Паток новай інфармацыі проста неверагодны і немагчыма апісаць усіх думак, якія ўзнікаюць і бурляць у галаве. Сёння паспрабую прадставіць некалькі маленькіх вобразаў, што запалі найбольш. Магчыма яны дапамогуць вам неяк адчуць тутэйшую атмасферу, горшыя і лепшыя бакі.
Тэдзі і кола
У а. Дарыюша быў дзень народзінаў, 54 гады. Традыцыйна ён прастаўляецца па поўнай, гэта адна з магчымасцей, калі кожны ў доме можа наесціся так, каб аж бруха трашчала і танцаваць да раніцы. Вечарына, музыка грыміць, усе танцуюць, мы з айцом і Мартай сядзім з боку. І тут я бачу нашага трохгадовага Тэдзі, які сядзіць ля сцяны і ў адной руцэ трымае кавалак смажанай курыцы, а пад пахай паўлітровую бутэлечку колы. Я паказваю айцу і кажу: "Паглядзіце, як Тэдзі смешна сядзіць". А ён мне адказвае: “Ну, напэўна першы раз у жыцці колу ў руках трымае”. Малы не пхаў па-жаднаму курыцу ў рот і не ўліваў колу, абліваючыся і вымазваючы свой урачысты касцюм. Ён сядзеў і трымаў усё як найвялікшы скарб у жыцці. Ціха і з захапленнем. Быццам гаспадар сустрэў гасцей, якіх так доўга чакаў і цяпер хоча сказаць столькі, што не ведае з чаго пачаць.
Місіянер
Раз на год-два нам у дом прыходзіць часопіс Misje Dzisiaj. Яго ніхто не выпісваў, за гэта ніхто ніколі не плаціў. Проста якімсьці дзіўным чынам часопіс прыходзіць. Дык вось, я ляжаў хворы і ўставаць яшчэ было нельга, прыйшоў час на чытанне. Айцец і прынёс гэтыя “свежыя” часопісы (з 2013 г., толькі пакуль яны дайшлі ў Камерун, дык трошкі састарэлі). Сярод дзясяткаў аповедаў пра розныя місійныя пляцоўкі я сустрэў кароткі артыкул пра а. Станіслава Выпарла SVD, спалучаны з паведамленнем аб яго смерці. Задумайцеся: 80 гадоў жыцця, 60 гадоў манаскіх шлюбаў, 55 гадоў святарства, 48 гадоў на місіі, 19 пабудаваных касцёлаў. Ён памёр і быў пахаваны там, дзе і служыў – у Інданэзіі. Чытаючы пра а. Станіслава разумееш, наколькі ты маленькі, якія твае справы дробныя. Застаецца толькі пакора і ціхая хада наперад. Шмат хто са знаёмых усё дзівіцца, як гэта ты сабраўся ў Афрыку, яшчэ і на год. Бацькі ўсё перажываюць. А ты чытаеш пра такога місіянера і думаеш: “Пра што яны ўсе кажуць?”.
Мары з пончыкам
Ідзем з Варэнам з бацькоўскага сходу і бачым: далёка спераду крочыць Мары, наша выхаванка. Вяртаецца са школы. Нічога асаблівага, не звяртаем на гэта ўвагі, цягнемся сабе далей, пра нешта гамонім. Праз нейкі час разумею, што Мары больш няма на даляглядзе і так сабе думаю: “Дзе гэта яна падзелася?” І тут дзяўчынка з’яўляецца перад намі ў дзвярах маленькай крамы з трыма пончыкамі ў руках. Вітаемся і яна адразу прапаноўвае прысмак мне, пасля Варэну. Мы адмаўляемся і працягваем рух ужо разам. Падаецца простая сцэна, так? Толькі справа ў тым, што нашы дзеці не маюць грошай. Адзінай крыніцай, дзе яны могуць сэканоміць з’яўляюцца грошы на таксоўку ў школу (нагадаю, грамадскі транспарт не існуе). Яны часам не едуць і замест гэтага ідуць некалькі кіламетраў. Праезд каштуе 150 франкаў=3 тыс. Пончык – 50 фр. Дык вось радасна тое, што нават так рэдка бачучы пончыкі, прайшоўшы кучу часу пад палячым сонцам, дзяўчынка дзеліцца з табою сваім маленькім скарбам. Так, па-чалавечы.
Айцоўства
Наш шэф, а. Дарыюш, належыць да старой школы выхавання. Штосьці кшталту пяшчоты, салодкіх словаў і т.зв. “усюсю” тут не існуе. Такія айцы, яны заўсёды шорсткія, грубыя і застаюцца такімі ў даслоўна кожнай жыццёвай сітуацыі. Нават самай “мі-мі-мі”. Аднак.
Аднойчы, падчас вячэры недалёка ад стала круцілася маленькая Ванцьен. Гэтая дзяўчынка насамрэч такая мілая, што кожнаму хочацца яе прытуліць, панасіць на руках. Дык вось, сяджу я за сталом і назіраю. Ідзе а. Дарэк, як заўсёды сур’ёзны і, мінаючы Ванцьен, ён раптоўна прыпыніўся, узяў малую за шчокі, з гукам кшталту “у-цю-цю-цю” пяшчотна патармашыў яе і пайшоў далей. Уся акцыя цягнулася не больш за 2 секунды. Але яна як бы падкавырнула сутнасць чалавека. Грубыя і шорсткія айцы – самыя пяшчотныя і ласкавыя. Гэта амаль немагчыма ўбачыць, гэта можна адчуць, падглядзець, скрасці як інфармацыю. Але да гэтага нельга дакрануцца. Яно застаецца пад покрывам халоднакроўнасці, без якой немагчыма ісці наперад.
Дзённік з побыту можна пачытаць на naviny.by. Абнаўляецца ён 2-3 разы на тыдзень. Запрашаем!