Skip to main content

Выхаванне па-камерунску

Штодзённа выхаванне дзяцей ставіць перад дарослымі ва ўсім свеце дзесяткі пытанняў. Бацькі спрабуюць “па-добраму”, “па-дрэннаму” і ўвесь час шукаюць запаветную залатую сярэдзіну. Камерун – не выключэнне. Сёння пра традыцыі выхавання нашчадкаў на экватары, тутэйшую “бацькаву папругу” і адну з прычынаў непісьменства.

 Дзеці і бацькі

Безумоўнае падпарадкаванне – краевугольны камень зносін паміж старэйшым і малодшым. Спрэчка малечы з маці ці бацькам немагчымая. Традыцыя, згодна з якой дзеці заўсёды ядуць пасля бацькоў і дзесьці з боку, гэта толькі вяршыня айсбергу. Грубіянства, фанабэрыстасць, нязгоду з рашэннямі старэйшых у малых вынішчаюць ужо з ранняга дзяцінства. Гэта, канешне, не азначае, што сын ці дачка ператвараюцца ў робатаў, якія пакорна згаджаюцца з усім, што кажуць старэйшыя. Але ж адкрыта і публічна супрацівіцца бацькам могуць сабе дазволіць лічаныя адзінкі.

У адрозненні ад Еўропы, дзе адукацыя, харчаванне, апрананне, лячэнне дзіцяці з’яўляецца фундаментальным абавязкам бацькоў, дык у Камеруне гэта ласка, дар, за гэта толькі дзякуюць, але ні ў якім разе не патрабуюць. Напэўна з гэтым звязана традыцыя, паводле якой, калі старэйшы дае штосьці малодшаму, дык другі падстаўляе рукі далоннямі ўверх. Прывітанне адбываецца таксама: дзіцё падстаўляе далонні і дарослая асоба накладае на іх свае рукі. Падчас св. Імшы молячыся “Ойча Наш” ўсе падносяць рукі ўгору, але на словы “хлеба нашага штодзённага, дай нам сёння” усе складваюць ладонні і нібы падносяць іх да неба, просяць. Малодшы ня бярэ: ён прымае.

Пакаранне як галоўны выхаваўчы сродак

Эпіфані з’яўляецца выхаванкай Foyer St. Dominique у Яундэ. У дзяцінстве яна раззлавала сваю маці, атрымала па галаве і пасля гэтага да сёння застаецца глухой. Гэта гісторыя не выклікала ў Камеруне цікавасці СМІ, грамадства не бурліла гэтай навіной. Таму што такі выпадак можа й ня норма, але нічога страшнага – здараецца.

Фізічнае пакаранне – галоўны існтрумент выхавання дзяцей. За розныя правіны ў абсалютнай большасці малое атрымоўвае па добравядомаму месцу. Частата залежыць ад сям’і: нехта не прапусціць ніводнай магчымасці, а нехта зрэдку, для прафілактыкі. Другім найбольш вядомым пакараннем, менш вядомым беларускаму, чытачу з’яўляецца пазбаўленне вячэры (гэта значыць ежы ўвогуле, бо людзі харчуюцца раз на дзень). Застацца галодным дзіцё можа за лайдацтва, ухіленне ад хатніх абавязкаў ці іншую сур’ёзную рэч. Аднак у гэтай суровай традыцыі таксама ёсць абмежаванні. Сям’я можа сабрацца і вырашыць, што яе чалец празмерна сурова выхоўвае сваіх дзяцей. Тады дзядзя ці цёця могуць прыйсці і забраць свайго беднага пляменніка.

Місія, дастасоўваючыся да камерунскай рэчаіснасці, стараецца знайсці залатую сярэдзіну. Мясцовыя выхаваўцы кажуць, што ў інтэрнаце “малыя халяўнічаюць”. “Канешне, без ужывання пакаранняў было б цяжка дастукацца да некаторых выхаванцаў. Аднак агульна рэжым у нас вельмі лагодны”, - распавядае Мар’янна, шматгадовая выхаваўца Дзіцячага Дому, - “Мяне асабіста выхоўвалі шмат больш сурова”.

Замкнёнае кола

Бясспрэчны аўтарытэт і павага да бацькоў маюць таксама другі, адмоўны бок. Па статыстыцы 28% дарослых камерунцаў – абсалютна непісьменныя, узровень адукацыі рэшты цяжка ацаніць. Адна жанчына ў сярэднім родзіць 5 дзяцей. Калі маці ніколі не хадзіла ў школу, дык верагоднасць таго, што яе дзеці атрымаюць адукацыю амаль што нулявая: на гэта банальна няма сродкаў. Ды й сэнс адукацыі такімі людзьмі ўяўляецца слаба. Існуюць цэлыя плямёны, якія цалкам ігнаруюць школу. Напрыклад Пігмеі ў Камеруне лічацца недаразвітым, адсталым народам. “Дурны як пігмей”, - кажуць людзі.

У такім выпадку ўсё моцнае бацькоўства накіроўваецца не ў той бок. Як кажуць: “Чаго сабе не хочаш, таго і другому не зыч”. І не зычаць. І так гадуюцца чарговыя 28% невукаў. У гарадах такая сітуцыя – рэдкасць, але ж у сельскай гаспадарцы працуе 70% насельніцтва. Таму працы яшчэ шмат. Прыязджайце ў Афрыку.

 

выхаванне 1Да працы дзяцей прывучаюць з маленства. Усе гэта ўспрымаюць як норму. Летнія канікулы школьнікі праводзяць працуючы на полі. У Камеруне ўсё дакладна па Бібліі: “Хто не працуе, няхай таксама і не есць”. Здымак прысвечаны 1 траўня – Дню Працы.

выхаванне 2Жыццё місіі пачынаецца ў 4.30 раніцы. Кожны перад школай павінен прыбраць сваю частку місіі. Малодшыя прачынаюцца раней каб хутка звольніць вёдры, ганучы, швабры і інш. для старэйшых, якія ўстаюць пазней.

выхаванне 4Будучыя непісьменныя. Большасць хлопцаў, якія працуюць на рынку возячы на тачках пакупкі людзей, не ходзяць у школу. За дзень можна зарабіць 1-1,5 тыс. франкаў (2 даляры).

выхаванне 3Пахаванне ў Камеруне – вялікае мерапрыемства, на якім удзельнічае не адна сотня родных. Пахаванне дзіцяці такой вечарыны не прадугледжвае.

 

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!

Рэдагавана: 21 Лютага 2017