На днях у спартыўнай газеце „Прессбол” з’явіўся артыкул пра тое, што 22-надовы нігерыйскі футбаліст, які гуляе за ФК Орша, выглядае нашмат больш старэйшым за свае гады. І сапраўды, калі паглядзець на здымак, дык падаецца, што не ён, а хутчэй яго дзеці маюць каля 20 гадоў. Відаць, магчымасць “фармальнага амаладжэння” у Нігерыі гэтак жа даступная, як і ў Камеруне. Каб скінуць пару гадоў, трэба толькі ахвота і грошы.
Сапраўдную дату нараджэння ведаюць толькі самыя блізкія, для рэшты – тое, што напісана ў дакументах. Напрыклад, не перавёўся вучань у наступны клас і трэба заставацца на другі год. За пачатковую і сярэднюю школу такіх паўтораў збіраецца некалькі (з’ява вельмі распаўсюджаная). Таму, каб асабліва не адрознівацца ад сваіх аднакласнікаў, бацькі робяць, што трэба, і “амалоджваюць” сваё дзіця на некалькі гадоў. “У нас у класе ёсць хлопец, якому 15 гадоў, але ж афіцыйна яму 12, як і нам. Падчас перапынкаў ніхто з ім асабліва не гуляецца, таму што хоць ён і наш аднакласнік, але ж ён старэйшы. Па-гэтаму ён ходзіць да старшакласнікаў і з імі праводзіць вольны час”, - распавядае Джэзан, выхаванец місіі.
Часта амалоджванне выклікана тым, што пасля некалькіх паўтораў розных класаў вучань па ўзросту робіцца непрахадны. Скажам, табе 15, а для пераходу ў патрэбны клас школа ставіць абмежаванне да 13 гадоў. У гэтым выпадку, каб працягваць вучобу, нічога не застаецца, як толькі “памаладзець”. Марыюс, іншы жыхар місіі, кажа, што ў яго ёсць некалькі аднакласнікаў, якія відавочна старэйшыя за яго, але паводле дакументаў ён іх старэйшы брат (у Камеруне так называюць трошкі старэйшага за цябе сябра).
Кошт змены ўзросту вельмі вагаецца. Кажуць, што ў якой-небудзь вёсцы гэта можна “вырашыць” за 10-15 даляраў, у горадзе – у 10 разоў больш. Камерунцы ў гэтым нічога сарамлівага не бачаць. Адзін знаёмы хлопец шчыра цешыўся, што яго ўзялі ў склад юніёрскай зборнай краіны па футболе. Але ж яму больш за 20, па пашпарце – 15. Таму ў выпадку з аршанска-нігерыйскім футбалістам няма чаго здзіўляцца.
Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!