Парафіі
Навагрудак
Св. Міхала Арханёла
Пробашч
кс. Юрый ЖэгарынСв. Імша
у нядзелі і святы ў 10.00, 12.00, 18.00; у звычайныя дні ў 18.00,( апроч аўторка 8.00)Адпуст
29 верасняАдрас
г. Навагрудак, вул. Міцкевіча, 1, Навагрудскі р-нТэлефон
(8 01597) 2-33-19-
-
Першай фундацыяй на карысць дамініканцаў у Навагрудку лічыцца фундуш вялікага князя ВКЛ Гедыміна, другой – ахвяраванне Самуіла Цеханоўскага. Пры Гедыміне, г.зн. у першай трэці XIV ст., ад навагрудскага кляштара дзейнічаў філіяльны касцёл у Любчы. У 1468 г. на капітуле ордэна было вырашана выслаць братоў прапаведнікаў у Навагрудак. Але ў XVI ст. у гістарычных крыніцах пакуль не знойдзена звестак аб дзейнасці дамініканцаў у Навагрудку. Кляштар ордэна ў горадзе фундаваны ў 1624 г. Крыштафам Хадкевічам, канюшым ВКЛ, на купленых ім пляцах ва ўсходняй частцы рынкавай плошчы, на рагу паміж вул. Слонімскай (па галоўным фасадзе касцёла, цяпер вул. Міцкевіча) і Яўрэйскай (цяпер Савецкая).
Пазней, 3 жніўня 1636 г., стаўшы віленскім кашталянам, Хадкевіч павялічыў першапачатковы фундуш, да фундацыі ў канцы XVII ст. далучыліся Астроўскія і Бральніцкія. Першапачаткова драўляны касцёл быў асвечаны ў гонар св. Яцка, заступніка Літоўскай правінцыі ордэна. У 1724 г. быў пабудаваны новы мураваны касцёл (аднак, гледзячы на рэнесансавы дэкор скляпенняў паўночнай навы, можна дапусціць, што мураваны касцёл пабудаваны яшчэ ў XVII ст.). Тытул святыні змяніўся ў другой палове XVIII ст., калі касцёл адбудавалі пасля пажару 1751 г. З таго часу святыня прысвечана св. Міхалу Арханёлу.
У 1780-я гг. у кляштары было 12 ксяндзоў, 5 клерыкаў і 2 канверсы. Пры касцёле дзейнічала Ружанцовае брацтва, а 6 ліпеня 1769 г. віленскім канонікам кс. Тачылоўскім было заснавана яшчэ і брацтва св. Міхала Арханёла. Так апісвае выгляд кляштара інвентар 1804 г.: уваход на тэрыторыю кляштара ад рынку вызначаўся брамай з чатырох мураваных слупоў, крытых чарапіцай і ўвенчаных драўлянымі вазонамі зялёнага колеру, над брамай на металёвых штабах знаходзіўся пазалочаны герб ордэна дамініканцаў – выява сабакі з паходняй і крыжыкам. Злева стаяла драўляная званіца з трыма званамі: “св. Міхал”, “св. Дамінік” і “св. Тадэвуш” (усе званы былі рэквізаваны расійскай арміяй у 1915 г.). Да касцёла прымыкаў, утвараючы ўнутраны дворык-клауструм, П-падобны ў плане мураваны кляштар, дзе акрамя 30 келляў манахаў знаходзіліся школьныя класы. Школа пры кляштары была заснавана ў 1794 г., мела 6 класаў; 6-7 прафесараў на чале з прэфектам выкладалі тут арыфметыку, гісторыю, матэматыку, маральныя навукі, мовы, права, фізіку і інш. У 1807-15 гг. тут навучаліся Адам Міцкевіч (у 1904 г. у яго гонар на сцяне касцёла была змешчана прыгожая мемарыяльная пліта, якая, на жаль, не захавалася) і Ян Чачот. Большасць вучняў школы жыла ў кляштарнай бурсе. У комплекс кляштара таксама ўваходзілі мураваная стайня, свіран і шэраг гаспадарчых пабудоў. Касцёл мураваны, крыты гонтай, бязвежавы, толькі над галоўным фасадам вісеў малы ружанцовы званочак.
Інтэр’ер перакрыты сістэмай цыліндрычных скляпенняў на падпружных арках з распалубкамі над вокнамі. Падлога ў цэнтральнай наве была выкладзена з мармуровых пліт, у бакавых – з цэглы. У касцёле знаходзілася 10 алтароў. Галоўны алтар быў прысвечаны апекуну Навагрудка св. Міхалу Арханёлу, вялікі абраз якога ў сярэбранай шаце быў выкананы па фундацыі Адама Мацея Саковіча ў сярэдзіне XVII ст. (шата зроблена ў 1662 г., магчыма, абраз быў створаны для кляштара дамініканцаў у Зембіне, а ў Навагрудку ён з’явіўся праз стагоддзе). Асаблівае ўшанаванне св. Міхала Арханёла ў Навагрудку пачалося пасля вайны 1654-61 гг., калі, згодна с паданнем, ён выратаваў горад ад знішчэння.
У касцёле захоўваліся рэліквіі Святога Крыжа і ўсіх Апосталаў. На хорах у той час змяшчаўся арган на 11 галасоў.
У 1829 г. на месцы былой драўлянай была пабудавана мураваная двух’ярусная квадратная ў плане званіца ў стылі класіцызм.
Пасля пажару 1831 г. касцёл набыў сучасны выгляд у стылі класіцызм “тасканскага парадку” – гэта бязвежавая трохнававая базіліка з паўкруглай апсідай. Галоўны фасад вырашаны як трыфорыумная кампазіцыя – цэнтральная частка, якая засланяе цэнтральную наву, завершана трохвугольным франтонам пад невялікай вежачкай-сігнатуркай (надбудавана ў 1859 г.), бакавыя часткі (засланяюць бакавыя навы) завершаны ступеньчатымі атыкамі. Галоўны ўваход пазначаны невялікай крухтаю-тамбурам. На хорах у 1859 г. быў усталяваны новы арган на 22 галасы і 4 мяхі.
Дамініканская школа, што існавала амаль два стагоддзі, была зачынена ў 1834 г. і пераабсталявана пад гарадское вучылішча, потым пад гімназію. Кляштар дамініканцаў быў зачынены на пачатку 1853 г., законнікі былі адпраўлены па розных кляштарах, кляштарны корпус быў прыстасаваны пад павятовы і земскі суды, а з часам і ўвогуле быў разабраны на цэглу. Касцёл перайшоў у ранг парафіяльных, загадам Мінскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 31 снежня 1857 г. яму перадалі функцыю старажытнай фары, а апошняя была прыпісана да яго ў якасці філіі. Частка корпуса, якая захавалася і нават сёння далучаецца да прэзбітэрыя касцёла, на той час была прыстасавана пад жыллё дзекана і ксяндзоў.
Да навагрудскай парафіі ў розныя часы прыпісваліся капліцы ў вёсках: Гарадзечна, Мількавічы, Нясуцічы, Суляцічы, Сянежыцы, Лапушна, Стараельня, Хрольчыцы (тры апошнія цяпер у Дзятлаўскім дэканаце і раёне), Сваротва (Баранавіцкі раён), а таксама капліца на навагрудскіх парафіяльных могілках. У міжваеннае дваццацігоддзе (1920-39 гг.) у Навагрудку дзейнічалі яшчэ капліцы-араторыі ў гарадской гімназіі і вязніцы, абслугоўвалі іх парафіяльныя святары.
У 1948 г. старажытная святыня была зачынена і ў пасляваенны час прыстасавана пад мэблевае сховішча, а пасля пажару пакінута ў руінным стане. Аднак, нягледзячы на гэта, у 1970-я гг. яна атрымала статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.
У 1992 г. святыня была вернута каталіцкай супольнасці горада. Да 1997 г. комплекс быў рэстаўраваны намаганнямі тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі, а цяпер біскупа, Антонія Дзям’янкі.
Сёння ў святыні, як і раней, 10 алтароў, але ў розныя часы іх прысвячэнне таксама было розным. Толькі галоўны алтар заўсёды быў прысвечаны заступніку горада і касцёла – св. Міхалу Арханёлу, абраз якога ў сярэбранай шаце змешчаны ў цэнтры трох’яруснай кампазіцыі (узнята на высокі пастамент карынфскай каланадай, якая нясе хвалісты антаблемент. Паміж калонамі некалі былі ўсталяваны фігуры чатырох Евангелістаў. У падобным барочным стылі створаны і бакавыя алтары). Па баках ад патранальнага знаходзяцца абразы святых апосталаў Пятра і Паўла. У другім ярусе змешчана разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні анёлаў, увенчвае алтар гіпсатурны барэльеф “Сыходжанне Святога Духа”. Пры апорах прэзбітэрыя ўсталяваны алтары св. Дамініка (злева; у ХIХ ст. – таксама св. Дамініка) і Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса (у 1853 г. – св. Тадэвуша, у 1867 г. – св. Ганны). Пры сярэдніх апорах знаходзяцца алтары св. Станіслава Косткі (злева, у 1853 г. – св. Яна Непамука, у 1867 г. – св. Філамены) і св. Крыштафа (у ХIХ ст. – св. Юзафа), у цэнтральную наву насупраць амбона развернуты шыкоўны трох’ярусны алтар св. Тэрэзы (у 1853 г. – св. Вікенція з Феррары з абразом св. Рэгіны наверсе, у 1867 г. – св. Алены Імператрыцы, у пач. ХХ ст. – св. Тэрэзы). Пры бліжэйшых да ўвахода апорах стаяць алтары св. Антонія (злева, як і раней, абраз намаляваны ў 1861 г.) і св. Цэцыліі (у 1853 г. – св. Тамаша Аквінскага, у 1867 г. – св. Станіслава). Яшчэ два алтары знаходзяцца ў тарцах бакавых наваў: злева – Маці Божай Снежнай, справа – Укрыжавання (раней – Маці Божай з Дзіцяткам Езус, у другім ярусе – абраз св. Кацярыны). Многія з абразоў, што ўпрыгожвалі алтары ў другой палове ХIХ ст. належалі пендзлю Эдварда Паўловіча, выкладчыка жівапісу навагрудскай гімназіі: абраз св. Дамініка (ахвяра пана Пятра Абламовіча), св. Ганны (ахвяра памешчыцы Кацярыны Ёдкі), св. Філамены (ахвяра памешчыцы Гнаінскай), св. Станіслава. У Нядзелю Спаслання Святога Духа, 27 мая 2007 г., у менсе галоўнага алтара пробашч кс. Аляксандр Баклажэц урачыста размясціў рэлікварый адзінаццаці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, перанесены з рэктаральнага касцёла (фары).
У 2003 г., паводле праекта мінскага архітэктара Аляксандра Якаўлевіча Кандратава, пачалася рэстаўрацыя дзвюх ліній кляштарнага корпуса (з сілікатнай цэглы). Тут плануецца размясціць рэкалекцыйны цэнтр і Дом міласэрнасці.
NO 360 viev else