Парафіі
Старыя Васілішкі
свсв. апап. Пятра і Паўла
Пробашч
а. Збігнеў Драгула CSMAСв. Імша
у нядзелі і святы ў 14.00; у звычайныя дні ў 18.00 (летам)/16.00 (зімой)Адпуст
29 чэрвеняАдрас
в. Старыя Васілішкі, 38, Шчучынскі р-нТэлефон
(8 01514) 4-75-21-
-
Выдатным натхнёным майстрам неаготыкі з'яўляўся наш суайчыннік вядомы архітэктар Канстанцін Вайцехоўскі, які спраектаваў у 1897 г. (у час вымушанай талерантнай зычлівасці расейскага царызму) магутны і манументальны Петра-Паўлаўскі касцёл у в. Старыя Васілішкі. Але ўзводзіцца ён і асвячаецца толькі ў 1903 г. на добраахвотныя сродкі парафіян, імёны якіх выбіты на вапнавых блоках цокаля. У савецкі час на загад мясцовага начальства імёны ахвярадаўцаў былі замазаныя цэментам.
Велічны храм стаіць асобна, недалёка ад асноўнай забудовы вёскі, але пануе ў наваколлі. Вялізны архітэктурны манумент выкладзены з высакаякаснай чырвонай цэглы паводле старажытнага хрысціянскага канона трохнефавай двухвежавай базілікі з трансептам. Узлёту ўверх падпарадкавана ўся вертыкальна накіраваная архітэктурная кампазіцыя святыні: ад трох нізкіх гранёных апсід яна пераходзіць у працяглы манументальны карабель храма, накрыты высокім двухсхільным агніста-чырвоным чарапічным дахам. Апафеозам магутнага вертыкальнага руху франтальнай фасаднай плоскасці з'яўляецца дуплет высокіх трох'ярусных вежаў, завершаных востраканцовымі шатровымі шпілямі з крыжамі. Галоўны фасад вылучае выразны рытм шматлікіх праёмаў і дэкаратыўных элементаў. Гранёныя шпілі вежаў, ступеньчатыя контрфорсы, вімпергі, стральчатыя, запоўненыя арнаментальнымі мудрагелістымі пераплётамі праёмы і вітражнае акно-ружа па цэнтры, а таксама рытмічна ўкладзеная цэгла — усё падпарадкавана адзінай ідэі — ушанаванню Бога. Над галоўным уваходам размешчана керамічнае скульптурна-барэльефнае пано на біблейскі сюжэт (Хрыстос, які дабраслаўляе наведвальнікаў храма), над бакавымі — сюжэтныя вітражы.
Пранікнутае адзіным гатычным мастацка-стылявым зместам архітэктурнае асяроддзе створана і ў інтэр'еры храма, насычаным усімі атрыбутамі ўбрання і літургічнага начыння: ад алтара да падсвечніка, ад амбона да аргана. Афармленне інтэр'ера храма, прастора якога расчлянёна магутнымі слупамі на тры нефы і накрыта высокімі стральчатымі нервюрнымі на падпружных арках скляпеннямі, вычэрпвае ўсе магчымасці і жанры выяўленчага мастацтва: цалкам стварае ілюзію знаходжання ў сярэдневяковым гатычным саборы (гатычныя пучкі калон і нервюр асацыіруюцца з непраходным лясным гушчаром, з густым "скляпеннем" крон дрэў). 3 гэтых асацыяцый узнікае "лясная" тэорыя паходжання стылю, паэтычную інтэрпрэтацыю якой даў у свой час Гогаль. Эффект лёгкасці "ланцугоў" гатычнага інтэр'ера дасягаецца точанай і насычанай прафіліроўкай архітэктурных форм і дэталей дэкору. Уражальнае мастацкае афармленне суправаджае паломніка ад увахода да алтара і далей — да гукаў аргана на хорах. Усё гэта ў мастацтвазнаўстве называецца сінкрэтычнасцю — нерасчлянёнасцю жанраў мастацтва, іх непарыўным сінтэзам. І гэты архітэктурны манумент, напэўна, адзін з нешматлікіх, у якім эмацыянальны патэнцыял многіх жанраў мастацтва выкарыстоўваецца для дасягнення агульнай мэты і адзінага мастацка-эмацыянальнага эфекту, для максімальнага ўзмацнення боскасакральнай выразнасці збудавання. Тут жа і ідэальнае спалучэнне, і арганічная ўзаемасувязь манументальных (скляпенні і ўстоі нефаў) і малых ("гатычныя" алтары) архітэктурных форм, што не толькі не шкодзіць агульнай гармоніі, але і ўзносіць яе да вышыні сярэдневяковага мастацтва, у якім вялізныя архітэктурныя масы працягваюць жыццё ва ўсіх элементах літургічнага насычэння.
У стройную, упарадкаваную сістэму храмавай дэкарацыі ўключаны 12 скульптурных выяў апосталаў, размешчаных на міжнефавых апорных слупах. Яны абуджаюць глыбокую пашану і адчуванне ўрачыстага цырыманіялу рытуалу, кожнай з іх уласціва сур'ёзнае і глыбіннае ўнутранае жыццё. Падобнае ажыўленне сухой архітэктурнай формы нараджае ў ёй стыхію духоўнага жыцця, эмацыянальнай напружанасці, што захапляе наведвальнікаў.
На сценах бакавых нефаў размешчаны 14 стукавых барэльефных пано-стацый на тэму "Крыжовы шлях", выкананых ў высакароднай, пазбаўленай марнасці лепцы. Іконаграфічная праграма гэтых скульптурных пано, рытмічна "расселеных" па сценах сабора, аб'яднана адзіным біблейскім сюжэтным цыклам у цэласны і стройны ансамбль. Задача гэтых твораў мастацтва не вычэрпваецца толькі выкладаннем хрысціянскага веравучэння, дыдактычных ісцін, але заключаецца ў актыўным удзеле ў стварэнні вобразнай атмасферы каталіцкага храма.
Пад вокнамі цэнтральнага нефа дзесяць фрэскавых размалёвак на біблейскія сюжэты. Гэты ж сюжэтны цыкл працягваецца і ў аконных вітражах, якія выконваюць эстэтычную функцыю і надаюць інтэр'еру вясёлкавае асвятленне. Галоўны, два кулісныя і два бакавыя драўляныя алтары, амбон, спавядальні (канфесіяналі), лавы для вернікаў таксама выкананы ў вытанчаных формах готыкі. Над уваходам — хоры з арганам, гучанне якога ў інтэр'ерным антуражы прыводзіць наведвальніка да адчування эйфарыі ўрачыстай літургіі сярэдневяковага сабора. Для стварэння высокамастацкай атмасферы храма выкарыстаны ўсе сродкі мастацкай выразнасці — вітражы, фрэскі, скульптура, чаканка, разьба па дрэве, кераміка. Талент дойліда, мастакоў-дэкаратараў прымушае схіліцца перад гэтым музеем мастацтва.
Храм — адзін з нешматлікіх архітэктурных твораў перыяду эклектыкі, у якім усё, ад архітэктуры будынка да дробязі храмавага начыння, выканана ў адзіным стылі неаготыкі. Грандыёзная прастора гэтага храма служыць для ўрачыстых відовішчаў-богаслужэнняў, месцам сапраўднага непарыўнага і ўражальнага сінтэзу мастацтваў — архітэктуры, жывапісу, скульптуры, пластыкі малых форм, вітража, музычна-драматычных сродкаў літургіі. Спірытуалістычная накіраванасць і хрысціянскі сімвалізм каталіцкага храма атрымаў у інтэр'еры найбольш завершанае ўвасабленне. Усё гэта акаймоўвае храм нейкім гранічна напружаным "сілавым полем", якое ахоплівае наведвальніка даволі моцным эстэтычным уздзеяннем.
-