Выхаванка нашага дзіцячага дому ўжо другі год жыве ў Польшчы. Сёлета яна распачала навучанне ва yніверсітэце ім. Адама Міцкевіча ў Познані. Мы паразмаўлялі з маладой камерункай пра тое, як ёй вучыцца ў польскім універсітэце, што яе здзівіла і ўразіла. Узгадалі таксама пра “прыватнае” жыццё, зносіны з палякамі і пра вялікія і малыя мары дзяўчыны.
Соня, другі год у Польшчы. Тое, як ты ўяўляла сабе гэтую краіну яшчэ ў Камеруне спраўджваецца ці не?
Калі я ляцела з Афрыкі, дык ня мела ніякага паняцця як выглядае не толькі Польшча, але і ўвогуле Еўропа. Напрыклад, у гэтым годзе я ўпершыню пачала вучыцца ва універсітэце. Мяне здзіўляла тое, што выкладчыкі толькі гаварылі і нічога адмыслова не дыктавалі. Я думала, што гэта такія заняткі, на якіх трэба проста слухаць і гэта пасля не абавязвае на экзамене. Цяпер перад сесіяй аднакурснікі мяне прыемна здзівілі (смяецца).
І як вучыцца? Напэўна ты ўжо маеш шмат сяброў і сябровак.
Падчас першага году побыту ў Кракаве я вучыла польскую мову. Было класна ў тым значэнні, што наша група цалкам складалася з людзей з вельмі розных краін свету. У мяне там было шмат сяброў і знаёмых. Я думала, што гэтаксама будзе і ва універсітэце. Аднак у Познані ўсе студэнты ад самага пачатку мелі знаёмых і, мне так падаецца, для мяне проста не хапіла месца. Я ўяўляла сябе ў коле сяброў, а насамрэч я вельмі самотная. Гэта страшнае пачуццё.
Мяркуеш у чым праблема?
Людзі прыходзяць да мяне толькі з пытаннямі тыпу як выглядае жыццё ў Камеруне, чым мы харчуемся, як выглядаюць нашы традыцыя і культура, ці мы выкарыстоўваем відэльцы, як так сталася, што я апынулася ў Польшчы. Усе пытаюцца пра гэта штодзённа і, шчыра кажучы, мне гэта ўжо ў горле сядзіць. Я сумую па маіх камерунскіх сябрах, па маме і сёстрах, сумую па тым, як мы гуляліся разам, а цяпер у мяне нават няма нікога, з кім можна было б пагаманіць. Мне падаецца, што ўсе аднакурснікі проста цікавіліся, але не шукалі сяброўства. А я шукала і не знайшла.
Праблемы ў адносінах з сяброўкамі ўсё-такі знаная тэма. А як справы з моцнай палавінай чалавецтва?
Калі ідзе размова пра хлопцаў, дык пакуль што нікога няма і мець не хачу. Хлопцы як і рэшта цікавяцца толькі іншай культурай і не зацікаўлены ў якіхсьці зносінах.
Што ў Польшчы цябе здзівіла найбольш?
Клімат. Першы раз, калі я ўбачыла снег, дык вельмі цешылася, усё было такое белае, як быццам у нейкім фільме. Я была проста шчаслівая і рабіла шмат здымкаў. Пазней я высылала гэтыя здымкі да мамы і сясцёр, бо яны дык увогуле паняцца не маюць, што гэта такое. Увогуле люблю снег, толькі марозу з ім звязанага не вельмі (смяецца).
Пра што палякі найчасцей пытаюцца цябе датычна Камеруна?
Шчыра кажучы, людзі не вельмі арыентуюцца, дзе знаходзіцца Камерун, таму нейкія расповеды пра культуру і традыцыі для мяне цяжкія. Увогуле, большасць пытанняў, як я ўжо казала, вельмі падобная: ежа, традыцыі. Усё-такі Камерун застаецца дастаткова невядомым краем для палякаў.
Ведаем, што ты таксама ўладкавалася на працу. Падзяліся з намі кім працуеш?
Разам з Жакі (другой стыпендысткай місіі – аўт.) па выходных працуем у кітайскім рэстаране ў гандлёвым цэнтры. Атмасфера на працы суперкласная. У нас працуюць людзі з Егіпту, Індыі, Марока, Кітая і Польшчы – агулам 10 чалавек. Шмат жартуем. Яшчэ асаблівым чынам няма пра што казаць, бо працую толькі са снежня. Часам стаю на касе, часам на кухні – ўсё ў залежнасці ад патрэбы. Дзякуючы гэтай працы хачу назбіраць грошай і паехаць на канікулы ў Камерун.
Класная мэта. Напрыканцы яшчэ хацелася б запытацца пра мары. Вучышся ў Польшчы, маеш працу і што далей?
Калі я была маленькая, дык марыла навучыцца граць на піяніна, пісаць песні, танцаваць як Шакіра. Але ніколі ў мяне не было такіх магчымасцей. Таму сёння я хачу дапамагаць маёй сям’і, патрабуючым дзецям. Каб усе былі шчаслівыя.
Даведка:
Соня Анзонг. Нарадзілася 25 студзеня 1993 г. у Бертуа, Камерун. З-за цяжкага матэрыяльнага становішча сваёй сям’і была прынята ў Foyer St. Dominique (дзіцячы дом пры місіі). У 2013 г. здала выпускныя экзамены ў школе і была выслана на вучобу ў Польшчу. Падчас акадэмічнага года 2013/2014 праходзіла курс польскай мовы ў Кракаве. У 2014 г. паступіла ў Познаньскі ўніверсітэт ім. Адама Міцкевіча на спецыяльнасць "Раманская філалогія". Мае маці, 7 сёстраў і 3 браты. Бацька ў маі 2014 г. загінуў у аўтакатастрофе.