11 лютага ў Камеруне з’яўляецца святам моладзі. У гэты дзень па ўсёй краіне праходзяць парады, адбываюцца канцэрты, а прэзідэнт звяртаецца з традыцыйнай прамовай да народа. З нагоды ўрачыстасці школы і ўніверсітэты заўсёды арганізоўваюць мастацкія вечарыны і адукацыйныя выезды. У адну з такіх экскурсій пачатковай школы ў заапарк і трапіў Bonjour du Cameroun.
Дырэктар кажа, што трэба трошкі пачакаць аўтобус. “Пачакаць” традыцыйна расцягваецца на 2 гадзіны. Ужо стомленыя дзеці сустракаюць стары белы мэрсэдэс клясканнем у ладоні. Становіцца зразумелa, што транспарт і рэйс будуць у адзіночным ліку. Адзін настаўнік з лёккай усмешкай зазначае: “151 чалавек плюс школьны персанал”. Вучні з веданнем справы рассаджваюцца і, не зачыняючы дзверы з-за лютаўскай экватэрыяльнай гарачыні, кіроўца пачынае рух. Рух па адмысловах дарожных правілах, калі на працягу ўсяго шляху шафёр клаксоніць перад скрыжаваннямі і, не звяртаючы ўвагу на знакі, едзе далей. Усе спакойна саступаюць, нібы даючы дарогу народнаму скарбу. Амаль палова камерунцаў - гэта дзеці да 15 гадоў.
Увесь шлях аўтобус спявае. Літаральна. Рэпертуар вагаецца ад традыцыйна касцёльных спеваў да апошніх навінак камерунскага попу кшталту: “Давай, прыгажуня, рухай целам”. Пасля паловы дарогі ўсе неяк суцішваюцца, але дысцыпліна захоўваецца да самага заапарку. Нават калі кіроўца спыніўся на хвіліну, каб пакласці грошай на мабільны і ў аўтобусе вокаімгненна зрабілася невыносна горача, ніхто не сказаў ні слова.
Заапарк у Яундэ быў заснаваны французамі ў 1951 г., г.зн. яшчэ за часы калоніі. З таго моманту ўсё засталося па-старому. Сеткі вальераў з тыграмі, кракадыламі і ільвамі яшчэ не страцілі сваёй моцы і толькі ўсюдыісная іржа, крухкі бетон і амаль знішчаная тратуарная плітка нагадваюць пра свой узрост. Дзеці ж цешацца ўсяму, кожная жывёла выклікае ў іх захапленне. Жывучы ў краіне з багатай фаунай яны, як і большасць камерунцаў, ніколі не ўбачаць сваіх нацыянальных паркаў. Беднасць адсоўвае гэтую чалавечую патрэбу вельмі далёка і сёння цяжка ўбачыць яе нават на гарызонце.
Наступае момант адпачынку і перакусу. Усе сядаюць пад вялікае дрэва, галіны якога сплятаюцца ў адно і ствараюць прыемны цень. Кожны пачынае даставаць свой маленькі пакуначак. Пячэнне, варанае яйко, трошкі макаронаў, манёк, кавалак хлеба з маслам. У натоўпе заўважаеш і тых, хто моўчкі сядзіць і нешта калупае ці то ў сваім абутку, ці то ў зямлі. Перакус выкрывае розніцу, якую хавае школьная форма. Усе бацькі даюць што могуць, тое, чым жывуць самі. На хвіліну такія аднолькава прыгожыя і роўныя вучні робяцца няроўнымі і часовай мяжой робіцца ежа, яе смачнасць, свежасць, якасць ці проста яе прысутнасць ці адсутнасць.
Перад вяртаннем у школу ў аўтобуса адвалілася дзвер і кіроўца, не могучы яе парамантаваць, паўтарае безпрыпынкавы праезд праз горад, прывязаўшы яе шнурком. Напрыканцы вучняў яшчэ раз лічаць і адпускаюць па хатах.
Маленькае дзіцячае свята скончылася. Кожны з іх вяртаецца дадому і з радасцю распавядае бацькам пра вялікага ільва, зялёнага кракадыла, кучу маленькіх і вялікіх чарапахаў, пра смешных малпаў і папугаяў Жаку. Пра ежу, аўтобус і дарогу расказваюць толькі дарослыя, бо што яны разумеюць у заапарку?
Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!