Хіба што ўся каталіцкая моладзь з Гродна ведае, што такое OPEN. Аднак, напэўна, не ўсе знаёмыя з музычным гуртом пад такой самай назвай. Што гэта за амбіцыёзная добрая ініцыятыва? Марына Паўтарак адказала на пытанні для блога "Хрысціянскі плэй-ліст".
Як прыйшла ідэя стварыць гурт?
Як мы ведаем, у Гродне існуе душпастырства моладзі і студэнтаў "OPEN". Ужо з самага пачатку існавання студэнцкай групы моладзь адчувала, што на сустрэчах і малітвах не хапае музыкі і спеваў. Моладзь пачынала граць на св. Імшы, спяваць. З цягам часу змяняліся ўдзельнікі гурта, прыходзілі новыя таленты. На сённяшні дзень гурт налічвае 9 чалавек.
Чаму менавіта такую назву вы для сябе абралі?
Зусім нядаўна назва нашага гурта была зусім іншая. Яна гучала так: "Cantabo", што азначае "Спявай для Пана". З-за таго, што мы маем новы склад удзельнікаў, вырашылі змяніць назву гурта на "Open". Open у перакладзе з англійскай мовы азначае "адкрыты". Так і мы, праз музыку і спеў адкрываемся для Бога і дапамагаем адкрыць сэрцы іншых людзей для Яго любові. На самай справе, музыка ў касцеле мае вялікую ролю. Яна дапамагае чалавеку праслаўляць Бога спевам, маліцца.
Рэпертуар гурта - гэта каверы знакамітых песень ці аўтарскія творы таксама?
Што датычыць рэпертуару, у нас ён розны. Акрамя рэлігійных твораў есць таксама і свецкія. Мы спрабуем сябе ў розных стылях.
Чым такая музыка адрозніваецца ад папулярных песень ХХІ стагоддзя?
Калі лічыць моднай толькі тую музыку, якую штодзённа мы чуем па радыё, можна ўвогуле згубіць усялякі густ і ўяўленне аб тым, што такое сапраўдныя добрыя спевы. Такія думкі ўзнікаюць у кожнага, хто хоць аднойчы ў сваім жыцці пачуў музычны твор, які кранае сэрца. Твор, які хочацца спяваць заўседы і паўсюль, нягледзячы на яго, здавалася б, “нямоднае” гучанне. Такія песні - запамінальныя, жыццёсцвярджальныя і радасныя, бо спяваюць іх чалавечыя сэрцы, перапоўненыя любоўю да Бога.
Гурт OPEN - гэта малады калектыў. Якія важныя падзеі мелі месца ў вашым музычным жыцці?
Самыя значныя і важныя для гурта падзеі, ў якіх мы ўзялі ўдзел - гэта ДДМ у Гродне (2014), перэгрынацыя Крыжа і Іконы СДМ у Гродзенскай дыяцэзіі, урачыстасці ў Тракелях, пілігрымка на Дзень маці ў Капцёўку. У будучыні нас чакае яшчэ больш рэлігійных падзей. У нашых пошуках Бог з намі, мы перакананыя.
Валерыя Суруда