Парафіі
Геранёны
Св. Мікалая, біскупа
Пробашч
кс. Віталій ПяткевічСв. Імша
у нядзелі і святы ў 10.00, 12.00, 18.00; у звычайныя дні ў 9.00 (зімой)/19.00 (летам)Адпуст
6 снежняАдрас
в. Геранёны, вул. Замкавая, 11, Іўеўскі р-нТэлефон
(8 01595) 6-96-10-
-
У пісьмовых крыніцах паселішча вядома з пачатку XV ст. (хоць на ўездзе стаіць мемарыяльны знак з датай 1287 г.) як Геранёны Мураваныя ці Гаштольдавыя, у адрозненне ад Геранёнаў Манівідавых (цяпер в. Суботнікі) і Геранёнаў Старых (цяпер в. Зыгмунцішкі). Было вялікакняскім уладаннем, потым уласнасцю Гаштольдаў, Пацаў. З 1520 г. – мястэчка Ашмянскага павета, з XVІ ст. – цэнтр староства, старостамі якога былі Гедройцы, Сапегі, Мнішкі, Салагубы, Браніцкія. Пры каралю Аўгусце ІІІ, каля сярэдзіны XVІІІ ст., паселішча атрымала Магдэбургскае права, з 1792 г. мела ўласны герб – пранізанае мячом сэрца на зялёным фоне. Да ХІХ ст. геранёнская парафія ўваходзіла ў склад Радунскага дэканата, затым – Вішнеўскага, у 1921 г. увайшла ў новаўтвораны Беняконскі дэканат, а з 1991 г. знаходзіцца ў складзе Іўеўскага дэканата. Касцёл пад тытулам св. Мікалая, біскупа, быў заснаваны тут у 1411 г. па фундацыі вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, якому ў той час належалі Геранёны. Ужо ён пабудаваў касцёл у 1458 г.
Першапачаткова святыня была драўлянай, пабудавалі яе ў паўднёва-заходняй частцы вёскі, побач з замкам. Пасля знішчэння святыні ў пажары канцлер ВКЛ і віленскі ваявода Альбрэхт Гаштольд у 1519 г. узвёў ужо мураваны касцёл і заснаваў пры ім альтарыю.
У 1540 г. ужо Войцех Гаштольд атрымаў у Рыме для геранёнскага касцёла статус інфулацкага, інфулатам геранёнскім стаў кс. Стэфан граф Талбжыкоўскі, прэлат віленскі. У тыя часы геранёнская парафія лічылася адной з найбагацейшых у дыяцэзіі, а ў дэканаце больш багатай, чым Іўе і Трабы.
У 1771 г., пасля рэканструкцыі святыні ў стылі барока, яе пад гістарычным тытулам кансэкраваў віленскі біскуп суфраган Тамаш Зяньковіч.
У 1730 г. у Геранёнах была заснавана рэзідэнцыя ордэна піяраў ад віленскага кляштара, пры якой у 1730–1938 гг. дзейнічала школа. Але ў 1756 г. рэзідэнцыя была зачынена намаганнямі езуітаў, якія бачылі ў піярах сваіх канкурэнтаў у галіне адукацыі. Манахі былі пераведзены ў Ліду. У XVIII ст. да геранёнскай парафіі належаў філіяльны касцёл у Дзевянішках (цяпер самастойная парафія ў Літве).
У 1779 г. (гэтая дата, верагодна, недакладная) касцёл быў адноўлены пасля пажару на сродкі пана Яна Пробача. У 1859 г. да апсіды накшталт крылаў трансепта былі дабудаваны сакрыстыя і капліца, у 1883 г. да галоўнага ўвахода дабудавалі прытвор, акрамя гэтага былі рэканструяваны фасады.
Сёння старажытная святыня ўяўляе сабой адносна невялікі прамавугольны ў плане залавы аб’ём з пяціграннай выцягнутай апсідай з дзвюма фланкуючымі яе сакрыстыямі. Усе аб’ёмы накрыты асобнымі двухсхільнымі дахамі, апсіда – вальмавым. Галоўны фасад, фланкаваны контрфорсамі, завершаны высокім раннебарокавым шчытом, таксама шчытамі завершаны тарцы сакрыстый.
Інтэр’ер касцёла перакрыты лучковымі скляпеннямі, над сакрыстыямі столь падшыўная, плоская. У касцёле тры мураваныя двух’ярусныя алтары ў стылі барока і адзін драўляны ў стылі эклектыкі. Галоўны алтар двух’ярусны, упрыгожаны калонамі карынфскага ордэра і дэкараваны паліхромнай скульптурай, гарэльефнымі кампазіцыямі і жывапісам. У цэнтры, у вялікай барокавай нішы, у атачэнні гарэльефнага сюжэта Найсвяцейшай Тройцы змешчаны маленькі абраз Пана Езуса, у інтэркалумніях усталяваны фігуры святых апосталаў Пятра і Паўла, у другім ярусе змешчаны тытульны абраз св. Мікалая. Левы бакавы алтар св. Юзафа (наверсе – абраз св. Францішка з Асізі) і правы – Маці Божай Чанстахоўскай (наверсе – абраз св. Казіміра) па канструкцыйных асаблівасцях і дэкоры паўтараюць галоўны. У капліцы змешчаны алтар Укрыжавання. Хоры, крывалінейныя ў плане, над нартэксам абапіраюцца на трохпралётную аркаду. На хорах усталяваны арган у стылі ракако, упрыгожаны разьбянай фігурай Давіда з гуслямі ў акружэнні анёлаў. Сюжэтныя і арнаментальныя размалёўкі сцен і арачных праёмаў выкананы ў 1934 г. віленскім мастаком Чарнецкім у стылі “другога ракако”.
Злева перад касцёлам у другой палове ХІХ ст. была ўзведзена двух’ярусная каменная званіца, чацверыковая пад чатырохсхільным дахам. У той жа час касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай, якая была пакрыта чарапіцай, а цяпер – бетоннай сцяжкай. Уваходная брама з каванымі кратамі выканана ў стылі неабарока. Яшчэ ў 1625 г. Ярашовай Пясецкай, старосцінай геранёнскай, пры Мікалаеўскім касцёле быў заснаваны шпіталь. Да парафіі з ХVIIІ ст. належала капліца ў Бердаўшчыне, дзейнічала школа. Перад Другой сусветнай вайной колькасць вернікаў у парафіі перавышала 4600.
Дзейнічаў касцёл і пры савецкай уладзе. У 1970-я гг. атрымаў статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння.
Ва ўсходняй частцы вёскі захавалася прыдарожная каплічка-слупок, асвечаная ў гонар св. Юзафа, драўляная паліхромная фігура якога знаходзіцца ў другім, скразным, ярусе. Каплічка пабудавана ў ХІХ ст. у стылі класіцызму – гэта характэрнае двух’яруснае збудаванне з цэглы, атынкаванае і пабеленае, накрытае чатырохсхільным бляшаным дахам пад крыжам. Сёння ў парафіі акрамя касцёла дзейнічаюць капліцы ў Вінцуках і Суражы. Захавалася таксама каплічка ва ўжо амаль не існуючай вёсцы Роцкішкі.
За Геранёнамі, па дарозе на в. Кузьмічы, злева на невялікім насыпе ўсталяваны велічны карункавы крыж на бетонным пастаменце – так у 1930-я гг. мясцовы пан Шымон Мяйштовіч адзначыў месца, якое калісьці мела назву “Прабоства”, дзе стаяў драўляны дзвюхвежавы касцёл пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі. Пабудавалі святыню ў 1772 г., але праз стагоддзе, у 1880-я гг., яна згарэла і больш не адрадзілася. А пры ўездзе ў Кузьмічы (заходняя ўскраіна вёскі) у 1970-я гг. вернікі пабудавалі невялічкую драўляную прыдарожную каплічку з фігуркай Маці Божай побач з высокімі драўляным і металічным крыжамі.
Узгадваюць мясцовыя старажылы і яшчэ адно “касцёльнае месца” – на плошчы, пры павароце на Роцкішкі. Тут таксама ўсталяваны металічны крыж. Такім чынам, у Геранёнах, калі верыць гэтым звесткам, існавалі ажно тры касцёлы.
NO 360 viev else