Парафіі
Падліпкі
Маці Божай Міласэрнасці
Пабудавана i асвечана ў 1999 г.
Да канца ХХст. звестак аб існаванні тут рыма-каталіцкіх святыняў у архіўных крыніцах пакуль не знойдзена. Затое, яшчэ ў 1973г. - г.зн. калі савецкаму атэізму яшчэ нішто не пагражала, мясцовыя вернікі ўсталявалі ў цэнтры вёксі прыдарожны крыж-помнік, падобны да шматлікіх помнікаў, якія ў гэтай частцы Гродзеншчыны амаль паўсюль будавалі мяжы ХІХ-ХХ стст. Надпіс на помніку па-польску таксама характэрная: «Ад голаду, хваробы, агню і вайны барані нас Божа».
У сярэдзіне 1990-х гг. мясцовыя каталікі пачалі збірацца на набажэнствы ў будынку пустуючага клуба, які яшчэ за саветамі быў пабудаваны на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. У 1997г. пад кіраўніцтвам адэльскага пробашча кс. Яна Козака вернікі пачалі перабудоўваць будынак клуба пад касцёл. І 16 лістапада 1998г. (па 11-ж - пабудавана і асвечана ў 1999г., але гэта недакладнасць - нават на вежы змешчана дата «1998») гродненскі біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста асвяціў святыню як капліцу пад тытулам Маці Божай Міласэрнасці (Вострабрамскай) і далучыў яе да Адэльскай парафіі.
Святыня, якая хоць і мае статус толькі капліцы, але выглядае як сапраўдны касцёл - гэта 1-вежавы 3-нававы безапсідны храм. Галоўны ўваход пазначаны 3-яруснай чацверыковай (2 меншыя чацверыкі на большым - крухце) шатровай вежай-званіцай. Сярэдні ярус над уваходам мае аркавую нішу з паліхромнай фігурай Найсвяцейшай Марыі Панны, над нішай - дата «1998». Касцёл накрыты 2-схільным бляшаным дахам.
Інтэр’ер, падзелены 4-мя круглымі калонамі на 3 навы, перакрыты плоскай бетоннай (пліты?) столлю, падлога з керамічных плітак. Унутры касцёла 3 алтары: галоўны, дзе змешчаныя рэліквіі св. Антонія Падуанскага (прывезеныя з Нямеччыны), левы бочны з абразом св. Юзафа і фігуркай НМП (пакуль гэта хутчэй алтарнай кампазіцыя) і правы - тытульны алтар у капліцы Маці Божай Міласэрнасці.
Касцёльны ўчастак абнесены штакетнай агароджай на слупках з сілікатнай цэглы, у кутах агароджы - невялікія каплічкі, якімі карысталіся на свята Божага Цела