Парафіі
Бярозаўка
Спаслання Святога Духа
Пробашч
кс. Андрэй РадзевічСв. Імша
у нядзелі і святы ў 9.00, 13.00; у звычайныя дні ў 9.00 (аўт, ср, сб), 18.00 (пн, чц, пт)Адпуст
урачыстасць Спаслання Святога ДухаАдрас
г. п. Бярозаўка, вул. Дзяржынскага, 6, Лідскі р-нТэлефон
(8 01545) 61-64-84-
-
Да 1908 г. вёска, як і сёння, мела назву Бярозаўка ці Бярозаўка-Гута, затым да 1944 г. – Нёман, пасля вайны – зноў Бярозаўка. З 1968 г. гэта гарадскі пасёлак Лідскага раёна. Каталіцкая капліца была пабудавана тут яшчэ ў 1924 г. (ёсць звесткі навагрудскага ваяводы Несялоўскага аб Гуце, дзе ў 1784 г. была пабудавана капліца). Асобная ж парафія была заснавана ў Бярозаўцы ў 1928 г. дэкрэтам ад 29 лютага за подпісам віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Касцёл, які змяніў капліцу, пачаў узводзіцца з дрэва ў стылі польскага міжваеннага неабарока на сродкі працоўных шклозавода і яго ўладальніка пана Столе ў 1931 г. ва ўсходняй частцы вёскі. Кансэкравалі святыню ў 1932 г. пад тытулам Спаслання Святога Духа. Святыня ўяўляла сабой аднавежавы велічны храм, накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны ўваход пазначала магутная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца пад высокім гонтавым шатром. Парафія на той час уваходзіла ў склад Лідскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі і налічвала больш за 1200 вернікаў. У пасляваенны час касцёл, як і шматлікія іншыя святыні Беларусі, быў зачынены, а ў 1954 г., згодна з рашэннем савецкіх улад, – знішчаны: храм разабралі “на хаты”.
Але ў наш час парафія адрадзілася. У 1991 г. вернікі актыўна пачалі змагацца за права мець сваю святыню. Пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Стапыры на старым месцы (сёння вул. Школьная) распачалося будаўніцтва новага касцёла. 7 чэрвеня 1992 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў вуглавы камень (з 13 мая ў яшчэ недабудаваным касцёле пачаліся штодзённыя набажэнствы). І нарэшце, 18 жніўня 2001 г. дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка кансэкраваў новазбудаваны касцёл пад гістарычным тытулам Спаслання Святога Духа. Цяпер святыню ўзвялі ў сучасных архітэктурных формах. Касцёл пабудаваны з чырвонай вонкавай цэглы, трохнававы з трансептам і прамавугольным прэзбітэрыем. Да касцёла далучаны двухпавярховы парафіяльны цэнтр. Галоўны ўваход у святыню пазначаны высокай стромкай чацверыковай вежай пад медным купалам складанай гранёнай формы, вежа надбудавана над крухтай з нахіленымі сценамі. Аднак функцыю званіцы выконвае не вежа, а асобная каркасная драўляная канструкцыя злева ад кацёла. Накрыты касцёл керамічнай чарапіцай, дахі асобныя – двухсхільныя з вальмамі над тарцамі аб’ёмаў.
У інтэр’еры святыні пад плоскімі бетоннымі перакрыццямі толькі адзін, галоўны і тытульны алтар – Спаслання Святога Духа. Капліцы ў крылах трансепта пакуль не маюць алтароў. Над уваходам змешчаны хоры. Касцёльны ўчастак абнесены карункавай металічнай агароджай на невысокіх цагляных слупках. Сёння сама Бярозаўка з’яўляецца рэзідэнцыяй навагрудскага дзекана.
NO 360 viev else