Сёння допіс сканчвае гісторыю з імшальнымі інтэнцыямі, распавядае пра беднага камерунца, у якога на вачах згарэла родная машына, і пра тое як колькасць сіротаў у місіі павялічваецца, а дзяцей – не. Тры зусім не вясёлыя гісторыі ў чарговым артыкуле Bonjour du Cameroun.
Інтэнцыйная педагогіка – працяг
Тлумачэнне вартасці св. Імшы паўтаралася ўжо неаднаразова, таму, каб не зацягваць казанне, святар адразу перайшоў да папулярнага сёння слова “санкцыі”. Цяпер кожны, хто запісвае сваю просьбу, уносіць добраахвотна-абавязковае ахвяраванне: 100 франкаў пачатковая школа і 500 франкаў старэйшая (0,20$ і 1$ адпаведна). Раз на месяц малодшаму прыйдзецца не з’есць булку, а старэйшаму яшчэ і схадзіць у школу пешшу. Такая людская ахвяра за Божую.
Нараджэнне мараў
Белы місіянерскі джып імчыць па горнай заходнекамерунскай дарозе. Нечакана перад намі паўстае корак з некалькі машынаў, прычына якога нябачная з-за наступнага павароту. Паволі аб’язджаем аўто і заўважаем вінаватага: з-пад капоту старэнькай таёты пайшоў дым. Кіроўца разам з пасажырамі спрабуе дабрацца да рухавіка. Нічога не атрымоўваецца. Дым гусцее і ўзмацняецца. Нехта хутка падаставаў усе рэчы з салону і багажніка, нарэшце атрымалася адкрыць капот. Некалькі вёдраў пяску не дапамагаюць, з панэлі кіроўцы прабіўся першы вагеньчык. Чарга пачынае паціху ад’язджаць назад, уласнік гінучай машыны разам з пасажырамі таксама адыходзіцца і проста бярэцца за галаву. Полымя пад капотам узмацняецца, ужо праз некалькі хвілін ён канчаткова авалодвае салонам і неўзабаве стане гаспадаром пустога багажніка. Відавочцы здымаюць усё гэта на тэлефоны, камерунец працягвае трымацца за галаву, гледзячы на апошнія хвіліны існавання свайго жалезнага каня. Можна толькі ўявіць колькі ён працаваў на гэтую машыну. Магчыма яшчэ ўчора мужчына марыў пра нешта, будаваў планы, лічыў колькі заробіць і колькі адкладзе. А цяпер адна за адной выбухаюць апоны і застанкі бензіну на дне баку. Назаўтра каркас ляжаў ля дарогі і разам з чорнай плямай на асфальце нагадваў пра маленькае чалавечае гора. Таёта забрала з сабою шмат мараў, але яна ж напэўна нарадзіла шмат новых.
Чарговы раз пра камерунскае бацькоўства
Па нябачных хвалях мабільнай сувязі далятае навіна, што маці траіх дзяцей, якія жывуць у дзіцячым доме, сёння памерла. Старэйшыя захоўваюць гэтую вестку паміж сабой, бо навошта ведаць пра гэта дзецям. Аднак падчас ружанцовай малітвы Джэк раптоўна выбухае плачам. Сударажным, глыбокім, нястрыманым плачам. Сумнае паведамленне ўсё-такі прасачылася праз доўгія языкі. Малога бяруць за руку, адводзяць за рог хаты, каб плач не перашкаджаў малітве, даюць вады з лёдам, цукерку, прытуляюць. Плач суцішаецца, але перыядычна ізноў і ізноў прабіваецца дзесьці з глыбіні дзіцячага сэрца.
У гэтым прытулку першым апынуўся найстарэйшы Джэк, яму 10 год, пасля сюды аддалі Сэроль і Ванцьен. Двум апошнім 5 і 2 адпаведна. Не трэба быць добрым матэматыкам, каб вылічыць, што маці проста нараджала дзяцей і аддавала. Аднаго за другім. Foyer іх пакорна прымаў, бо дзеці ж застаюцца дзецьмі.
Яна была хворая СНІДАм і з-за яго напэўна памерла. А дзеці нарадзіліся здаровымі. Наўрад ці маці плакала, калі развітвалася з Джэкам, а ён плакаў наўзрыд, калі яна адыйшла. У яго ж няма іншай. Хоць якой. Хоць далёкай і невядомай, але заўсёды мамы.
Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!