Парафіі
Лаздуны
Свсв. Сымона і Юды Тадэвуша
Пробашч
кс. Артур ВалчкевічСв. Імша
у нядзелі і святы ў 10.00, 12.00; у звычайныя дні ў 0.00, 18.30Адпуст
28 кастрычнікаАдрас
в. Лаздуны, вул. Міра, 1, Іўеўскі р-нТэлефон
(8 01595) 3-73-78-
-
Касцёл пад тытулам святых апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша і святой Ганны быў заснаваны тут у 1576 г. па фундацыі князя Альбрэхта Станіслава Радзівіла як філіяльны ад суботніцкай парафіі. Святыня была кансэкравана толькі ў 1704 г. віленскім біскупам Бжастоўскім. Да 1757 г. касцёл абслугоўвалі дамініканцы. Калі знікла старажытная святыня, новы драўляны касцёл быў пабудаваны на сродкі віленскага біскупа суфрагана Тамаша Зяньковіча ў 1770–1775 гадах. Адзначаецца таксама капліца, заснаваная ў 1765 г. у Лаздунах на сродкі старосціны пінскай Ельскай. Пры касцёле дзейнічала школа.
Некаторыя звесткі падаюць, што апошні драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1852 г. на сродкі пана Самуэля Воўка, аднак ён памёр каля 1850 г., а па дакументах, якія захоўваюцца ў парафіі, касцёл быў пабудаваны ў 1853 г. на сродкі ўладальніка Лаздунаў пана Аскара Мілеўскага. Гэта была адносна невялікая святыня на бутавым падмурку з дзвюма сакрыстыямі пры прэзбітэрыі, крытая гонтай і завершаная вежай-сігнатуркай над уваходам і крыжам над алтарнай часткай даху. У святыні было тры алтары: галоўны з абразамі Найсвяцейшай Тройцы і св. Ганны, правы бакавы – св. Антонія, левы бакавы – св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша. Падлога была цаглянай, хоры над уваходам абапіраліся на чатыры слупы. Каркасная званіца на чатырох слупах стаяла асобна, у ёй змяшчаліся два званы. Касцёльная тэрыторыя была абнесена бутавай агароджай, уваход з вуліцы быў пазначаны цікавай трохпралётнай цаглянай і атынкаванай брамай, зробленай з элементамі стылю барока.
Гэты касцёл, верагодна, знік недзе на мяжы ХIХ–ХХ стст., таму што на вядомым фотаздымку пачатку ХХ ст. за касцёльнай брамай зафіксаваны, хутчэй, нейкі часовы будынак, чым сапраўдная святыня.
У 1904 г. у Лаздунах на сродкі парафіян, намаганнямі кс. Францішка Мацкевіча пачалі ўзводзіць велічны касцёл з бутавага каменю і вонкавай чырвонай цэглы ў стылі неараманікі. Праз 5 гадоў святыня ўзнесла свае высокія вежы над вёскай.
У 1910 г. касцёл быў кансэкраваны пад гістарычным тытулам св. апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша (тытул св. Ганны больш не ўжываўся), з таго часу Лаздуны становяцца цэнтрам самастойнай парафіі.
Цяпер святыня дзвюхвежавая, прамавугольная ў плане з пяціграннай апсідай, фланкаванай двухпавярховымі сакрыстыямі, перакрытая двухсхільным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем. Над алтаром кампазіцыя завершана вежачкай-сігнатуркай, галоўны фасад фланкаваны дзвюма трох’яруснымі шатровымі вежамі-званіцамі. Сцены па перыметры ўмацаваны плоскімі контрфорсамі.
Інтэр’ер падзелены на тры навы трыма парамі калон і перакрыты крыжастым скляпеннем на падпружных арках, размаляваных раслінным арнаментам. Сёння ў касцёле тры разьбяныя алтары ў стылі неаготыкі: галоўны – св. апостала Юды Тадэвуша (алтар уяўляе сабою трыфорыум, у цэнтры якога змешчана фігура святога ў акружэнні трошкі меншых фігур св. апосталаў Пятра і Паўла), левы бакавы – св. Ганны і правы – Маці Божай Чанстахоўскай. Над нартэксам зроблены хоры. У маленькай крыпце пад падлогай пахаваны кс. Фелікс Пяткевіч (+1920).
Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў лаздунскай парафіі перавышала 6000 чалавек. У пасляваенны час пробашч парафіі кс. Дыянізій Захажэўскі быў арыштаваны і сасланы ў лагер, а святыню калгасныя ўлады зачынілі і ператварылі ў збожжасховішча. Тым не менш, касцёл быў залічаны да помнікаў архітэктуры. У 1988 г. святыня была вернута вернікам. Па-за касцёлам, у драўляным будынку, утвораны катэхетычны цэнтр парафіі. Да лаздунскай парафіі належаць капліцы ў Вікшнянах, Гудзянятах, Лаздунах-2, Яськавічах і прыдарожная ў Бачэшніках.
NO 360 viev else