Skip to main content

Вялікдзень

хростМінулі святы і ўсё вяртаецца да звычайнасці. Але ўспаміны пра мінулыя вечарыны і чаканне наступных рухае чалавека паміж шэрымі жыццёвымі кавалкамі. Сёння трошкі пра Вялікдзень па-камерунску.

Пятніца

Строгі пост. Цалкам без ежы і ў цішыні. Усе млява выконваюць свае абавязкі, каб не траціць энэргіі. Пасля абеду місія нібы пагружаецца ў спячку, дзеці лягаюць проста на халодны бетон, каб трошкі астудзіцца і пераспаць нязноснае бурчанне страўніка. Набажэнства пачынаецца Вяночкам да Божай Міласэрнасці, пазней Крыжовы Шлях і напрыканцы ўласна Літургія. Пасля набажэнства цішыня працягваецца, але ўсе нарэшце атрымоўваюць вячэру. Увесь гэты рытм робіць Вялікую Пятніцу асабліва адчувальнай, сапраўды ўспамінам смерці. Апошні “цвік” праграмы, супольны прагляд Пасіі Гібсана і ўсе ідуць па сваіх пакоях. Пазней чатырнаццацігадовы Фабрыс здрадзіць: “Я не люблю глядзець сур’ёзныя фільмы з дзяўчатамі. Вось, напрыклад, глядзелі мы Пасію, яны ўсе плакалі, адварочваліся. Нашто ўсё гэта?”. “Ну а што рабіць, смяяцца ці што?”, - парыруе суразмоўца. “Ды не, - з усмешкай адказвае хлапец, - трэба ж у сэрцы плакаць”.

 Субота

У парафіяльным касцёле Мбомбо сёння атрымае хрост. Для чалавека, якому пад трыццатнік, гэта, натуральна, важная падзея, якая насамрэч нешта рэчаісна змяняе. Таму ўся місійная зграя, каб падтрымаць сяброўку, Вялікдзень сустракае па-за межамі дому. Пачынаецца св. Імша, усё як звычайна. Але трошкі пазней спакойны і нават меланхалічны рытм літургіі парушае не звонкае “Аллелюя”, але літаральны крык святара перад Евангеллем “Хрыстос Уваскрос!”. Людзі кляскаюць, крычаць, тупаюць. Радасць навіны робіцца рэчаіснай, прысутнай, падаецца да яе можна дакрануцца. Аднак ужо праз гадзіну, а менавіта столькі цягнулася гамілія, гэтая рэчаіснасць робіцца няўтульнай і нават катавальнай. Кожная частка літургіі расцягваецца спевамі на некалькі дзесяткаў хвілін, акрапляючы свянцонай вадой святар падыйшоў літаральна да кожнага ў храме, камунія плаўна перарасла ў дыскатэку, усе пачалі танцаваць і нават цэлебрант выйшаў перад алтар і далучыўся да парафіянаў. Да гэтага яшчэ можна дадаць хрост 190 асобаў, бежмаванне і адзін шлюб. Поўгадзіны пасля поўначы, пасля пяці з паловай гадзін, місійная таёта пад завязку забіваецца дзецьмі і кіруецца дадому. Танцы адмяняюцца і ўсе ідуць спаць. Ежа, якую гатавалі цэлую суботу, хаваецца па маразільніках і будзе чакаць заўтра. Еўрапейская традыцыя літургічнай цішыні, размеранасці і сузірання ў Камеруне напэўна не зацікавіць нікога. Супольны спеў і танцы – жыццянеабходная рэч. Ня важна, св. Імша гэта ці пахаванне.

Джак, Сэдрык і Фабрыс не вытрымалі суботняй каларытнай Літургіі

IMG 9715

 Нядзеля

Гэта той дзень, калі ўсе чакаюць вечара. Будзе поўны стол ежы, будзе музыка і будуць танцы. Пры гэтым да раніцы. Усе святы, рэлігійныя і свецкія, адзначаюцца традыцыйна, часам нават аднавобразна, але заўсёды так, як камерунцы ўмеюць бавіцца. Працяглае беларускае сядзенне за сталом, часам пад чарку, радзей без яе, са спевамі і жартамі ў параўнанні з чорнай шматгадзіннай дыскатэкай без узроставага абмежавання падаецца пасядзелкамі пенсіянераў.

Святкаванне Уваскрашэння Пана. Боб, блізкі сябар місіі - адзін з найлепшых ды-джэяў Яундэ. Калі мае час, дык заўсёды прыходзіць пакруціць вечарыну для дзяцей. Называецца "кожны дапамагае як умее"

IMG 9876

Дзяўчаты прэзентуюць перад гасцямі супольны танец

IMG 9914

Кульмінацыя Вялікадня - стол, поўны ежы, які дзеці бачаць толькі на Каляды, і, уласна, Вялікдзень. Зазвычай усе накладваюць максімальна шмат, каб захаваць трошкі на заўтра

IMG 9877

Вялікдзень – справа духоўная. Але як можна святкаваць нешта духоўнае? Гэтаксама як і далёкае ад рэлігійнасці. Звычайна, па-людску, хто як умее. І духоўнага ў гэтым на першы погляд мала, але, як вядома, першы позірк часта хлусіць.

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!

Рэдагавана: 22 Лютага 2017