Вялікі пост ужо амаль за парогам. Як заўсёды яго хуткае імчанне заставіла пачуццё незакончанасці, недаробленасці. Але так складваецца, што Вялікдзень ужо тут і да Уваскрослага трэба ісці з тым, што ёсць. У гэтыя важныя дні Bonjour du Cameroun падрыхтаваў для вас дзве маленькія афрыканскія гісторыі: пра блуднага сына і як мы святкавалі Вербную Нядзелю. Хоць апавяданне пра ўцёк хлопца з місіі тут неяк дамінуе.
Цяжкі ўрок
Сакрэтны план паўстаў даўно. Квіток у Дуала каштуе 4-5 тыс. франкаў і каб назбіраць такую суму хлопец павінен быў хадзіць пешшу ў школу і нічога там не есці доўгія тыдні. Яго думкі напэўна нагадвалі думкі савецкага рэпрэсіраванага ў лагеры пасярод Сібіры, які рыхтуецца да вялікага пабегу да запаветнай мэты. Ён няспынна абдумвае свой план, ацэньвае ўсе акалічнасці, усе за і супраць і збірае свой святы правіянт. Ну і, зразумела, марыць пра свой далёкі дом, з садам і агародам, а галоўнае - пра сям’ю і дарагіх блізкіх.
Раніцой Варэн, як і штодзень, выходзіць з місіі ў школу. Але насамрэч, паводле плану, яго заплечнік запоўнены адзеннем, кніжкі засталіся ў пакоі на паліцы. Ён хутка едзе на аўтастанцыю, бярэ квіток да Дуала, сядае ў аўтобус. Сэрца напэўна б’ецца трошкі хутчэй, чым звычайна. Аддаляючыся ад горада хлопец назаўсёды развітваўся з дзіцячым домам. “Ужо ніколі не трэба будзе так рана ўставаць на штодзённую св. Імшу, хадзіць па лісце для кролікаў, адгаворваць гэты доўгі, нудны і зусім бессэнсоўны ружанец, слухаць гэтых белых, якія прыязджаюць, вучаць і, што горш, патрабуюць вучыцца”, - думаў ён. Там, у Дуала, будзе добра. Якая-небудзь цётка прыме яго ў свой дом, зразумее ўвесь дзіцячы боль, ахіне сваёй ласкай ды й яшчэ паскардзіцца, куды трэба, на гэтых дзікіх патрабавальных місіянераў.
Найвялікшы горад Камеруна сустракае хлопца сваёй душнасцю і незноснай гарачынёй. Варэн накіроўваецца да роднай сястры нябожчыцы мамы. “Вось яна, мэта. Вялікія пабег амаль што скончаны. Новае шчаслівае жыццё ў маіх руках”, - думаў хлопец. Аднак толькі суровая рэчаіснасць не дазволіла падлетку скончыць свой план.
Вечарам на тэлефон Мар’янны, выхавацельніцы місіі, прыходзіць паведамленне-прабачэнне з просьбай вярнуцца назад. Па стандартнай працэдуры робіцца сур’ёзная міна і выхаванец не атрымоўвае ніякага адказу пра сваю будучыню. Такое нібы “мы падумаем”. Ён хацеў б вярнуцца ўжо сёння, але на вяртанне хітры план Варэна сродкаў не прадугледжваў. Пакуль што хлопец застаецца там, дзе яго не хочуць. Ніводзен дом не захацеў стаць яго прытулкам, ніхто не захацеў абараніць ад місіянераў беднага пляменніка. Мары падлетка, але што яшчэ горш, яго светапогляд і ўяўленне аб роднай і такой сваёй сям’і былі проста разпляскана аб бетон праўды.
Праз некалькі дзён радасны вокліч дзяцей “Варэн вярнуўся!” абвесціў загадзя вядомы факт. Чырвоная кашуля, шэрыя джынсы, чорныя вынашаныя красоўкі і трошкі схіленая галава. Усе дзеці пабеглі прытуліць свайго сябра і нават пачуццё глыбой віны не змагло прыбраць з яго вуснаў усмешку. Занятак скончаны. Гэты цяжкі урок уласнай непатрэбнасці нікому за плячыма. Так місія ўсведамляецца домам і перастае быць дзіўным месцам, дзе белыя ад цябе ўсё нешта хочуць. Так дзіцё ўсведамляе, што ня маючы сям’і, яно мае сям’ю, і не маючы дому, яно яго мае.
Вербная нядзеля
Ужо з самага ранку дзеці палезлі ў найбліжэйшыя кусты каб нарубаць галінак з пальмаў. Хоць выхад па-за тэрыторыю місіі без дазволу забаронены, але сёння нібы можна. Усе круцяць галінкі на свой лад. З’яўляюцца пальмавыя кветкі, косы, кружочкі, квадраты і нейкія зусім незразумелыя фігуры. Нехта прыпёр маленечкую пальму з карэннем і прыхаваў сабе за бочкай. Ідзем пад уваходную браму, тут памолімся і адсюль пачнем працэсію да нашай веранда-капліцы.
Айцец вітае прысутных, чытае адмысловы ўрывак з Евангелля, акрапляе прысутных свянцонай вадой. Старэйшыя хлопцы пабралі высачэзныя пальмы і нібы стварылі сцяну за ўсімі. З песняй крочым, дзяўчаты прытанцоўваюць. Ахінае пачуццё дому, чагосьці свайго, прыватнага. Можна было б зрабіць з гэтай працэсіі нейкі смешны праход, бо нібы ўсе ж свае, чаго тут “выкаблучвацца”. Але ў гэтым і цымес – працэсія наша, усё не тое каб сур’ёзна, але звычайна. Ідзем для сябе, молімся для сябе.
Пасля 40 дзён сёння падчас св. Імшы ізноў загучаў барабан, усе апрануліся неяк незвычайна прыгожа – свята. Вясёлыя спевы, прытанцоўкі. Усё як падчас няпостнай літургіі. Айцец не робіць казання і адразу пераходзіць далей. Ды й сапраўды, Евангелле сёння настолькі вялікае, у ім так шмат людскога, з чым кожны сустракаецца штодзённа, што думаецца і каментар не патрэбны. Пасля Эўхарыстыі дзеці застаюцца трошкі патанцаваць і паспяваць пад барабанныя рытмы Фабрыса, але ўсё хутка сканчваецца – трэба пачакаць яшчэ тыдзень. Будзе Вялікдзень, але для дзяцей перш за ўсё шмат ежы і вечарына. А яшчэ на Вялікдзень будзем хрысціць 21-гадовага Марыюса. Будзе шмат цікавага. Заходзьце!
Некалькі імгненняў Вербнай Нядзелі Foyer St Dominique
Вялікая просьба да ўсіх неабыякавых чытачоў блога Bonjour du Cameroun. Мы пачалі збор сродкаў на новы маразільнік для нашай місіі. Стары ўжо зусім стары і акрамя таго, што слаба марозіць, дык яшчэ і есць кучу электраэнергіі. Калі б хто хацеў далучыцца да акцыі, то можна пісаць на Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. ці звязацца з намі праз каментары у нашым фэйсбуку ці кантакце. Дзякуй загадзя!