Парафіі
Ліда
Беззаганнага Зачацця НПМ (Слабада)
Пробашч
кс. прэл. Вінцэнт ЛісоўскіСв. Імша
у нядзелю і святы ў 9.00, 10.30, 12.00, 14.30, 16.00, 18.00; у звычайныя дні ў 8.00, 10.00, 18.00 (зімой)/19.00 (летам)Адпуст
8 снежняАдрас
г. Ліда, вул. Горкага, 121, Лідскі р-нТэлефон
(8 01545) 4-27-66-
-
Парафія пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў гарадскім прадмесці Слабада была заснавана ў 1933 г. намаганнямі кс. Станіслава Мажэйкі. Так адрадзіўся тытул былой кармеліцкай святыні, якая некалі існавала ў Лідзе. Драўляны касцёл без стылёвых асаблівасцей пабудавалі на скрыжаванні вул. Райскай (цяпер Горкага) і Поўнай (не існуе). З таго часу святыня заўсёды дзейнічала, нават у савецкі перыяд, калі засталася амаль адзіным драўляным даваенным будынкам сярод новых цагляных і панэльных жылых пяціпавярховак. З 1922 г. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры з Супольнасці Дачок Панны Марыі Беззаганай. Перад Другой сусветнай вайной парафія ў Слабадзе налічвала больш за 7000 вернікаў.
Касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавую трохнефную базіліку. Цэнтральны неф пераходзіць у прэзбітэрый, алтарная сцяна якога мае невялікую трохгранную апсіду. Галоўны фасад фланкаваны грувасткімі чацверыковымі вежамі пад чатырохсхільнымі дахамі. Цэнтральны неф касцёла накрыты двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над тарцамі, бакавыя – аднасхільнымі з вальмамі над закрыстыямі. Касцёльны ўчастак абнесены драўлянай агароджай на бетонных слупках. Інтэр’ер драўлянага касцёла, падзелены на тры нефы чатырма парамі слупоў і перакрыты падшыўной столлю (плоскай у цэнтральным нефе і схільнай паніжанай у бакавых). Яго ўпрыгожваюць тры алтары: галоўны з фігурай Найсвяцейшай Панны Марыі, левы бакавы – св. Юзафа (наверсе абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі) і правы – св. Антонія (наверсе абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса). Над уваходам зроблены арганныя хоры на чатырох парах слупоў, але зараз яны не выкарыстоўваюцца. У 1989 г. парафіяй сталі апекавацца айцы салезіяне. У 1993 г. пачалося будаўніцтва новага касцёла з чырвонай цэглы ў стылі неаканструктывізму 1980-х гг. паводле праекта, які да гэтага ўжо быў рэалізаваны ў г. Пётркаў-Трыбунальскі (каля Лодзі, Польшча), а тут быў адаптаваны лідскім архітэктарам Васілеўскім.
У 1997 г. парафія перайшла пад дыяцэзіяльную юрысдыкцыю. 7 снежня 2002 г. новазбудаваную святыню асвяціў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Новы касцёл у Слабадзе – гэта трохнефная безапсідная святыня, перакрытая адзіным двухсхільным дахам з металачарапіцы. Да алтарнай часткі, утвараючы з касцёлам адзінае цэлае, далучаны двухпавярховы аб’ём парафіяльнага цэнтра. Галоўны фасад святыні вырашаны чатырма ромбападобнымі ў плане вежамі-пілонамі, з якіх левая ад уваходу трошкі вышэйшая за іншыя і ў ёй змешчана званіца. Касцёльны ўчастак абнесены металічнай агароджай на бетонных слупках. Інтэр’ер новага касцёла падзелены на тры нефы чатырма парамі васьмігранных калонаў і перакрыты бетоннымі плітамі па маналітных бэльках. На алтарнай сцяне змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне, бакавыя нефы завершаны алтарнымі двух’яруснымі кампазіцыямі: злева – тытульная фігура Маці Божай Беззаганнага Зачацця і абраз св. Ганны наверсе, справа – св. Антонія і абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса наверсе. Арганныя хоры абапіраюцца на чатыры пары бетонных слупоў.
NO 360 viev else