Skip to main content

Bonjour du Cameroun: На афрыканскія каляды

kamerun9Божае Нараджэнне як усеагульнае свята ў Камеруне знаходзіцца на стадыі станаўлення. Так, сёння адпраўляюцца пастэркі, робяцца ў гэты дзень вігіліі. Але яшчэ ў 1994 г. на першую пастэрку ў Бертуа прыйшло 20 чалавек. Уявіце сабе: прыязджае малады місіянер, працуе ў некалькітысячнай парафіі, прыходзіць 24 снежня, пастэрка, а на ёй ты, хор і яшчэ пару чалавек. Гэта, канешне, біла па традыцыйным успрыманні святара з Еўропы. Але сёння такую сітуацыю cустрэць цяжка. 

Hа пытанне: “Чым для цябе з’яўляюцца Каляды?”, большасць дзяцей дому адказала: добра паесці, патанцаваць і падарункі. І гэта сапраўды так. Усё-такі калі б дзеці адказалі нешта іншае, можна было б падумаць, што “что-то не так”. 24 снежня на вячэры ўсе наеліся як ніколі. Калі для бедных паслядэвальвацыйных беларусаў гэта з’ява прыемная, але ў пэўным сэнсе звычайная, то для жыхароў Foyer St : Dominique – свята над святам. Смажаная курыца – калядная кульмінацыя. Па-гэтаму расчаравання з нагоды дрэнна перажытага свята быць не магло. Каб не нудзіць сухім расповедам прапаную чарговыя гэтым разам святочныя гісторыі. 

Нетрадыцыйна па-Божаму 

Воклічам „Joyeux Noel” (дакладна “Вясёлых Калядаў”) а. Дарыюш аб’яўляе канец пастэркі. Варэн задае рытм, усе пачынаюць спяваць і танцаваць. Дзеці робяць гэтакую кучу-малу проста перад алтаром. Радасць дапаўняцца тым, што пасля цэлага дня без ежы і ў поўнай цішыні яны ўсё-такі дачакаліся гэтай незвычайнай вячэры. Трошкі пазней хлопцы выносяць сталы, дзяўчаты – падносы з ежай. Восем страваў. Не, у гэтым няма ніякага сэнсу, проста на столькі дазваляе бюджэт.

Накладваць пачынаюць белыя, г.зн. айцец і мы. Можа ў Швецыі кожны накладвае “колькі і калі” хоча, а ў Камеруне толькі “колькі”. “Калі” было ўстаноўлена сотні гадоў таму. Старэйшыя пачынаюць – малодшыя сканчваюць. І нічога з гэтым не зробіш. Кожны накладвае як мага больш – колькі змесціць талерка. Большасць з гэтай талеркі занясецца ў пакой, на заўтра. Калядкі ціха граюць пад супольны хрумст і водгукі асалоды. Шчасце настолькі адчувальнае ў гэты момант, што падаецца яно проста лётае навокал. Дзімі сядае за кампутар, калядкі змяняюцца гукам апошніх афрыканскіх хітоў. Танцы не спыняцца да 06.00. Свята атрымалася, усё было як любіць Езус – проста і па-людску. 

sd

Такі часам відавочны Езус 

У нашым доме з’явіўся новы жыхар – Урбан. Яму год. Яго маці працуе ў суседнім бары, мае 16-17 гадоў, ня мае жылля і мужа. Урбан – гэта ўжо яе другое дзіця. Не вытрымліваючы жорсткай рэчаіснасці, яна спакавала ў белую капронавую торбу яго адзенне, дала малому цацку Пікачу, усё гэта ўручыла дзецям з раёну і папрасіла занесці да нас. “Мяне гэта ўсё проста перарасло”, - пазней скажа яна. Гэтаксама проста і без відавочнага жалю дзяўчына запытаецца ў нас як там Урбан і пазней, калі наша машына спыніцца на хвіліну ля яе “піўнухі”, дадасць, што ён хутка прызвычаіцца і перастане плакаць. 

 mg 1699

А Урбан малайчына. У свой год ён есць хлеб, кус-кус, бананы і ўсё чым багаты дом. Кожны па чарзе яго мые, прачынаецца ноччу на плач, змяняе памперсы і кладзе спаць пасля абеду. Маленькі сын палка хутка стаў такім жа дзіцём як і ўсе. Яго маці казала, што хутчэй за ўсё вясной паедзе з першым сынам жыць на вёску да родных. Сталічнае жыццё аказалася за цяжкім. Пытанне: “Што б было з малым, калі б не было Foyer?”, застаецца без адказу. 

Яшчэ адна пра бацькоўства і сыноўства 

1 студзеня, вечар. Найстарэйшыя жыхары дому, ужо поўнагадовыя Нату, Жуа, Эпі, Мбомбо і Дзімі падыходзяць да айца. Пах парфумаў, бліскучая вопратка і смех. Шэф шэфаў дае дабро на святочны выхад у горад на дыскатэку, але ніхто не рухаецца з месца. Пераглядаюцца, усміхаюцца, перамінаюцца з нагі на нагу але застаюцца. Толькі цяпер робіцца зразумелым: каб выйсці на дыскатэку трэба нешта мець у кішэні. Кароткая перастрэлка позіркаў і ўсмешак. Кампанія атрымоўвае 10.000 франкаў, стрымана радаснае “дзякуй”. Выхад у горад у кішэні. 

10906584 10152555481551451 2467843322660575903 n

 

Рэдагавана: 22 Лютага 2017