Музыка ніколі не стаіць на месцы. Кожны музыкант, які паважае сябе, удасканальвае сваю музыку кожную хвіліну, а калі справа тычыцца музыкі, якая спяваецца для Бога, там трэба развівацца на працягу ўсяго свайго жыцця, каб паказаць сваю любоў да Яго. Менавіта гэтым і займаецца гурт Laudans.
На пытанне аб тым, чаму менавiта такая назва, адказвае ўдзельнік гурту Андрэй Лугін:
-Laudans - з лацінскай мовы - той, хто славіць. Сваёй творчасцю мы славім Творцу - Бога.
Што тычыцца стылю ў музыцы, то ён вельмі рознабаковы. Гурт грае музыку ў стылі, які сам стварае, сінтэзуючы розныя яе стылі і жанры: рок, джаз, блюз, рэггі, электронная музыка. Аўтарства музыкі цалкам належыць удзельнікам гурта (Андрэй Лугін і Алёна Палачанская). У якасці тэкстаў песен, з якіх пачынаў гурт Laudans, былі ўзяты вершы кс. Яна Твардоўскага, Яна Паўла ІІ, Ірыны Багдановіч. Сёння яны пішуць тэксты самі. У красавіку гэтага года гурту спаўняецца 2 гады. За час свайго існавання адбылася вялікая колькасць канцэртаў і выступаў у розных мясцінах Беларусі: касцёлах, навучальных ўстановах, музеях, адкрытых пляцоўках. Laudans прымалі ўдзел у фестывалях. У планах ёсць паехаць з канцэртамі ў Польшчу. У верасні мінулага года выйшаў дэбютны альбом "Завысока заблізка", куды ўвайшло 14 кампазіцый; у запісе прынялі ўдзел 7 чалавек на такіх інструментах, як гітара, бас-гітара, барабанная ўсталёўка, віяланчэль, электра-гітара, сінтэзатар, блок-флейта, вакал. На дадзены момант распаўсюджана каля 500 дыскаў. У кожнай групы ёсць нейкія свае спецыяльныя традыцыі перад выступам. У Laudans - гэта малітва. Удзельнікі гурту амаль не ўжываюць салодкага, яны адзначаюць круглыя лічбы канцэртаў. Спадзяюцца, што ў хуткім часе адзначаць 100.
На мой погляд, гурт Laudans не толькі дзеліцца сваімі талентамі з намі, але праз іх нясе нам Бога і яго міласць. Пажадаем ім творчых поспехаў.
Суполка ў кантакце http://vk.com/laudans
і ў фэйсбуку https://www.facebook.com/pages/Laudans/1507815879507267
Падрыхтавала Валерыя Суруда