Парафіі
Баруны
Свсв. апап. Пятра і Паўла
Пробашч
кс. Павел ПаўлюкевічСв. Імша
у нядзелі і святы ў 9.00, 18.00; у звычайныя дні ў 18.00Адпуст
29 чэрвеняАдрас
в. Баруны, Ашмянскі р-н-
-
Парафія створана ў 1715 г., касцёл пабудаваны ў 1695 г., кансэкраваны - ў 1715 г.
Выява Маці Божай Барунскай нароўні з Тракельскай і Жыровіцкай адносілася да найбольш вядомых у Вялікім княстве Літоўскім. Першае ўпамінанне аб абразе сведчыць аб тым, што ён знаходзіўся ва ўласнасці а. Ёзафата Бражыца OSBM – праведнага і клапатлівага місіянера. Прадчуваючы блізкую смерць, святар перадаў яго сваяку Мікалаю Песляку. Прасіў шанаваць абраз, але той закруціў яго ў палатно і схаваў у скрыню.
У часе цяжкай хваробы мужчыне аб’явілася Прыгожая Панна, якая сказала: “Чаму не дбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад вернага слугі Бражыца? Прагну, каб людзі, якія просяць дапамогі ў Сына, атрымалі яе пры Маім абразе”. Песляк адкрыў скрыню і дастаў адтуль абраз. Калісьці прыгожы, ён быў занядбаны, выцвілы. Мужчыну апанавала невыносная роспач. Доўга маліўся, пакуль яго не ахапіла натхненне пабудаваць капліцу. У чарговым аб’яўленні Маці Божая паказала вернаму месца, дзе павінна быць ўзведзена святыня. Неўзабаве там быў усталяваны крыж, а на ім – абраз.
З першых дзён Найсвяцейшая Маці ўдзяляла людзям шматлікія ласкі, акружаючы іх сваёй нястомнай апекай. Убачыўшы, што прадказанне спраўджваецца, Песляк вырашыў пабудаваць на гэтым месцы драўляны касцёл. У 1692 годзе ужо быў закладзены фундамент. Хутка абраз урачыста ўнеслі ў святыню.
Весткі аб цудах, атрыманых перад Барунскім абліччам Маці Божай, распаўсюджваліся на ўсе бакі свету. Толькі да 1712 года брэсцкім біскупам, уніяцкім мітрапалітам кс. Леонам Кішкам было зафіксавана 460 надзвычайных ласк, атрыманых перад абразом. Сярод іх – выратаванне жыцця, вызваленне ад дрэнных звычак, навяртанне з грахоў, аздараўленне канаючых і нават уваскрашэнне памерлых. Панна з абраза стала вядомай як Нябесная Суцяшальніца Засмучаных.
У 1693 годзе ў Баруны прыязджае грэка-каталіцкі мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі. Пасля дакладанага разгляду даследаванняў аб аб’яўленнях, цудах, аздараўленнях, ён выдаў дакумент, які зацвярджаў прызнанне абраза Маці Божай Барунскай Цудоўным, а ўсе цуды, атрыманыя перад ім, – праўдзівымі. Мітрапаліт накіраваў у Баруны трох айцоў базылянаў з кляштара ў Вільні.
У 1695 годзе на ахвяраванні верных жыхароў мястэчка распачынаецца будаўніцтва мураванага касцёла. З-за небяспечнай сітуацыі ў дзяржаве кс. Леон Кішка аддае абраз пад апеку літоўскім войскам на чале з гетманам Міхалам Вішнявецкім, вялікім князем літоўскім.
У 1709 годзе, пасля некалькіх гадоў прабывання абраза ў ваенным лагеры, Аблічча Маці вяртаецца ў Баруны. У 1715 годзе біскуп Леон Кішка кансэкраваў новапабудаваны касцёл, які атрымаў тытул Апекі Маці Божай. Пазней святыня была зачынена і перададзена ў праваслаўнае ведамства, але праз пэўны час вернута каталікам. Цяперашні тытул свсв. апап. Пятра і Паўла касцёл атрымаў у 1923 годзе.
У 1788–1808 гг. быў пабудаваны мураваны кляштар. Прадбачыўшы ў сувязі з палітычнай сітуацыяй яго скасаванне (якое адбылося ў 1839 годзе), айцы базыляне перадалі абраз сям’і Важынскіх, уладальнікам Алян. У касцёле змясцілі яго дакладную копію. Абраз вярнуўся ў Баруны толькі ў 1922 годзе.
У 1990 годзе адбылася ўрачыстасць 300-годдзя культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. У ёй прымаў удзел біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, шматлікае духавенства і натоўпы вернікаў з блізкіх і аддаленных ваколіц.
Па просьбе пробашча парафіі кс. Луцыяна Дамброўскага SDB дэкрэтам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ад 2002 года напярэдадні свята Маці Божай Барунскай (13–15 кастрычніка) у парафіі ўстаноўлена 40-гадзіннае набажэнства. Святыня ўзведзена да годнасці санктуарыя.
NO 360 viev else