Мінае два месяцы побыту. Нічога новага не здараецца, хоць, калі прыгледзецца, кожны дзень непаўторны. Сёння традыцыйна некалькі гісторый са штодзённых клопатаў. Што аб'ядноўвае нашых і афрыканскіх дзяцей, чарговы роздум пра бацькоўства і людскі язык, які часам зусім аддзяляецца ад сэрца.
Пра газэ
Сядзім мы з дзецьмі пад маім пакоем, рашаем матэматыку. Кожны робіць сваё заданне, хтосьці лічыць сабе пад носам, хлопцы ціха перашэптваюцца. Раптам Джэк кажа на Сэдрыка штосьці кшталту: “Блін, ну ты даў”. Сэдрык хутка ўстае і адыходзіцца ад нас на метраў 10. Я кажу: “Сэдрык, што здарылася?”. А ён на мяне: “J’ai gase”. У гэты момант да мяне даходзіць пах гэтага жэ газэ. Усе дзеці пачалі смяяцца, так проста і па-таварыску. Тут не было ні кроплі высмейвання, усе проста смяяліся. З аднаго боку камерунскія дзеці так адрозніваюцца ад нашых, а з другога гэтае жэ газэ такое ж як і паўсюль.
Бацькоўства ч.2
Чытаў у блогу аднаго місіянера ў Камеруне такую гісторыю. У сям’і была дачка-інвалід, у яе не было рукі да локця. Як гэта сталася - не памятаю. Фактам застаецца, што дзіцё для сям’і зрабілася праблемай. Аднойчы яно захварэла і толькі дзякуючы шчасліваму складу абставін святар даведаўся пра гэта. Ноччу ён завёз яе у найбліжэйшы шпіталь, дзе за свае грошы вылячыў малое. Падаецца, шчаслівы канец гісторыі, але не зусім. Прайшоў нейкі час і маці дзяўчынкі прыйшла да святара з навінай, што яе дачка памерла. Пры гэтым акрэсліць прычыну смерці дакладна яна не змагла. Маўляў, нейкая рэзкая хвароба і смерць. У артыкуле святар распавёў, што за некалькі дзён да выпадку ён бачыў дзяўчынку і яе стан ніяк не нагадваў пра магчымасць нейкай хваробы. Таксама падчас першай гісторыі да канца не было зразумела: бацькі не маглі ці нават не спрабавалі дапамагчы дзіцяці. Ніхто ніколі не даведаецца, як было насамрэч. Але так цяжка выгнаць дрэнныя думкі з галавы.
Языкастая абыякавасць
Жыве ў нас дзяўчынка Эпі. У дзяцінстве маці, падчас чарговага пакарання, уваліла ёй па галаве. З таго моманту Эпі сталася глухой. Ніхто ніколі яе не назіраў у шпіталі, бо, зразумела, такія тут умовы. Вырашылі мы назбіраць грошай і завезці яе ў Польшчу і абследваць. Магчыма, патрэбна простая аперацыя ці іншае ўмяшанне медыкаў, каб чалавек пачаў чуць (дарэчы, калі хто хоча падключыцца, то пішыце мне на Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.). Пачалі пісаць па знаёмых, каб проста па капейцы скінуцца і арганізаваць гэты выезд. Напісалі таксама да чалавека, які калісьці месяц гасціў у нашай місіі. Сваімі вачыма бачыў усю рэчаіснасць, еў хлеб тутэйшых людзей. І вось, пасля прачытання яго адказу, узніклі пачуцці, вядомыя ўсім, калі ўжо проста нічога не хочацца больш. Адразу ўзгадваецца мудрасць: “Калі ты дапамог каму-небудзь, дык ніколі пра гэта не ўзгадвай” і дадаць: “А калі не дапамог, дык зрабі тое ж самае”.
Запрашаем да чытання дзённіка Арцёма, які абнаўляецца 2-3 разы на тыдзень на naviny.by.