Парафіі
Воўпа
св. Яна Хрысціцеля
Пробашч
кс. Алег ЯновічСв. Імша
у нядзелю і святы ў 9.00, 11.00; святы і ўрачыстасці 11.00,18.00,у звычайныя дні ў 18.00, сб - 11.00Адпуст
24 чэрвеняАдрас
в. Воўпа, вул. Міра, 13, Ваўкавыскі р-нТэлефон
(8 01512) 5-89-75-
-
Паселішча і двор Воўпа вядомы з першай паловы XV ст. як вялікакняжацкае ўладанне. У 1449 г. кароль Казімір Ягелончык перадаў маёнтак Алёхне Судзімонтавічу (+1491), віленскаму ваяводзе і канцлеру ВКЛ (1477 – 1490). Менавіта Алёхна разам са сваёй жонкай Ядзвігай і заснаваў тут касцёл у 1477 г. У наступным годзе першы драўляны касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам Янам Ласовічам пад падвойным тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Яна Хрысціцеля. Новы касцёл на гэтым месцы быў пабудаваны ў 1618 г. па фундацыі віленскага біскупа Яўстафія Валовіча. Інтэр’ер касцёла быў упрыгожаны роспісам. Галоўны алтар з абразом Найсвяцейшай Тройцы створаны на сродкі тагачаснага пробашча кс. Францішка Галішэўскага. Акрамя галоўнага алтара, святыню ўпрыгожвалі яшчэ тры алтары: св. Францішка (фундатар Анджэй Альшэўскі), Найсвяцейшай Панны Марыі (фундатар Станіслаў Румбовіч), Святога Крыжа (створаны на сродкі кс. Мікалая Дыцюша, віленскага каноніка і ваўпянскага пробашча), а таксама алтарная кампазіцыя з фігурай Маці Божай (ахвяра Багданы Пшэслаўскай).Яшчэ ў 1511 г. Аляксандр Юр’евіч, князь Гальшанскі, і яго жонка Сафія з Судзімонтавічаў заснавалі пры касцёле капліцу пад тытулам св. Ганны, Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, свв. Сафіі, Паўла і Аляксандра. У першай палове XVII ст. драўляная капліца далучалася да асноўнага аб’ёму касцёла, асвятлялася чатырма вокнамі, унутры было два алтары: галоўны – Зняцця з крыжа, бакавы – Пахавання ў грабніцы.У 1630-х гг. касцёл згарэў. Святыню адбудавалі з дрэва каля 1640 г. Фундатарамі пабудовы сталі князь Казімір Лявон Сапега (1609 – 1656), тагачасны маршалак, і яго жонка Тэадора Крысціна з Тарноўскіх. У 1679 г. касцёл быў кансэкраваны віленскім біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. Гэта была крыжападобная ў плане святыня з высокай вежай-званіцай над уваходам. У святыні было шэсць разьбяных алтароў, пафарбаваных у чорны колер з пазалочанымі элементамі: галоўны – з абразом Укрыжавання, два меншыя ў прэсбітэрыі – св. Стэфана і Анёлаў-ахоўнікаў (абодва алтары фундаваў кс. Стэфан Бабкоўскі ў 1654 г.), брацкі алтар у капліцы Маці Божай Ружанцовай і яшчэ два ў капліцы св. Ганны (фундацыі Казіміра і Тэадоры Сапегаў). У другім ярусе – абразы Беззаганнага Зачацця НПМ і св. Мацея. У 1745 г. брацтва жаўнераў усталявала ў Ружанцовай капліцы свой двух’ярусны алтар Святой Сям’і (да 1752 г. алтар быў перайменаваны ў гонар св. Юзафа) з абразом св. Антонія з Дзіцяткам наверсе. Над табернакулюмам галоўнага алтара быў усталяваны цудадзейны абраз Маці Божай Чанстахоўскай, адзначаны 121 вотумам (па дадзеным з 1700-га г.). Пад прэсбітэрыем знаходзіўся вялікі склеп сям’і Кошчыцаў, два невялікія склепы былі пад Ружанцовай капліцай і яшчэ адзін, дзе быў пахаваны Ян Князевіч, – пад капліцай св. Ганны. Цяпер усе скляпы засыпаныя. Побач з касцёлам стаяла драўляная званіца з пяццю званамі.Гэты касцёл прастаяў амаль паўтара стагоддзя. Ён быў прызнаны струхнелым, і ў 1773 г. на сродкі тагачаснага ваўпянскага пробашча кс. Юзафа Казіміра Касакоўскага (быў пробашчам у 1761 – 1775 гг., таксама зафундаваў новую плябанію і новыя будынкі парафіяльнага шпіталя) быў пабудаваны касцёл, які дзейнічае і сёння. 10 сакавіка 1776 г. кс. біскуп Юзаф Касакоўскі кансэкраваў святыню пад гістарычным тытулам св. Яна Хрысціцеля. У новую святыню з папярэдняга касцёла перанеслі старажытныя алтары, амбон (у 1890 г. створаны новы), лаўкі і іншае аздабленне. Перад касцёлам кс. Ян Скачынскі ўсталяваў слуп з драўлянай фігурай св. Яна Непамука.З пачатку XVII ст. пры ваўпянскай парафіі дзейнічаў шпіталь з драўлянай капліцай Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Шпітальная капліца мела сакрыстыю і вежачку-сігнатурку; у алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. Аднак да пачатку XVIII ст. капліцу разабралі, а набажэнства перанеслі ў касцёл.Касцёл у Воўпе дзейнічаў увесь час. Ён мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.Касцёл, дарэчы, з’яўляецца самай велічнай драўлянай рыма-каталіцкай святыняй Беларусі. Гэта дзвюхвежавы, крыжападобны ў плане, безапсідны, арыентаваны алтаром на поўнач будынак, прэсбітэрый якога аддзелены ад сакрыстый унутранай перагародкай. Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай бэлечнай столлю. У малітоўнай зале захаваліся тры старажытныя алтары. Новы пасаборавы алтар усталяваны ў 2000 г.Знакаміты галоўны алтар створаны ў стылі ранняга барока невядомымі майстрамі ў 1634 – 1639 гг. (або каля 1640 – 1644 гг.) па фундацыі Казіміра Сапегі. У першым ярусе паміж чатырох пазалочаных калон карынфскага ордэра змешчаны абраз Укрыжавання ў акружэнні велічных фігур св. Яна Хрысціцеля (заступнік касцёла, злева) і св. Казіміра (заступнік фундатара). Пара ўнутраных калон дэкаравана накладной пазалочанай разьбой у выглядзе вітой вінаграднай лазы з гронкамі, знешнія калоны гладкія, над імі ўсталяваны паліхромныя фігуры св. Альжбеты Цюрынгскай і св. Маргарыты. У трохвугольным тымпане першага яруса знаходзіцца гарэльефная выява Саваофа на воблаку і двух анёлаў па баках. Цокалі калон і скульптур маюць гарэльефныя выявы галовак анёлаў. У другім ярусе змешчаны абраз Звеставання ў акружэнні пазалочаных фігур анёлаў. Завяршае алтар арнаментальны фрыз. Табернакулюм алтара з абразом Тайнай Вячэры – гэта выдатны ўзор маньерызму. На цокалі алтара змешчаны картушы з гербамі фундатараў – Казіміра і Тэадоры Сапегаў. Алтар аднаўляўся ў 1773, 1899, 1998 гг.
Бакавыя алтары – двух’ярусныя. Злева – алтар Маці Божай Ружанцовай, створаны каля 1640 г. па фундацыі Станіслава Кошчыца. У цэнтры, паміж падвойных гладкіх карынфскіх калон, знаходзіцца абраз Маці Божай Ружанцовай, у разьбяных і пазалочаных маньерыстычных “вушах” – разьбяныя скульптуры свв. біскупаў Мікалая і Станіслава як увасабленне ўсходняй і заходняй Цэркваў. У другім ярусе ў раме авальнай формы змешчаны абраз Унебаўзяцця НПМ (або Маці Божай Анёльскай), намаляваны каля 1775 г. Завяршаюць кампазіцыю паліхромныя фігуры свв. Кацярыны Александрыйскай, Міхала Арханёла і Юдыты. На менсе намаляваны выявы Веры, Надзеі і Любові (Spes, Fides, Caritas).
Справа – алтар Маці Божай Вастрабрамскай (раней тут быў абраз Святой Сям’і з XVIII ст., цяпер ён змешчаны на алтарнай сцяне, справа ад галоўнага алтара) з тытульным абразом пачатку ХХ ст. У другім ярусе – абраз св. Антонія з XVIII ст. Кампазіцыю завяршае фігура св. Міхала Арханёла з мячом у акружэнні разьбяных картушаў з манаграмамі IHS i MARYA. Злева яшчэ захавалася фігурка анёла.Над уваходам знаходзяцца арганныя хоры з простай дашчанай агароджай, новы неабарочны арган на 9 галасоў, створаны майстэрняй Вацлава Бернацкага, усталяваны ў 1903 г.Касцёльная тэрыторыя абнесена невысокай бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных атынкаваных слупоў. Справа ад касцёла ў 1858 г. была асобна пабудавана двух’ярусная вежа-званіца. Сюды былі перанесены званы са старой званіцы (пералітыя з папярэдніх у 1837 г.), а ў 1930 г., дзякуючы намаганням кс. Іпаліта Ядкоўскага, парафіяне набылі новы звон “Ян Хрысціцель”.
NO 360 viev else