Лагеры для ўцекачоў з Цэнтральна Афрыканскай Рэспублікі раскіданы па ўсім усходнім Камеруне. На 2015 г. колькасць уцекачоў перамахнула за 200 тыс. Пастаянная страляніна паміж бандыцкімі групамі ў ЦАР змушае людзей шукаць сховішча за межамі сваёй краіны. Камерун застаецца аазісам супакою і востравам міру.
Гаруа-Буляй, горад, які дзеліцца на дзве паловы мяжой паміж Камерунам і ЦАР, сустракае напружанасцю. Яна паўсюль: у вачах людзей, у дзесятках джыпаў усемагчымых міжнародных арганізацый, вялікім скапленні жаўнераў і паліцэйскіх са зброяй у руках. Яшчэ месяц таму на гэтым памежным пераходзе былі чутны стрэлы, якія не спыняліся з верасня 2014 г. Жаўнеры ААН з Бангладэшу нешта гаманліва выбіраюць у адной з прыдарожных крамаў, але ўжо сама іх прысутнасць выклікае неадназначныя думкі. Там, за мяжой, страляюць. А межы, вядома, для куляў не існуюць.
Менавіта Гаруа-Буляй з’яўляецца першым месцам, куды трапляюць напужаныя вайной цэнтральнаафрыканцы. Кажуць, штодзённа прыходзяць новыя. “Але цяпер мала”, - распавядае фрацускі супрацоўнік Чырвонага Крыжа, - “ЦАР да выбараў рыхтуецца, дык гэтыя ўсе бандыты пакуль што дамовіліся не страляць шмат”. У гэтым горадзе уцекачы фільтруюцца, атрымоўваюць дакументы і адпраўляюцца ў глыб Камеруна. Тут пачынаецца іх новае жыццё.
Людзі без уласнага месца
Трансферны лагер – месца, дзе цэнтральнаафрыканцы чакаюць свае дакументы. Тэарэтычна гэта працэдура займае 1-2 дні, фактычна да двух месяцаў. Акрамя месца ў намёце, доступу да пітнай вады і медычнай дапамогі тут яны не атрымоўваюць нічога. Бачачы белага яны выходзяць з укурэлых ад чырвонага пылу “хаткаў” і пачынаюць углядацца. Позіркі свідруюць з усіх бакоў і ў пэўным моманце хочацца проста адсюль збегчы. Беднасць і бездапаможнасць аднаго чалавека заўсёды кранае, але беднасць некалькіх сотняў у адным месцы нібы руйнуе, збівае, топча і прыгнятае нявіннага назіральніка.
У “трансферы” кожны ўцякач мусіць сам арганізаваць сабе харчаванне. Мясцовыя кажуць, што некаторыя цэнтральнаафрыканцы недзе падпрацоўваюць, хтосьці меў грошы пры сабе, хтосьці крадзе...Ля паўсюльісных рондаляў на трох камянях жанчыны нешта гатуюць, ля аднаго намёту прыхаваны дзве жывыя курыцы.
унутры намёту ў трансферным лагеры
Ніхто з іх не размаўляе ні па-француску, ні па-ангельску. У некаторых мужчынаў сустракаюцца татуіроўкі на тварах: меч, страла, конь, нейкая жывёла кшталту антылопы. Яны ўсе нібы з іншага свету, нібы такія ж цемнаскурыя, але зусім іншыя. Адна жанчына, пасля перамігвання з суседкамі побач, дазваляе зазірнуць у сваё жытло. Маленькі пакунак рэчаў, невялікі дыван і ўсё. Не тое каб жыхары звычайнай камерунскай вёскі, якая спакойна сабе жыве, мелі гэтых рэчаў больш. Сэрца сціскае само перамяшчэнне чалавека з гэтым сціплым пакункам, пазбаўленне яго аднаго з найважнейшага права - свайго месца.
(Ня)Свой дом
Сталы лагер для ўцекачоў гэта як хрушчоўка вялізных памераў. Доўгія аднапавярховыя будынкі з вялікай колькасцю дзвярэй, падзеленыя вузкімі сцежкамі, ствараюць паласатыя квадраты.
Кожны тут штотыднёва атрымоўвае харч, усе ўцекачы маюць паперы з якімі можна працаваць і ездзіць па Камеруне, дзеці ходзяць у дармовую школу і ўвогуле жыццё выглядае вельмі нармалёвым. Па правілах ты не можаш вярнуцца на Радзіму пакуль ААН не прызнае, што гэта будзе бяспечным. Ля кожнага лагеру ёсць свае мячэты, касцёлы, зборы і іншыя храмы. Але ў большасці мячэты. Міжнародныя арабскія арганізацыі прымаюць удзел у фармаванні такіх месцаў для сваіх аднаверцаў. Будуюць яны, зразумела, і драўляныя хаткі-храмы. З-за адсутнасці мінарэту адказны проста выходзіць на горачку і гучна спявае, заклікаючы ўсіх на малітву. Свецкія арганізацыі з хрысціянскіх краінаў храмаў не будуюць. Талеранцыя.
Увогуле кожны лагер – гэта не справа адной крыніцы фінансавання. Звычайна адныя будуюць, іншыя пастаўляюць ежу, хтосьці плоціць настаўнікам, Чырвоны Крыж забяспечвае медычную ахову і г.д. У СМІ перыядычна ўзнікаюць публікацыі пра тое, што пасля заканчэння канфліктаў уцекачы не хочуць вяртацца назад з-за добрага жыцця ў лагеры. Тут ты не мусіш нічога рабіць, але заўсёды маеш харчаванне, гуманітарную дапамогу і медычнае абслугоўванне. Хутчэй за ўсё ў сваёй роднай вёсцы такога ўжо ня будзе. Гэтакі кошт свайго месца.
пачатковая школа
Тутэйшыя ўцекачы не глядзяць на белага жалосным позіркам, а з усмешкай вітаюцца і нават трошкі кланяюцца. За гады існавання лагеру тут ужо пабывалі дзесяткі правяраючых груп з Еўропы. Жанчыны весела гамоняць на агульнай кухні, мужчыны моўчкі сядзяць пад дрэвам. Паўсюль прыбрана, паўсюль спакойна. Ціхі побыт удалечыні ад вайны ачысціў людскія твары ад страху і дзікасці.
Місіянеры-ўцекачы
З тыльнага боку шпіталя, якім займаюцца польскія законніцы, стаяць белыя грузавік і джып. На кожнай машыне бачна аднолькавая налепка з надпісам „Mission Catholique”. У размове з адным супрацоўнікам установы робіцца вядомым: год таму адана місія ў ЦАР з-за ўзброенага канфлікту была вымушана зачыніцца. Каб дзесьці схаваць аўтатранспарт яны вырашылі заставіць яго ў сясцёр у Камеруне. “Ужо год стаяць”, - кажа чорны медбрат, - “а самыя місіянеры ўсе вярнуліся ў Еўропу да лепшых часоў”.
Збіралі людзі грошы, куплялі рознае абсталяванне, будавалі памяшканні, а ў выніку павінны былі выехаць і белыя “перамяняльнікі Афрыкі” і іх чорныя “аб’екты дапамогі”. Такі стан рэчаў не ўкладваецца ў звычайнае лагічнае мысленне. Аднак ён рэчаісны. Ці захочацца ім калі-небудзь вяртацца – невядома.
Розныя малітвы за супакой, заклікі да міру, праваабарончыя арганізацыі часам падаюцца такімі далёкімі ад жыцця. “Ну якая ўжо можа быць вайна?”, - кажуць людзі. А вось атрымоўваецца, што яна блізка, тут, за плотам. Жыве чалавек і думае, што калі нікога не чапаць і ціха займацца толькі сваім існаваннем, дык будзе добра. Афрыка,на жаль, паказвае, што гэта далёка не так. Калі не рухаешся сам, тваім рухам могуць заняцца іншыя.
Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!