У сённяшнім допісе прыглядаемся здзічэламу і абразліваму стэрэатыпу брудны/нябрудны, буднях евангелізатараў і “інтэнцыйнаму” стану рэчаў місіі. Пра кароткую людскую памяць і ўсё такі: “Колькі разоў у дзень мусіць мыцца чалавек?” у новым камерунскім артыкуле.
Трошкі пра людскую натуру
“Каброль, якім перыядам пачынаецца літургічны год?”, - пытаецца святар. Хлопец апускае вочы ў падлогу, пачынае хутка перабіраць пальцамі. “Фабрыс”, - працягвае экзаменатар. Фабрыс устае і гэтаксама не адказвае на пытанне. “Вось бачыце, 25 хвілін казання я прысвяціў на расповед пра літургічны год і цяпер вынік”, - кажа ксёндз.
Ён яшчэ раз распавядае расклад каталіцкіх перыядаў году, усе махаюць галовамі, маўляў, зразумела. Пытанне пра пачатковы перыяд ізноў скіроўваецца да Каброля і ён чарговы раз пачынае пілаваць вачыма падлогу. Фабрыс гэтаксама. Мары, Марцін далучаюцца да падлога-піларамаўцаў. Гэта ўжо робіцца смешным. Гісторыя пра літургічны год паўтараецца яшчэ раз, нарэшце Каброль узгадвае пра Адвэнт, але цяпер Мары не можа адказаць чым гэты Адвэнт заканчваецца.
- Ты з якой нагоды ўсю ноч з 24 на 25 танцавала? - пытаецца святар.
Ціхі смех праносіцца сярод удзельнікаў Эўхарыстыі. Нехта падказаў, чарговыя перыяды ідуць лягчэй, толькі Фабрыс асякаецца і пэўным голасам называе Пяцідзесятніцу канцом Вялікага посту. Казанне ўжо даўно перарасло ў экзамен, на якім выкладчык кажа адказы і студэнт іх проста не могуць паўтарыць. І смех і грэх. Але калі б набрацца адвагі і запытацца ў людзей пры выхадзе з касцёла ў любой парафіі пра што было Евангелле ці казанне сітуацыя можа паўтарыцца. Такая, хіба што, наша натура.
Белыя шмаравозы
Існуе дастаткова распаўсюджанае меркаванне, што людзі чорнага колеру скуры “брудныя”. Такую думку ніхто не выказвае ўслых, але, згадзіцеся, яна ёсць. Дык вось, справа ў наступным. Большасць камерунцаў думае зусім наадварот. Ва ўспрыманні тутэйшых людзей белыя – шмаравознікі. Вось гісторыя.
Прыязджаюць у місію госці з Еўропы. Туалет з душам агульны для ўсіх. Душам называецца адгароджаная тэрыторыя, куды трэба прыйсці са сваім вядром і традыцыйна намачыцца, намыліцца і спаласнуцца. Усе жыхары місіі штодзённа, нягледзячы ні на якое надвор’е і розныя абставіны мыюцца два разы – раніцой і вечарам. Праз некалькі дзён, пасол дзіцячай рады падыходзіць да цёці Мар’ян, так называюць выхавацельніцу дома, і шчыра пытаецца: “Цёця Мар’ян, а чаму белыя людзі не мыюцца?”. Маленькае дзіцё не разумее, чаму дарослы чалавек мыецца ў два разы менш чым яно. Так, для камерунцаў белыя – брудныя. Гэта сцвярджаецца не са злосцю. Проста так думаюць.
Беларусы, якім за трыццаць у дзяцінстве не мыліся штодзённа. Гэта сёння ўмовы палепшыліся і амаль кожны штодзённа прымае душ. Раз. Вялікія чысцюлі – два. У Камеруне ўсе мыюцца два разы на дзень. І калі табе цяпер усё гэта падаецца вялікай бязглуздзіцай, дык для шараговага камерунца гэтаксама падаецца неверагодна дзіўным пытанне: “Як жа можна мыцца так мала?”.
Інтэнцыйная педагогіка
Кожны дзень місія пачынае жыццё, натуральна, з малітвы. У 05.55 б’е звон і ў 06.00 пачынаецца св. Імша. Т.зв. “інтэнцый” у а. Дарыюша няма, таму кожнае дзіцё можа штодзённа запісаць сваю просьбу на адмысловую картку і такім чынам “замовіць Імшу”. Для веруючага – класна. У адрозненні ад нашых парафій, дзе запісвацца трэба за некалькі месяцаў, калі не больш, тут усё дармова і агульнадаступна. Але ў людзей, як у людзей. Не ўсё так ружова.
З верасня кожны ўжо меў некалькі “сваіх” службаў. Усё гэта пачало рабіцца руцінай і апошнім часам запісванне просьбаў адбывалася за некалькі хвілін да Эўхарыстыі. Пры гэтым адбывалася ўсё гэта неяк так:
- Блін, няма інтэнцыі, - ціха кажа Марыюс, наш “закрыстыянін”, - давайце хто што! - Давай за майго дзядзьку, - кажа першы лепшы.
Нядаўна Марыюс усё-такі забыўся нагадаць пра гэтую няшчасную інтэнцыю. Пачынаецца літургія, айцец глядзіць на картку і бачыць пустое месца. Надыходзіць момант Х, калі дзецям трэба зноўку тлумачыць вартасць гэтых інтэнцый...
***
Пра педагагічныя меры па тлумачэнні вартасці Эўхарыстыі чытайце ў наступным допісе Bonjour du Cameroun.
Новыя здымкі і гісторыі місіі на нашым фэйсбуку і кантакце. Запрашаем!