Skip to main content
sapka

Парафіі

Мір
Св. Мікалая, біскупа

Пробашч

  • кс. Аляксандр Севасцьяновіч

Св Імша

  • у нядзелі і святы ў 12.00 у звычайныя дні ў 18.00

Тэлефон

Адрас

г. Мір, вул. Чырвонаармейская 13, Навагрудскі р-н

Адпуст

6 снежня

Пасля пераходу мірскіх зямель да Радзівілаў (магутнейшы магнацкі род ВКЛ) у XVI стагоддзі Мікалай Крыштаф на месцы старога касцёла, які пабудавалі папярэднія ўладальнікі Іллінічы, пабудаваў новы. У 1587 годзе асвяціў і аддаў яго на Божую ласку брат фундатара — біскуп Віленскі Ежы (Юрый) Радзівіл. Тым не менш у хуткім часе было прынятае рашэнне аб будаўніцтве мураванага касцёла, бо папярэдні не мог задаволіць патрэб вернікаў, якіх у мястэчку станавілася ўсё больш. Праект святыні выканаў вядомы італьянскі архітэктар Джавані Марыё Бернардоні, які да гэтага часу ўжо скончыў будаўніцтва касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Пры гэтым непасрэдна будаўніцтвам кіраваў сам магнат Радзівіл.

Новая святыня паўстала за шэсць гадоў і 21 жніўня 1605 г. касцёл святога Мікалая быў асвечаны і ўжо пасля капітальна амаль не перабудоўваўся. Аказваецца, што ў час закладкі падмуркаў у зямлі былі знойдзены вялікія косці дапатопнага звера (магчыма, маманта) і паводле традыцыі, што існавала ў тыя часы, яго косці доўгі час экспанаваліся ў касцёле.

Мікалаеўскі касцёл і гістарычны кантэкст

Амаль праз стагоддзе ад часу пабудовы Мікалаеўскага касцёла праз падзеі Паўночнай вайны будынак значна пацярпеў. Але не доўгі час святыня стаяла ў заняпадзе. Як сапраўдны нашчадак свайго знакамітага продка, князь Караль Станіслаў Радзівіл у 1710 годзе зладзіў капітальны рамонт касцёла і прылеглых будынкаў. Акрамя таго, у адмыслова пабудаванай званіцы быў змешчаны вялікі звон "Караль", які паводле паданняў адлілі са шведскіх гармат. Святыня стала нават прыгажэй, чым была і гукі "Караля" доўгі час песцілі слых, а густоўнасць убрання касцёла радавала вочы многіх знакамітых людзей таго часу.

Адным з такіх людзей быў бацька вядомага навукоўца, удзельніка таварыства філаматаў, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. У 1809 годзе, пад гукі таго самага «Караля» ён знайшоў тут свой апошні спачын.

Пакінуў свой след у гісторыі касцёла і хіба самы знакаміты на той час парафіянін — паэт, драматург, перакладчык Уладзіслаў Сыракомля. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ён разгарнуў цэлую кампанію па зборы сродкаў для рамонту святыні.

Падзеі паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў трагічна адбіліся на лёсе касцёла святога Мікалая. Першапачаткова яго закрылі, а пасля прыстасавалі пад праваслаўную царкву, у якасці якой ён дзейнічаў ажно 54 гады.

Пасля паўстагоддзя, у 1919 годзе, дзякуючы намаганням ксяндза Антонія Мацкевіча католікі зноў вярнуліся ў сваю старадаўнюю святыню. Падавалася, што наперадзе чакае толькі шчасце і дабрабыт. Але ў гісторыі часам здараецца не так, як хочацца, і самыя вялікія выпрабаванні яшчэ чакалі вернікаў і Мікалаеўскі касцёл.

Прыйшла Другая Сусветная вайна. Пачаліся абстрэлы, акупацыя, рабаванне. Увосень 1942 года быў забіты ксёндз Антоній Мацкевіч. Касцёл застаўся без гаспадара. Пачаўся доўгі перыяд заняпаду.

Хроніка пасляваенных падзей пакідае шмат пытанняў і яшчэ чакае сваіх даследчыкаў. Як і многія святыні ў той перыяд, касцёл быў замкнёны. Пэўны час там месціўся склад. Былі разбураныя два верхнія ярусы вежы, бакавыя вежачкі, пазней абваліўся дах.

Вяртанне і аднаўленне

У 1990 годзе ў такім занядбаным выглядзе касцёл святога Мікалая быў вернуты вернікам. Паступова наладжвалася і адраджэнне парафіі. У 2001-2002 гадах з нагоды рэспубліканскага свята "Дня пісьменства", якое прымаў у сябе Мір, былі праведзены рэстаўрацыйныя работы.

У 2009 годзе першым з часоў Другой Сусветнай вайны пробашчам касцёла стаў кс. Аляксандр Севасцьяновіч. Жыццё зноў вярнулася ў святыню. Пачаўся перыяд адраджэння. Дзякуючы клопату кс. Аляксандра і намаганням самай нешматлікай у Гродзенскай дыяцэзіі парафіі, касцёл быў добраўпарадкаваны і знутры, і звонку. Па фотаздымках быў адноўлены алтар.

Nice to meet you