Skip to main content

Набажэнствы ў місіі

img 9354Сёння размова пойдзе пра “духоўны” бок жыцця дому. Як і з усім, тут ёсць свае старыя традыцыі і правілы. Св. Імша, ружанец, Вяночак да Божай міласэрнасці – асноўная малітоўная абойма. Пра ўсё і па парадку ў сённяшнім артыкуле. 

Эўхарыстыя 

Як ужо неаднаразова ўзгадвалася, дзень пачынаецца ў 6 гадзін раніцы. Св. Імша адпраўляецца ў сваёй найбольш скарочанай версіі. Спевы толькі на ўваход і заканчэнне, кароценькае казанне, адсутнасць перадачы бліжняму знаку супакою – галоўныя адрозненні гэтай службы ад нядзельнай. Працягласць – не даўжэй за 20-25 хвілін. У 07.30 у дзяцей пачынаюцца заняткі, кожны яшчэ мусіць сабрацца і дабрацца да сваёй школы. У суботу св. Імша адсутнічае. Замест яе – ютрань. 

У нядзелю зазвычай Эўхарыстыя адпраўляецца а 10-й гадзіне. У гэты дзень літургія напоўнена спевамі, казанне доўжыцца калі 30 хв. – яно з’яўляецца таксама хатняй катэхэзай. Акрамя рытмічных камерунскіх спеваў на францускай і мясцовых мовах, набажэнства нічым не адрозніваецца ад беларускага. 

img 9354св. Імша і святло ліхтарыкаў. Вечарам знікла электрычнасць

Ружанец

Штодзённа ў 17.30 жыхары дому моляцца ружанцовай малітвай і літаніяй Ларэтанскай. Госця можа здзівіць тое, што літанія чытаецца па памяці. Увогуле веды дзяцей базавага катэхізісу на высокім узроўні. Старэйшыя, напрыклад, без праблемаў пералічаць усе таямніцы ружанца. 

Дзеці, якія спазняюцца на ружанец, моляцца на каленах. Занятыя працай аўтаматычна звальняюцца ад абавязку набажэнства. Пяціхвілінка перад кожным набажэнствам з’яўляецца часам цішыні і ружанец не з’яўляецца выключэннем. 

Кожны 14-ты дзень месяца адпраўляецца пакутны ружанец з растаўленымі ў бакі рукамі. Паміж таямніцамі, для адпачынку рук, спяваецца песня. img 0479пакутны ружанец 14 студзеня

Вяночак да Божай міласэрнасці 

Набажэнства заўсёды адпраўляецца ў пятніцу, замест ружанца. Каб надаць малітве пакутны характар, яна адбываецца на каленах. Пазней літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і спеў. 

Як бачна, набажэнствы ў місіі простыя і, як кажуць, спраўджаныя. Усе яны абавязковыя, таму дзеці не маюць выбару, прыходзіць на іх ці не. Абыякавасць і неразуменне некаторых малітваў вельмі бачная, але дазвол вольнага наведвання малітваў можа прывесці толькі да іх занядбання. Таму малітоўны прымус існуе толькі для дабра дзяцей: некаторыя вырастуць і шмат чаго зразумеюць, а некаторым гадзіна цішыні і супакою штодзённа ніколі не перашкодзіць. 

*** 

Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!

Рэдагавана: 22 Лютага 2017