Парафіі
Ваўкавыск
Св. Вацлава
Пробашч
кс. Марэк ЗанеўскіСв. Імша
у нядзелю і святы ў 8.00, 10.00, 11.15, 13.00, 16.30, 19.00; у звычайныя дні ў 8.00, 19.00Адпуст
28 верасняАдрас
г. Ваўкавыск, вул. К. Маркса, 25, Ваўкавыскі р-нТэлефон
(8 01512) 5-23-20-
-
Касцёл у Ваўкавыску быў заснаваны ў 1400-я гг. вялікім князем ВКЛ Вітаўтам, які зафундаваў на ўтрыманне парафіі в. Ясенавіца. Першапачаткова касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Мікалая. Драўляны будынак святыні палілі крыжакі (1409 г., 1413 г.), татары (1504 г.), але касцёл ізноў адбудоўваўся дзякуючы каралеўскім, магнацкім і шляхецкім ахвяраванням. Фундуш Вітаўта быў памножаны каралямі Казімірам і Аляксандрам Ягелонамі. У 1511 г. кароль Жыгімонт I пацвердзіў фундуш і надаў касцёлу статус фары, ён жа ў 1516 г. вызваліў ад падаткаў карчму, што належала касцёлу. У 1523 г. віленскі канонік кс. Вацлаў Чырка запісаў на ваўкавыскую фару свой спадчынны маёнтак Купалішчы і карчму ў Ваўкавыску.
У XVII ст. інтэр’ер драўлянай фары ўпрыгожвалі тры алтары. Галоўны алтар (у 1633 г. узгадваецца як новы) быў трох’ярусны, у цэнтры змяшчалася Укрыжаванне, а наверсе абразы Уваскрасення Езуса і Каранацыі Маці Божай. Бакавыя алтары былі двух’ярусныя: у левым знаходзіліся абразы Звеставання НПМ і Перамянення Пана, у правым – Унебаўзяцця НПМ і Найсвяцейшай Тройцы. Пазней месца ў галоўным алтары займаў цудадзейны абраз Маці Божай з Дзіцяткам, упрыгожаны срэбнымі каронамі, залатым сэрцам на грудзях Маці Божай і адзначаны 41 вотай. Хоры змяшчаліся на правай сцяне касцёла. У званіцы было тры званы.
З 1668 г. пры ваўкавыскай фары як ужо дзеючы згадваецца шпіталь-прытулак, які парафія ўтрымлівала на ахвяраванні вернікаў. Шпіталь спыніў дзейнасць у першай палове ХIХ ст. (апошняе ўзгадванне датуецца 1801 г.). Пры фары дзейнічала таксама парафіяльная школа (першае ўзгадванне – 1633 г., апошняе – 1823 г.).
Новы драўляны касцёл пачалі ўзводзіць у 1712 г. па ініцыятыве ружанскага дэкана кс. Яна Янкоўскага. Гэта была дзвюхвежавая святыня крытая гонтай з сігнатуркай над алтарнай часткай даху, над уваходам на галоўным фасадзе быў змешчаны балкон для капэлы. Усе тры алтары былі трох’ярусныя. Галоўны алтар з абразамі Укрыжавання, Уваскрасення і Сыходжання Святога Духа быў перанесены са старога касцёла; цудатворны абраз Маці Божай быў змешчаны ў правым бакавым алтары разам з абразамі св. Марціна і св. Міхала Арханёла; у левым бакавым алтары знаходзіліся абразы Хросту Пана, св. Вілема і св. Барбары. У 1739 г. касцёл згарэў. Праз тры гады, у 1742 г., намаганнямі кс. Тэадора Квашыньскага (ён жа 9 верасня 1745 г. зафундаваў альтарыю) была збудавана апошняя драўляная фара ў Ваўкавыску.
У 1757 г. віленскі суфраган бп Антоній Жаўкоўскі асвяціў святыню пад гістарычным тытулам св. Мікалая. Галоўны фасад святыні ўпрыгожвалі дзве вежы, дах быў крыты гонтай. Цудатворны абраз Маці Божай ацалеў у пажары і зноў быў змешчаны ў галоўным двух’ярусным алтары, наверсе якога знаходзіўся тытульны абраз св. Мікалая. Бакавыя алтары сталі таксама двух’яруснымі: у левым былі абразы св. Юды Тадэвуша і св. Казіміра, у правым – св. Антонія і св. Юзафа. У 1760-я гг. на цудатворны абраз Маці Божай ваўкавыскі плябан кс. Адам Калантай, пралат-кантар віленскай катэдры, зафундаваў шыкоўную срэбную шату з каронамі. Астатнія абразы таксама мелі срэбныя аплікацыі. Бэльку над прэзбітэрыем завяршала велічнае разьбянае Укрыжаванне. На хорах стаяў васьмігалосны пазітыў. Касцёльны ўчастак быў абнесены парканам, у куце якога стаяла драўляная двух’ярусная званіца з трыма званамі. У часы кампаніі 1812 г. касцёл быў нязначна пашкоджаны і ў хуткім часе адрамантаваны.
Ноччу з 3 на 4 кастрычніка 1827 г. касцёл згарэў дашчэнту. На яго месцы за два месяцы парафіяне пабудавалі драўляны барак з саламяным дахам, які 6 снежня асвяцілі ўсё яшчэ пад тытулам св. Мікалая. Унутры ўсталявалі два часовыя алтары. Цудатворны абраз Маці Божай ізноў атрымалася выратаваць з агню, ён заняў месца ў бакавым алтары, галоўны алтар быў прысвечаны Пану Езусу. У 1832 г. сюды перавезлі частку рэчаў з зачыненага францішканскага касцёла ў Лапеніцы: амбон, фератрон, цудатворны абраз св. Антонія і інш.
Ужо праз год пасля пажару кс. Ян Лэнтоўскі, тагачасны пробашч, разглядаў першыя праекты новай, ужо каменнай, ваўкавыскай фары. Да рэалізацыі быў прыняты адзін з праектаў архітэктара Аляксандра Грудэцкага, паводле якога на сродкі сямей Біспінгаў, Сягеняў, Сліжняў, Ельскіх і інш., а таксама на ахвяраванні шматлікіх парафіян была змуравана трохнававая святыня ў стылі позняга класіцызму. Пры гэтым касцёл узвялі не на ранейшым месцы, а насупраць, па другім баку Ізабелінскага тракту (потым вул. Касцёльная, цяпер – Суворава), там, дзе раней стаяла карчма. Будаўніцтва распачалося ў 1841 г., улетку 1845 г. скончылі ўзвядзенне сцен, а ў лістападзе 1846 г. аб’ём быў накрыты дахам (спачатку гонтавым, а з 1858 г. – бляшаным) з вежачкай. Новы будынак фары быў кансэкраваны 13 жніўня 1850 г. віленскім б-пам Вацлавам Жылінскім пад новым тытулам св. Вацлава, у гонар св. заступніка біскупа.
Касцёл св. Вацлава ў той час уяўляў сабою безапсідную трохнававую прамавугольную ў плане святыню з дзвюма ўнутранымі двухпавярховымі сакрыстыямі. Чацверыковыя вежы галоўнага фасада былі збудаваны толькі на адзін ярус і завершаны атыкам. Шчыт галоўнага фасада завершыла фігура Маці Божай Беззаганай, якую прывёз з Гродна архітэктар Грудэцкі. Ён жа дэмантаваў у 1845 г. пяць старажытных алтароў у зачыненым слонімскім касцёле канонікаў рэгулярных, якія і былі ўсталяваны ў новай ваўкавыскай фары.
Галоўны алтар шасцікалоннай структуры з васьмю скульптурамі Апосталаў і Евангелістаў у цэнтры змяшчаў абраз Укрыжавання (у 1891–1912 гг. тут знаходзіўся абраз Маці Божай з Міжэрычаў, калі там быў зачынены касцёл, пасля – тэракотавая П’ета, прывезеная з Францыі). Цудатворны абраз Маці Божай ізноў быў змешчаны ў бакавым алтары ў акружэнні разьбяных фігур св. Клары, пэўнай святой кармеліткі і двух святых біскупаў дамініканцаў. Другі бакавы алтар быў прысвечаны Пану Езусу: абраз “Езус у Аліўным садзе” пэндзля Доры Янушкевіч акружалі фігуры святых біскупаў Войцеха і Станіслава, а таксама святых кармелітак. Яшчэ адзін сціплы алтар змяшчаў абраз св. Антонія. У 1874–1875 гг. касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай, галоўны ўваход быў пазначаны трох’яруснай вежай-званіцай у стылі класіцызму – чацверыковай, цаглянай і атынкаванай пад чатырохсхільным дахам з глаўкай.
На мяжы ХIХ–ХХ стст., калі пробашчам быў кс. Ігнацый Грыганевіч (1891–1912 гг.), у фары адбыліся некаторыя змены: алтары пабялілі алейнай фарбай, фрагментарна пазалацілі і пасрэбрылі, набылі новыя лаўкі, часовую пабеленую столь замянілі кесонавай, падлогу выклалі тэракотавай пліткай, папярэдні арган аддалі ў касцёл у в. Пескі (цяпер Мастоўскі дэканат), а на яго месцы ўсталявалі новы дванаццацігалосны арган, замянілі пакрыццё даху.
7 лютага 1929 г. фара была пашкоджана жудасным пажарам: усё, што было драўляным, цалкам згарэла, усе карынфскія калоны інтэр’ера пападалі, сцены былі значна апалены, змаглі ўратаваць толькі абсталяванне сакрыстыі і парафіяльны архіў. Напрыканцы красавіка прыбыў прафесар архітэктуры Оскар Сасноўскі, ён выканаў праект адбудовы святыні, які 29 ліпеня зацвердзіла віленская курыя, а 31 кастрычніка і ваяводскія ўлады. Паводле праекта былі дабудаваны вежы-званіцы ў стылі неакласіцызму, прамавугольная апсіда з лесвіцамі на калятарскія ложы над сакрыстыямі, інтэр’ер быў падзелены на навы трыма парамі тасканскіх калон. Пакуль ішло будаўніцтва, вернікі збіраліся на Імшу ў зале парафіяльнага дома ці перад вулічнай капліцай, якую стварылі з брамы-званіцы. 26 кастрычніка 1930 г. быў кансэкраваны галоўны алтар касцёла, а ў 1931 г. віленскі абп Рамуальд Ялбжыкоўскі ўрачыста кансэкраваў і саму фару пад гістарычным тытулам св. Вацлава.
На суседніх з касцёлам старажытных парафіяльных могілках (заснаваныя на пачатку ХIХ ст.) вядома капліца, пабудаваная ў сярэдзіне ХIХ ст. паводле праекта 1848 г. архітэктара Грудэцкага па фундацыі Юзафа Андрушкавіча. Гэта невялікая неагатычная васьмігранная ратонда пад каркаснай шатровай вежачкай. Па-за могілкамі, перад чыгункай, асобным мемарыялам ушанавана памяць салдат польскага войска, загінуўшых у вайну 1919–1920 гг. і II Сусветную вайну. Таксама з ХIХ ст. да фарнай парафіі належыць капліца ў Вайткевічах. Колькасць парафіян перад II Сусветнай вайной дасягала 7600 вернікаў. Сучасны касцёл св. Вацлава ўяўляе сабой дзвюхвежавую трохнававую святыню, прамавугольную ў плане з прамавугольнай невялікай апсідай, якую фланкуюць уваходы-тамбуры ў двухпавярховыя сакрыстыі.
Інтэр’ер падзелены на тры навы трыма парамі круглых магутных тасканскіх калон, перакрыты плоскай столлю (цэнтральная нава – кесонавай, бакавыя – трошкі ніжэйшай атынкаванай), апсіда ўвенчана цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі над бакавымі круглымі вокнамі. У касцёле знаходзяцца тры мураваныя неакласіцыстычныя алтары, усталяваныя ў 1930–1931 гг.
Галоўны алтар створаны ў выглядзе трыумфальнай аркі. У цэнтры размешчаны абраз “Святыя Вацлаў і Казімір адаруюць Сэрца Пана Езуса” пэндзля віленскага мастака Людаміра Сляндзіньскага, паміж спаранымі іанічнымі калонамі – фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла. Бакавыя алтары двух’ярусныя і дзвюхкалонныя, па сваім стылі падобныя на галоўны алтар: у левым алтары над абразом Унебаўзяцця НПМ змешчаны абраз св. Юзафа з Дзіцяткам, у правым – “Адарацыя Дзіцятка Езус святымі Антоніем і Францішкам” з абразом св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус наверсе. Над нартэксам знаходзіцца балкон арганных хораў на ўсю даўжыню цэнтральнай навы. Галоўны ўваход бутавай агароджы комплекса фары пазначаны цаглянай і атынкаванай трохпралётнай брамай, якая засталася ад разабранай званіцы 1875 г. Па-за касцёлам, справа, каля 1880 г. тагачасныя калятары фары сям’я Сягеняў гербу Сыракомля ўзвяла сваю капліцу-пахавальню ў неараманскім стылі з жоўтай вонкавай цэглы. Унутры знаходзіцца мураваны алтар з Укрыжаваннем і надмагільныя помнікі (+1822, +1850, +1864, +1879).
Цяпер капліца выкарыстоўваецца ў якасці сховішча. Касцёл дзейнічаў увесь час бесперапынна, з 1970-х гг. мае статус помніка архітэктуры.
Рамонтныя працы ў касцёле адбываліся ў 1956, 1985, 1995–1997 гг. З 1991 г. на парафіі працуюць манаскія сёстры з супольнасці Сясцёр Школьных Нотр-Дам, якія займаюцца катэхезай (катэхетычны дом пабудаваны ў 1994 г.). Старая плябанія, што стаяла паміж фарай і парафіяльнымі могілкамі, не захавалася. Новая плябанія – аднапавярховы з высокай мансардай будынак з сілікатнай цэглы, пабудаваны ў 1990-я гг. перад могілкамі.
NO 360 viev else