Сёння некалькі спробаў параўнання нас і іх, адказу на пытанне чаму "сядзіш ты насупраць дарослага камерунца, які ў прынцыпе храм наведвае, але яшчэ неахрышчаны, бо на катэхэзу хадзіць няма ахвоты і разумееш, што розніцы з дарагім РБ дык і няма". Атрымалася менавіта параўнанне, у сэнсе пастаноўкі знаку "=".
Розны хрост
Для хрысціянаў сакрамант хросту ў прынцыпе непадзельны ад нараджэння дзіцяці. Тут і традыцыя, і забабоны, і вера. Усё перамешана. Хрысціянства ў Камеруне не мае вельмі доўгай гісторыі - нешта кшталту 200 гадоў. Таму з хростам тут так, што з адной сям’і адзін можа быць ахрышчаны, другі – не. Прычыны перамешаныя і цяжка зразумелыя. Справа ў іншым.
Жывеш ты пад адным дахам з чалавекам, старэйшым за цябе, але яшчэ неахрышчаным. І пачынаеш разважаць, нібыта гэта ж Афрыка, тут усё па-іншаму. А паглядзіш з другога боку – а ў чым розніца з нашым дарагім РБ? Кожны прывядзе прыклад не аднаго дзясятка знаёмых, якія ахрышчаныя, дый зарадзілі поўную абойму сакрамантаў, але што з гэтага? Дзе вера, дзе наведванне храма, дзе малітва, дзе хрысціянскае жыццё. І вось сядзіш насупраць дарослага камерунца, які, у прынцыпе, храм наведвае, але яшчэ неахрышчаны, бо на катэхэзу хадзіць “у падлу” і разумееш, што розніцы дык і няма. Сакрамант тваёй працы за цябе не зробіць, а як ён можа дапамагчы, калі ты гэтай дапамогі не хочаш. Успамінаецца рэпліка нунцыя Гуджэроцці, які сказаў: “Ну ў іх палігамія фармальная, а ў нас фактычная”. Рэчаіснасць такая розная і такая падобная адначасова.
Пра веру
Айцец яксьці ўзгадваў, што ў Камеруне няверуючых людзей няма. Іншая справа - ўсе далейвынікаючыя рэчы. Алe ў існаванне шыроказразумелага Бога вераць усе.
Прыязджаем мы на базарчык сувеніраў. Тут, зразумела, усе кідаюцца на цябе, прапаноўваць “лук самзінг ін май шоп”. Адзін кіёск, другі, трэці ... Усё нейкае папсовае: маскі, барабаны, дываны, сумкі і інш. Гэта ўжо дзесьці бачылася і не ўражвае. Ды яшчэ рэчы паганскія і мала тут хто нават ведае, што яны азначаюць. Галоўнае – турыстам падабаецца.
Безсэнсоўна заходжу ў чарговы кіёск, гляджу на тое, што ўжо бачыў у папярэдніх, падыходзіць прадавец і пачынае прапаноўваць маску. Я кажу нешта кшталту: “Дзякуй, мне не трэба, я ж хрысціянін”. Ён працягвае, кажа што гэта “чыста камерунскае”. Я ізноў адказваю: “Мужык, я ў Бога веру, не трэба мне твая маска”. А ён мне з абурэннем: “А хто ў Бога ня верыць?”. І працягвае актыўна ўцюхваць чорны драўляны твар.
Хлопцы з Варшавы
Прыехала ў Камерун 3 турысты з Варшавы. Першыя суткі затрымаліся ў нас, вызначылі маршрут і на некалькі дзён адправіліся глядзець гіпапатамаў, кракадылаў, антылопаў і інш. Пазней вярнуліся і паехалі мы разам на акіян. Гэта 300 км ад Яундэ. Узялі наймалодшых дзяцей, яны ўпершыню пабавіліся на хвалях, пакачаліся ў пляжным пясочку. Але я не пра тое. Хлопцы з Варшавы паездзілі па вёсках і ўбачылі, што харчаванне два разы ў дзень у нашай місіі – раскоша. Адзін даваў шакаладку дзецям і ўжо хацеў выкінуць паперку, але яму падказалі: “Аддай дзецям, там яшчэ можна аблізаць”. І шмат іншых рэчаў.
5 хвілін да ад’езду, яны выносяць са сваіх пакояў вялікія турыстычныя заплечнікі. Адзін вяртаецца ў пакой, кажа: “Томэк, дык ты ж заставіў...”, але той не дае скончыць сказу рухам рукі, маўляў “ціха”, ці не звяртай увагі. Лётнішча, развітанне, пажаданні. Перад тым як ісці спаць з цікавасці заглядаем з Мартай у пусты пакой пасля хлопцаў. На ложку, нібы забытыя, ляжаць скручаныя ў трубку шорты, перад ложкам пляжныя тапкі. Пазней у душы заўважаю нібы забыты шампунь. Банальшчына?
Еўрапейцу часам цяжка прынесці нешта ўжыванае і даць іншай асобе. Нібыта ты яе гэтым прыніжаеш. Шмат людзей адчуваюць сябе ў такіх сітуацыях банальна нязручна. Вось і хлопцы з Варшавы хацелі нешта даць і цураліся. Можа гэта і банальна, але кожны ведае, наколькі дробязі прыемныя. А Патрык ужо на наступны дзень хадзіў у “новых” шортах і сланцах.
Арцём Ткачук