Да пабачэння, Камерун!
Мінаючы заспаныя дамы ранішняй Ліды падавалася, што Камерун – фікцыя, мара, іншая планета. Доўгакрылы самалёт нібы перавярнуў рэчаіснасць, пасеяў сумнеў у праўдзівасць усяго, што здарылася за апошнія 8 месяцаў. Але не будзем пра эмоцыі, хоць сёння без іх цяжка. Сёння апошнія некалькі словаў пра развітанне з Афрыкай і ад’езд.
Гэтым ранкам упершыню за год не было чуваць звонкага “ку-ка-рэ-ку!”. Па загаду айца хлопцы ўчынілі крывавую бойню і раздзялілі ўсіх курэй і пеўняў на дзве часткі: галаву і тулава. Куры гадаваліся дзеля яек, на наступны год набудуцца новыя. Да гэтага на той свет быў адпраўлены дзесятак трусікаў. Сёння вечарам апошняя вечарына, будзе шмат ежы і танцы. Заўтра большасць дзяцей раз’яджаецца па крэўных ці знаёмых сем’ях, адзінкі убачаць маму і, на жаль, ніхто не сустрэне абодвух бацькоў.
Увесь дзень місія літаральна курэла. Мыліся сцены, адзенне, посуд, веранды, машыны, дзеці чысцілі пакоі і рыхтавалі свае торбы. Усе нецярпяліва чакалі ад’езду і пасля году жыцця паміж домам і школай гэта можна зразумець. Вячэра, падзякі, танцы. Магчыма праз некалькі гадоў малыя ўжо і не ўзгадаюць імёны чарговых белых, якія змушалі іх вучыць рэчы непрыдатныя на першы погляд да жыцця.
Наступным ранкам на верандзе ўтварылася куча маленькіх капронавых торбаў напоўненых дзіцячымі рэчамі. Усе апранулі найлепшае і спакавалі свае булкі з шакаладам. Гледзячы на маладыя камерунскія твары ўзнікае цяжкае пачуццё няскончанасці, недаробленасці, разуменне, што можна яшчэ столькі зрабіць, але не зробіцца. І свет не стане колам. Тэдзі, Ванцьян, Дус, Фабрыс, Джэзон, Каброль і інш. вырастуць і без цябе. Атрымліваецца твой прыезд хутчэй быў патрэбны табе самому. Даючы мы бярэм больш, чым даём. Гэтая біблійная максіма так звонка зазвінела ў галаве ў апошнія камерунскія дні, што яе водгук чуваць і сёння.
Bonjour du Cameroun вярнуўся ў Беларусь. Дзякуем за ўвагу.
P.S. Шчыра дзякуем нашым сем’ям, сябрам і знаёмым, усім адзінадумцам, якія падтрымоўвалі нас на працягу нашага валантарыяту. Цешымся, што гэта была НАША агульная справа. Да новых сустрэч на grodnensis.by.
Марта Бекіш і Арцём Ткачук