Skip to main content

Камерунцы і жывёлы

Мар’ян прывязла ў місію новага пітомца – хамелеона. Ён пакорна сядзіць у картонавай каробцы, якую хутка абступаюць дзеці. Васьмігадовая Патрыцыя сходу пытаецца: “Гэта ядуць?”. Прысутныя выбухаюць смехам і малая разумее, што хамелеон гэта так, для прыгажосці.

 

Жывёліна хутка размяшчаецца ў кустах, дзе і будзе яе дом. Але ж усё-такі, чаму ў малой дзяўчынкі ўзнікла такое пытанне? Зморшчыўшыся, Іпаліт адмаўляецца нават падыйсці да новага жыхара. У яго племені забаронена датыкаць хамелеонаў, не кажучы ўжо пра іх ужыванне. У Камеруне так з усімі жывёламі: адныя плямёны ядуць адно і гідзяцца другім, іншыя наадварот. Гэта правілы, якія існуюць з часоў, якіх ніхто ўжо не памятае. Аднак ёсць рыса, якая абагульняе ўсіх, неістотна з якой ён вёскі. Жывёла гэта перш за ўсё ежа. Так пачынала ўсё чалавецтва, аднак шмат дзе гэта ўжо лічыцца архаічным. У Афрыцы ж усё па-старому.

zywely 2

Адзін хамелеон падчас дажджу ўпаў у лужыну і, хутчэй за ўсё з-за пераахалоджання, пайшоў у хамелеонскі вырай. А вось другі ўжо абжыўся ў кустах і нікуды адтуль не рухаецца.

Здохла марская свінка? Праз поўгадзіны яна ўжо смажыцца на вогнішчы. На дрэва ля місіі прыляцелі дзве птушкі Тукі-Тукі з вялікімі жоўтымі дзюбамі. “Яны нармальныя па смаку, але мяса мала, шкада патрону”, - кажуць хлопцы. Мэмэ нясе жменьку кузнечыкаў. “Вось гэтыя вельмі смачныя, трошкі патрымаць над агнём і будзе супер”, - кажа дзяўчынка. Не тое каб кожны кідаўся на ўсё, што рухаецца, але ж з’есці нешта смачнае не адмовіцца ніхто. Курыцу на рынку можна купіць толькі жывую, але й навошта плаціць за ўбой? Кожны 13-14-ці гадовы хлопец без праблемаў заб’е, абшчыпае, выпатрашыць і абсмажыць птушку.

zywely 1

Грыль. Жабы насамрэч смакуюць як курыца. Праверана на сабе

Мар’янна чысціць рыбу. Кот, нібы толькі панюхаць, амаль дакранаецца носам да хваста і ў гэты момант атрымоўвае звонкі ўдар па галаве ручкай ад нажа. Жывёла імгненна падае на бок і ў канвульсіях дрыгае лапамі. “О, замоцна вальнула, хіба што ката забіла!”, - ажно рассмяялася жанчына. Але праз некалькі хвілінаў чорна-белы прыхільнік рыбы ўстаў і хвейна дзесьці пакрочыў. “Гэта яшчэ што”, - з усмешкай дадае кухарка Жан, - “адзін раз Прыска так ката падфутболіла, што той з кухні на пару метраў пераляцеў кусты. І нічога, выжыў, затое ў кухні больш не з’яўляўся”.

“Бог стварыў жывёлаў, каб людзям служылі”, - кажа стары місіянер, - “Гэта ў Еўропе на прытулкі для сабакаў збіраюць больш грошай, чым на хворых дзяцей. Тут усё натуральна”. Для камерунскага дзіцяці кавалак курыцы не бярэцца з лядоўні. Малое сотні разоў бачыла ва ўсіх падразбязнасцях як і што трэба зрабіць, каб на стале апынулася мяса. Таму кожная жывёла – здабыча, кожная здабыча – ежа. Бо са словам голад тут яшчэ шмат знаёмых. І нават сяброў.

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!

Рэдагавана: 21 Лютага 2017