Парафіі
Ваверка
Перамянення Пана
Пробашч
кс. Андрэй Роўба CRLСв. Імша
у нядзелю і святы ў 10.15, 12.00; у звычайныя дні ў 10.00 (зімой)/18.00 (летам)Адпуст
6 жніўняАдрас
с. Ваверка, вул. Лідская, 18, Лідскі р-нТэлефон
(8 0154) 54-33-77-
-
Адна з найстарэйшых парафій Лідскага дэканата. Увогуле, шэраг даследчыкаў звязвае гісторыю вёскі з летапісным горадам Вевярэскам. Касцёл быў заснаваны тут у 1413 г. па фундацыі Міхала Галгіновіча і першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы (гэта першае гістарычнае ўзгадванне вёскі ў пісьмовых крыніцах). У 1500 г. тут вядомыя ўжо дзве парафіі – у Вялікай (Старой) і Малой Вавёрках. Пасля Галгіновічаў вёскай уладарыў Мікалай Юндзіловіч, з 1522 г. – Косцевічы, потым Галеўскія. У 1570 г. Вавёрка атрымала статус мястэчка Лідскага павета. У сярэдзіне XVІ ст. пры касцёле ў Вялікай Вавёрцы дзейнічалі тры альтарыі. Пры гэтым парафія ў Вялікай Вавёрцы лічылася адной з самых багатых у Віленскай дыяцэзіі, а парафія ў Малой – “убогай”. У 1568 г. парафія была пераведзена ў кальвінізм, але з 1648 г., дзякуючы езуітам, якія заснавалі тут сваю місію, зноў стала каталіцкай. Адроджаная святыня была пераасвечана пад тытулам св. Фрашцішкі. З гэтага часу ў гістарычных дакументах знікаюць звесткі аб парафіі ў Малой Вавёрцы. І мястэчка, і касцёл былі знішчаны падчас вайны 1654 – 1667 гг. з Масковіяй.
Магчыма, святыня была адроджана ў 1659 г., паколькі ў нартэксе сучаснага касцёла захавалася старая капельніца з надпісам “Самуэль Кастравіцкі. 1659”. Першы каменны касцёл на месцы струхнелага драўлянагa быў пабудаваны ў 1840 – 1844 гг. на сродкі мясцовага землеўладальніка Самуэля Кастравіцкага (1788 – 1859 гг.) і таксама быў асвечаны ў гонар св. Францішкі Рымлянкі. Гэта быў аскетычны ў дэкоры, без асаблівых стылевых рысаў храм пад высокім гонтавым дахам без вежы (магчыма, вежа планавалася, але не была збудавана).
Да пачатку ХІХ ст. вавёрская парафія ўваходзіла ў склад Лідскага дэканата, пасля – у Радунскі дэканат, а ў часы польскай улады – у Васілішскі. Сёння зноў знаходзіцца ў Лідскім дэканаце. Да парафіі з XVIII ст. прыпісвалася капліца ў Дылеве, да 1864 г. – капліцы ў Лебедзе, Місевічах, Паперні і Радзівонішках. Да ўтварэння самастойнай парафіі ў Пелясе ў 1917 г., да вавёрскай парафіі далучалася яшчэ капліца ў гэтай мясцовасці, а таксама капліца ў Станкевічах. Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян складала амаль 9000 асоб. Вавёрская парафія прымала актыўны ўдзел у паўстанні 1863 г. Пробашч касцёла кс. Раймунд Зямацкі па загадзе М. Мураўёва “за прачытанне маніфесту паўстанцаў” быў расстраляны на Лукішках у Вільні 5 чэрвеня (24 мая па старым стылі) 1863 г. Але каталіцкая вера ў гэтых краях была такой моцнай, што зачыніць касцёл уладам не ўдалося.
Велічны касцёл у стылі неабарока, які дзейнічае і сёння, у 1928 г. увабраў у сябе аб’ём папярэдняй святыні, якая цяпер стала правай бакавой навай. Значная рэканструкцыя адбылася намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Францішка Песцюка. Пры гэтым касцёл атрымаў новы тытул – Перамянення Пана. Урачыстае асвячэнне святыні правёў 13 лістапада 1928 г. лідскі дэкан кс. Іпаліт Баярунец. Але будаўніцтва святыні працягвалася. У 1929 г. былі пабудаваны арганныя хоры, у 1932 г. скончаны вежы і драўляная столь (паводле праекта інжынера Бароўскага). Арган на 15 галасоў на хорах усталявалі ў 1936 г.
Святыня ўяўляе сабой дзвюхвежавую трохнававую базіліку з прамавугольнай у плане апсідай, якую фланкуюць дзве невялікія сакрыстыі, і трансептам, крылы якога ўтвараюць пяцігранныя ў плане капліцы. Галоўны фасад, завершаны маленькім неабарокавым франтонам, фланкаваны дзвюма пяціяруснымі (апошні ярус пяцігранны, ніжэйшыя – чацверыковыя) вежамі-званіцамі, увенчанымі фігурнымі неабарокавымі купаламі з глаўкамі. Фігурны неабарокавы франтон завяршае і сцяну цэнтральнай навы.
Інтэр’ер, перакрыты плос-кай падшыўной бэлечнай столлю, упрыгожваюць тры драўляныя разьбяныя алтары і адзін каменны – алтар былога касцёла ў правай наве. Ён створаны ў стылі неабарока на аснове эклектычнага ордэра, двух’ярусны. У першым ярусе змешчана разное Укрыжаванне ў атачэнні шматлікіх вотаў, у другім – абраз св. Яна Непамука. Галоўны алтар, скончаны ў жніўні 2004 г., вырашаны як трыфорыум з вітымі калонамі. У яго цэнтры змешчаны абраз Перамянення Пана (копія знакамітай стацыі Рафаэля), па баках усталяваны бетонныя фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. У крылах трансепта змешчаны бакавыя алтары: злева – Маці Божай Вавёрскай (алтар яшчэ не аформлены; магчыма, на яго месцы 9 сакавіка 2007 г. асвечаны новы алтар у гонар св. Францішкі Рымлянкі), справа – двух’ярусны алтар св. Антонія. Крыпты пад касцёлам няма. Над нартэксам зроблены арганныя хоры. Вернікі абаранілі сваю святыню ў бязбожныя дзесяцігоддзі савецкай улады, збіраліся ў святыні нават калі парафія была без сталага пробашча. Пасля рэстаўрацыі адроджаная святыня зноў упрыгожвае Вавёрку. У 1998–2000 гг. пабудаваны новы мураваны будынак плябаніі і парафіяльнага цэнтра.
NO 360 viev else