Парафіі
Канвелішкі
Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса
Пробашч
кс. Дзмітрый СядлецкіСв. Імша
у нядзелю і святы ў 11.00; у звычайныя дні ў 18.00Адпуст
урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана ЕзусаАдрас
в. Канвелішкі, зав. Зяялёны 10, Воранаўскі р-н-
-
Паселішча вядома з дру-гой паловы XVIІ ст. як маёнтак Калвелішкі ў Ашмянскім павеце, які належаў роду Пражмоўскіх і ў склад якога ўваходзілі вёска Калвелішкі і мястэчка Смолінск (пазней Канвалішкі). Смолінскі касцёл адзначаны ў 1738 г. як ужо дзеючы і прыпісаны ў якасці капліцы да беняконскай парафіі. Гэта была пабудаваная ў выгля-дзе цэнтрычнай, хутчэй за ўсё васьміграннай ратонды святыня. У алтары святыні быў змешчаны абраз св. Ганны. У канцы ХІХ ст. капліца па невядомых прычынах стаяла зачыненая.
У 1808 г. Мікалай Янкоўскі, канонік мінскай катэдры і тагачасны ўладальнік вёскі, сумесна са сваімі пляменнікамі Амброзіем і Алойзам Янкоўскімі, зафундавалі тут самастойную парафію і касцёл, кансэкраваны пад тытулам св. Мікалая 28 жніўня 1809 г. Дзвюхвежавая святыня была пабудавана з сасны над каменнай крыптай – родавай пахавальняй роду Янкоўскіх. Першымі тут былі пахаваны тры фундатары касцёла – Мікалай Янкоўскі (+1821), Амброзій, маршалак шляхты ашмянскай (+1828) і Алойзы, ветэран польскага войска (+1840). У галоўным алтары было змешчана вялікае разьбянае Укрыжаванне.
Да 1827 г. канвелішскі касцёл абслугоўвалі ксяндзы з віленскага кляштара місіянераў (парафія лічылася місійнай пляцоўкай), а потым толькі дыяцэзіяльныя пробашчы. У ХІХ ст. парафія ўваходзіла ў склад Вішнеўскага дэканата, у той час да парафіі адносілася капліца ў Стоках (сёння Літва) і дзейнічала місіянерская школка ў саміх Канвелішках. “За польскім часам” парафія ўвайшла ў новаўтвораны Беняконскі дэканат, пры гэтым капліца ў Стоках атрымала статус філіяльнага касцёла. Колькасць вернікаў парафіі тады перавышала 3500 чалавек. Напрыканцы ХІХ ст. касцёл у Канвелішках уяўляў сабою дзвюхвежавую святыню ў стылі г.зв. “станіславаўскага класіцызму”. Чатыры магутныя круглыя слупы неслі хвалісты франтон галоўнага фасада, які фланкавалі дзве двух’ярусныя чацверыковыя вежы пад паўсферычнымі купаламі з васьміграннымі барокавымі глаўкамі. Злева, асобна ад касцёла, стаяла двух’ярусная (меншы чацвярык на большым), таксама драўляная званіца пад чатырохсхільным гонтавым дахам з крыжам. Комплекс быў агароджаны драўляным плотам.
Дзеючы і сёння драўляны неагатычны касцёл у Канвелішках быў пабудаваны на гістарычным месцы (стары касцёл згарэў, крыж ад яго знаходзіцца над безымяннай магілай на парафіяльных могілках) у цэнтры вёскі ў 1916 г. і асвечаны пад новым двайным тытулам – у гонар Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Найчысцейшага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі. Касцёл уяўляе сабой трохнававую святыню з трансептам, які не выхо-дзіць за плоскасць бакавых фасадаў, і пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Над галоўным фасадам узвышаюцца тры вежы: большая цэнтральная – крыжастая ў плане двух’ярусная званіца пад востраканечным спічаком, меншыя па баках – чацверыковыя, падобныя на цэнтральную, дэкаратыўныя вежачкі. Накрыты касцёл двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай і сігнатуркай над імі. Крыпту з трунамі фундатараў было вырашана засыпаць. Інтэр’ер, перакрыты плоскай бэлечнай столлю, падзелены шасцю круглымі калонамі на тры навы, цэнтральная з якіх вышэйшая за бакавыя. У архітраве цэнтральнай навы па перыметры змешчаны карціны на евангельскія сюжэты ў паўкруглых рамах. У касцёле тры алтары: галоўны – у стылі неабарока, з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў цэнтры і абразом Маці Божай Балеснай у другім ярусе, левы бакавы – прысвечаны св. Ганне, правы бакавы – тытульны, прысвечаны св. Мікалаю, біскупу і мучаніку.
У 1970-я гг. касцёл у Канвелішках быў залічаны да помнікаў архітэктуры неагатычнага стылю, дзейнічаў увесь час бесперапынна.
NO 360 viev else