Сёння ў Камерунскім дзённіку Арцём распавядае, чаму для маленька Тэдзі адзінота - найбольшае пакаранне, як зразумець бацькоўскія адносіны тамтэйшых жыхароў і чаму Піфагор і яго знакамітая табліца не хочуць быць сябрамі для дзяцей.
Ігнор
Тры тыдні таму ўсім было абвешчана, што адбудзецца экзамен ведаў табліцы Піфагора. Спачатку першая палова – да лічбы 5, праз тыдзень ад 6 да 9. Аб’явы з гэтай інфармацыяй былі павешаны ў двух найбольш наведвальных месцах – перад кухняй і перад уваходам у дом. Сёння пішам другую палову. 25 множанняў на 5 мінут. Правяраем вынікі. Паўтараецца сітуацыя папярэдняга тыдня – некалькі асобаў рашае ўсё дакладна ці робіць памылку ў 2-3 множаннях. Рэшта да 24 няправільных адказаў. Большасць атрымоўвае найбольш суровае пакаранне – пазбаўленне вячэры. Паўтарэнне гэтага ж тэсту назаўтра пакажа той жа вынік. Не дапамагаюць угаворы, змушэнне, крыкі, пакаранні. Найбольш здзіўляе факт, што такая сітуацыя здараецца з людзьмі, якія вучацца ў выпускным класе. Пры гэтым не першы раз. Нейкі дзіўны афрыканскі ігнор.
Пра СНІД
У Камеруне, як зрэшты ў большасці Афрыкі, СНІД застаецца распаўсюджанай праблемай. Чуў такую гісторыю. Прыехаў малады, здаровы мужчына з Еўропы ў Камерун, каб павандраваць. Як гэта бывае, спадабалася яму адна тутэйшая дзяўчына. Яны праводзілі шмат часу разам, ездзілі на акіян, дзе было правведзена некалькі, натуральна, незабыўных дзён на пляжы пад пальмамі і палячым сонцам. І вось еўрапейскі турыст вяртаецца дамоў, дзяўчына застаецца. Праз амаль год яна памірае, прычына – СНІД. Камерунка хварэла ім ужо шмат гадоў. Факты застаюцца толькі фактамі, а што засталося за кадрам рамантычнай гісторыі ніхто не ведае. Ведае толькі еўрапейскі турыст, але навіны пра далейшае жыццё камерунскай закаханасці яго, напэўна, мала турбавалі. Так і атрымоўваецца – жыццё сабе, рэчаіснасць сабе.
Бацькоўства
Яно тут вельмі адрозніваецца ад нашага і, шчыра кажучы, мне яшчэ далёка да таго, каб зразумець адносіны бацькоў і дзяцей. Едзем на памінкі па тату дзвюх нашых дзяўчынак. Пасля 300 км. дарогі заязджаем на падворак роднага дому, нас сустракаюць толькі дзеці памерлага. Усе вітаюцца, цалуюцца, абдымаюцца. Мы застаўляем дзяўчат з місіі ў хаце, самі сядаем у машыну і едзем далей. Прыязджаем на пасілак, сядаем за стол.
Увесь час падыходзяць нейкія людзі, вітаемся з імі: гэта стрыечны брат таго, гэта стрыечная сястра гэтага, гэта дзядзя дзядзі дзядзі і г.д. У пэўным моманце з’яўляецца жанчына, з якой усе вітаюцца з падвоенай радасцю. Гэта Магі, мама нашых дзяўчат і жонка памерлага. Толькі цяпер разумею, што пасля некалькіх месяцаў расстання са сваімі дзецьмі, маці не сустракала іх дома. Яна была ў бары. Падчас вясёлых памінак адносіны паміж маці і дочкамі не змяніліся, як быццам дзеці ніколі не выязджалі з дому. Развітанне складалася з простага "пакуль". Не было слязінкі, ці сумнага твару. Нібыта маці адправіла дзяцей у школу. І такое захаванне з’яўляецца нормай. Паміж бацькамі і дзяцьмі няма абніманняў, цалаванняў і цёплых словаў. Усё вельмі стрымана і вытрымана. Тэма гэтая вельмі складаная і пісаць пра яе пакуль што цяжка. Няхай гэта будзе першай спробай.
Самае суровае пакаранне
Субота. Дзень розных працаў. Усё віруе, усе нешта робяць, рамантуюць, мыюць, складваюць. І сярод усяго гэтага чую голас малога Тэдзі: Лэслі, Дус, Сэроль, Ванцьен! Гэта імёны яго сяброў. Думаю: “Што тут здарылася?”. Іду на вокліч. Слых прыводзіць пад дзверы аднаго з пакояў. Разумею, што гэты звычайны пакой з’яўляецца цяпер “Тэдзікарцэрам”. Напэўна малы захоўваўся дрэнна, надакучыў старэйшаму і той ужыў самае суровае пакаранне: ізаляцыю ад дзяцей. Хлопчыка проста садзяць у асобны пакой, дзе ён знаходзіцца адзін. А быць у самоце – найгоршая рэч. Вось і сядзіць бедны Тэдзі ў пакоі і кліча сваіх сяброў. Для старэйшага чалавека такое пакаранне – узнагарода, пасядзець у цішыні і нічога не рабіць. А для трохгадовага камерунца – Сібір, ссылка і катарга. Рэшту дня малы хадзіў як па струнцы.
Запрашаем да чытання дзённіка Арцёма, які абнаўляецца 2-3 разы на тыдзень на naviny.by.