Парафіі
Варонча
Св. Ганны
Пробашч
а. магістр Юрый Саковіч OSPPEСв. Імша
у нядзелю ў 11.00 і святы ў18.00 (; у звычайныя дні (аўт, пт) у 16.00Адпуст
26 ліпеняАдрас
в. Варонча, вул. Школьная, 23А, Карэлічскі р-нТэлефон
(8 01596) 7-10-65-
-
У 1741 г. Казімір Несялоўскі, кашталян смаленскі, заснаваў альтарыю пры касцёле ў Гарадзішчы (цяпер Баранавіцкі раён), якою апекавалася місія езуітаў ад Навагрудскага калегіума. Не пазней 1760-х гг., па згодзе віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, альтарыю перанеслі да варончаўскага касцёла.
Драўляны касцёл у Варончы, першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, быў пабудаваны па фундацыі Панятоўскіх, у 1766 г. адзначаўся як ужо дзеючы. Гэта была дзвюхвежавая, пабудаваная часткова з дрэва, часткова з цэглы, крыжастая ў плане святыня. Яе інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў: галоўны алтар з абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця ў пазалочаных сярэбраных каронах (вакол 4 воты), алтары св. Тадэвуша і св. Юзафа ў малітоўнай зале і яшчэ па два алтары ў кожнай з бакавых капліц. Набажэнствы тут па-ранейшаму адпраўлялі езуіты, для якіх быў пабудаваны місійны дом.
Пасля касацыі ордэна езуітаў, намаганнямі мясцовага землеўладальніка Юзафа Несялоўскага, біскуп Масальскі ў 1781 г. надаў варончаўскаму касцёлу статус парафіяльнага. Трошкі пазней пан Юзаф, “убачыўшы маласць першапачатковага будынка”, заклаў новы, ужо мураваны касцёл на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі – у комплексе сядзібы Несялоўскіх. Надмагільная пліта фундатара (+1816), упрыгожаная родавымі гербамі, умуравана ў вонкавую сцяну прэзбітэрыя касцёла. Будаўніцтва скончылася ў 1808 г., а ў 1809 г. кс. Ян Цвірка, навагрудскі дзекан, асвяціў святыню пад тытулам св. Ганны.
У касцёле быў ахрышчаны вядомы паэт Ян Чачот.
У ХIХ ст. да варончаўскай парафіі (колькасць парафіян на той час складала амаль 3000) Навагрудскага дэканата былі прыпісаны капліцы ў Казловічах і Тугановічах (сёння Баранавіцкі раён, абедзве не захаваліся), Сэрвачы і на мясцовых могілках. Апошняя, пабудаваная ў 1837 г. генералам Кабылінскім, уяўляла сабою драўляны залавы аб’ём з двух’яруснай грувасткай дэкаратыўнай вежай, якая пазначала галоўны ўваход. Уваход на могілкі пазначала двух’ярусная драўляная брама-званіца. Аднойчы ўзгадваецца і капліца ў Мірацічах.
Касцёл св. Ганны – дзвюхвежавая безапсідная трохнававая базіліка ў даволі эклектычным стылі. Галоўны фасад двух’ярусны, завершаны трохвугольным франтонам і фланкаваны чацверыковымі тэлескапічнымі трох’яруснымі вежамі-званіцамі пад фігурнымі барокавымі купаламі. Ніжні ярус фасада вырашаны ў выглядзе шасцікалоннага дарычнага порціка ў стылі класіцызму, упрыгожаны рустам. Прэзбітэрый, арыентаваны на захад і прамавугольны ў плане, паніжаны адносна цэнтральнай навы, фланкаваны дзвюма квадратнымі ў плане сакрыстыямі. Да цэнтра паўднёвага фасада далучана пяцігранная тытульная капліца св. Ганны, зробленая па фундацыі Людвікі Плятэр.
У галоўным алтары змешчана, як і раней, разьбянае Укрыжаванне (раней гэта быў абраз, а ў другім ярусе змяшчаўся абраз МБ Чанстахоўскай). Бакавыя алтары ў канцах наваў (раней былі ілюзорна намаляваны) прысвечаны: левы – Маці Божай (раней была фігура Езуса Антокальскага), правы – св. Антонію (раней таксама быў прысвечаны св. Антонію, цяпер тут усталяваная цікавая фігура святога, выкананая ў стылі сучаснага прымітывізму). Цэнтальная нава перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках. Над уваходам зроблены хоры, у крыпце пад касцёлам былі пахаваны Несялоўскія і Верашчакі. Насценны роспіс у выглядзе архітэктурных куліс, які яшчэ ў 1970-я гг. можна было бачыць на алтарнай сцяне прэзбітэрыя, на жаль, забелены. Каля касцёла стаяла двухпавярховая каменная плябанія, якая да сённяшняга дня не захавалася.
У пасляваенны час касцёл быў зачынены і з часам ператварыўся ў руіны. Аднак ён быў залічаны да помнікаў архітэктуры. Не захавалася і могілкавая капліца. Яе адрадзілі на сродкі вернікаў у 1989 г., як толькі савецкая ўлада дазволіла збірацца на набажэнствы. Капліцу асвяцілі пад гістарычным парафіяльным тытулам св. Ганны (цяпер, пасля адраджэння касцёла, ёю не карыстаюцца). Адразу ж пачалася і праца па адраджэнні касцёла. Значныя сродкі на рэстаўрацыю сабраў кс. Стэфан Недзялак, а кіраваў рэстаўрацыяй тагачасны пробашч навагрудскай парафіі, а цяпер біскуп, Антоні Дзям’янка.
26 ліпеня 1995 г. касцёл быў рэкансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Ганны.
NO 360 viev else