Парафіі
Крамяніца
Божага Цела
Пробашч
кс. Аляксандр БаклажэцСв. Імша
ў нядзелю ў 9.00, 13.00; урачыстасці 18,00, у звычайныя дні18.00Адпуст
23 красавіка, урачыстасць Божага ЦелаАдрас
в. Крамяніца, Зельвенскі р-нТэлефон
(8 01564) 7-22-15-
-
Касцёл пад тытулам Божага Цела і св. Юрыя Мучаніка – выдатны помнік стылю рэнесанс – быў узведзены на паўночнай ускраіне вёскі ў 1617 – 1620 гадах (у 1617 г. з Кракава прыбылі манахі, а ў 1620 г. быў пабудаваны касцёл) паводле фундацыі віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага і яго жонкі Барбары як святыня кляштара рэгулярных латэранскіх канонікаў, заснаванага 20 чэрвеня 1617 г. Сын Вольскіх, Казімір, пакаёвы каралеўскі дваранін, працягнуў будаўніцтва кляштара (скончыў жылы корпус) і павялічыў фундуш (ахвяраваў манахам вёску Кватары). Касцёл быў кансэкраваны 8 ліпеня 1657 г. віленскім біскупам Янам Даўгялам Завішам. Пры кляштары дзейнічаў шпіталь, бібліятэка, Ружанцовае брацтва, а з 1829 г. таксама школа-студыя, дзе выкладалася маральная тэалогія (навучалася 3 вучня). Мураваны кляштарны корпус стаяў перад касцёлам, выглядаў як рэнесансавы палац – прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам з вуглавымі шасціграннымі алькежамі. У брацкім корпусе жыло 8 братоў.
Касцёл бязвежавы, прамавугольны ў плане, з выцягнутай паўцыркульнай апсідай, арыентаванай на ўсход, і з адной сакрыстыяй з заходняга боку. Сцены па перыметры ўмацаваны контрфорсамі. Галоўны фасад завершаны ступеньчатым франтонам, тымпан якога члянёны плоскімі пілястрамі і аздоблены неглыбокімі нішамі. Да ўвахода ў XVIII ст. была прыбудавана крухта-тамбур. Касцёл перакрыты двухсхільным металачарапічным дахам, у XVIII ст. над цэнтрам даху ўзвышалася велічная сігнатура ў выглядзе васьміграннага барабана пад фігурным барокавым купалам.
Залавы інтэр’ер, перакрыты зорчатымі нервюрнымі скляпеннямі, упрыгожваюць пяць двух’ярусных алтароў. Галоўны алтар і прысценныя алтары (а таксама амбона, на гранях якой у невялікіх нішах намаляваны выявы евангелістаў і прарокаў) створаны з белага штучнага мармуру з пазалотай. У цэнтры галоўнага алтара змешчана велічнае разьбянае Укрыжаванне ў акружэнні паліхромных фігур Маці Божай і св. Яна. З бакоў стаяць фігуры святых Мікалая і Казіміра, што з’яўляецца спасылкай на Вольскіх як на фундатараў. У другім ярусе змешчаны абраз Апошняй Вячэры ў акружэнні фігурак манахаў, кампазіцыю завяршае Усёвідушчае Вока ў промнях. Таксама вельмі цікавае і табернакулюм (у цыборыюме ўсталяваны фігуркі святых Барбары і Кацярыны), на менсе алтара змешчаны паліхромны гарэльеф “Езуса кладуць у магілу” (ХIХ ст.). Бакавыя алтары, развернутыя дыяганальна па вуглах малітоўнай залы, выкананы ў стылі ўжо позняга барока – прасторавая пластыка карынфскіх калон са шматколернага штучнага мармуру, буйныя валюты, раскрапаваныя антаблементы: у левым алтары змешчаны абраз св. Роха, над ім – абраз св. Пятра; у правым – абраз Маці Божай Вастрабрамскай, наверсе – абраз Сыходжання Святога Духа.
Пры сценах касцёла стаяць алтары, подобныя да галоўнага: злева – алтар св. Юрыя (наверсе – абраз св. Станіслава Косткі), справа – алтар св. Юзафа (з абразом Маці Божай Анёльскай наверсе). На паўднёвай сцяне прэзбітэрыя змешчана выкананае з цёмнакарычневага мармуру рэнесанснае надмагілле фундатараў святыні (зроблена ў 1623 г. у майстэрні Вільгельма Ван-дэн-Блокэ): у паўцыркульнай нішы кленчаць сам кашталян Вольскі (1584 – 1621 гг.), апрануты ў рыцарскія даспехі, і яго жонка Барбара (+1623) у манаскім адзенні. Над сегментарным уваходным парталам зроблены лёгкія драўляныя арганныя хоры, якія абапіраюцца на тонкія слупкі і маюць агароджу, аздобленую разьбою з пазалотай.
Кляштар канонікаў у Крамяніцы быў скасаваны ў 1832 г., будынкі былі перададзены ваеннаму ведамству, а пасля паўстання 1863 г. быў зачынены і касцёл, але, на шчасце, ненадоўга. Касцёл быў рэстаўрыраваны ў 1929 г. Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў крамяніцкай парафіі складала амаль 10 000 чалавек. У будынку былога брацкага корпуса ў міжваеннае дваццацігоддзе змяшчаўся ўрад гміны; у 1940-я гг. будынак быў знішчаны.
Касцёл дзейнічае і сёння, з 1970-х гадоў мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. Ад кляштарных пабудоў захаваліся толькі будынак былой кляштарнай школы (зараз ён дзейнічае як звычайная вясковая школа) і барокавая званіца (на кансервацыі).
Касцёльны ўчастак абнесены высокай бутавай агароджай, уваход ад вёскі пазначаны высокай двух’яруснай брамай-званіцай. На кансервацыю ўзята і капліца св. Роха, пабудаваная на мясцовых могілках у 1882 г. Гэта васьмігранная ратонда з бутавага каменю пад шатровым бляшаным дахам з глаўкай. З архітэктурнага пункту гледжання, асабліва цікавыя адлівы вокнаў, выкананыя з хвалістай чарапіцы. Таксама цікавае змяшчэнне невялікага звона на металічнай кансолі пры ўваходзе ў святыню.
З сярэдзіны 1990-х гадоў у крамяніцкай парафіі працуюць манаскія сёстры з Супольнасці Сясцёр св. Кацярыны (1-3 сястры). У 2003 г. скончана ўзвядзенне новай плябаніі з сілікатнай цэглы.
Сёння да парафіі належыць капліца ў в. Падбалоцце. Тытул Божага Цела носіць крамяніцкая парафія, а тытул св. Юрыя носіць касцёл. 4 ліпеня 2004 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў вулічны алтар, пабудаваны перад уваходам у касцёл, разам з гротам Найсвяцейшай Панны Марыі і фантанчыкам з альпінарыямі.
NO 360 viev else