны касцёл. У хуткім часе пад кіраўніцтвам кс. Антонія Гедгоўда на сродкі парафіян быў пабудаваны дзвюхвежавы, крыжападобны ў плане касцёл. 29 чэрвеня 1912 г. новазбудаваную святыню пад гістарычным тытулам св. Тадэвуша асвяціў кс. Ян Ганусовіч, віленскі прэлат. Але ў 1916 г. германскія войскі разабралі святыню на абарончыя пабудовы.
Пашкоджаны ў час Першай сусветнай вайны быў і стары храм, які на той час дзейнічаў як царква. Нарэшце, у 1919 г. святыня была вернута католікам. Пасля рэканструкцыі, у 1935 г., касцёл асвяціў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Да вішнеўскай парафіі, лічба вернікаў якой у тыя гады складала больш за 3300 чалавек, былі прыпісаны капліцы ў Выгалянентах і Дубаве. А на месцы драўлянага касцёла, за могілкамі, намаганнямі кс. Юзафа Хамінскага быў пабудаваны драўляны дом Сясцёр Беззаганага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Сёстры непакалянкі працавалі (у 1934-1947 гг.) ў мясцовых школах, дапамагалі ксяндзам у душпастарскай працы, настаяцельніцай у іх была суперыярыса Веньяміна Кучмаеўская, потым с. Марыя-Тэрэзіта. Пасля а. Юзафа пробашчам у Вішневе стаў кс. Тадэвуш Вайнаранскі, падчас Другой сусветнай вайны яго расстралялі партызаны. З прыходам савецкай улады, у 1947 г., кляштар непакалянак быў зачынены, а будынак у хуткім часе згарэў. Такім чынам, менавіта вішнеўскія непакалянкі апошнімі пакінулі Беларусь.
Касцёл св. Тадэвуша дзейнічае і сёння. У склад парафіі, як і раней, уваходзіць капліца ў Выгалянентах. Сёння ў касцёле 3 алтары, усе зроблены ў адзінай тэктоніцы ў класіцыстычным стылі. У галоўным алтары змешчана разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні падвоеных калон дарычнага ордэру. Бакавы левы дзвюхкалонны алтар прысвечаны Маці Божай Люрдскай, правы – св. Яну Хрысціцелю. З 1970-х гг. касцёл мае статус помніка архітэктуры.
NO 360 viev else