Мінае адзнака трохтыднёвага побыту і працы. Па мерках місіянераў – турызм. Некалькі дзён таму ў суседняй Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы скралі польскага місіянера, які працуе там з 2009 г. А. Дарыюш падчас размовы ўжыў прыметнік “малады” ў адносінах да таго. Таму мы – малекулы місіянерскага пылу. Але ўсё мае месца быць. На старонках блогу Bonjour du Cameroun буду спрабаваць дзяліцца сваімі роздумамі і думкамі наконт таго, што бачу, чую, адкрываю.
Тэдзі і яго цацка. Адзін з самых малодшых жыхароў місіі
Беднасці тут хапае. На першы погляд, магчыма, гэта не асабліва бачна. Аднак можна сабе ўявіць. Кожны ранак самыя малодшыя атрымоўваюць два кавалкі багета з маргарынам. Адзін з’ядаецца адразу, другі – пазней у школе. Старэйшыя не ядуць. Калі дзеці вяртаюцца са школы каля 16.00, то атрымоўваюць міску рыса з поліўкай, пазней каля 19.00 – вячэра. Ніякіх кішэнных грошай тут не існуе. Увага. Гэта высокі стандарт для Камеруна. Дзеці тут не галодныя і выглядаюць не горш за беларускіх. Таму не варта асаблівым чынам турбавацца па гэтаму поваду. З адзеннем таксама няма ніякіх праблемаў. Гуманітарка з Польшчы апранае дзяцей па амаль апошніх еўрапейскіх трэндах.
Падчас ранішняй раздачы багетак
Узровень ведаў дзяцей – мізэрны. Асаблівым чынам гэта бачна на прыкладзе геаграфіі, матэматыкі, мовы. У дзіцячым доме ёсць людзі, якія ў 13 гадоў не ўмеюць чытаць і пісаць, праз аднаго яны не могуць прачытаць тое, што самыя напісалі, хуткасць рашэння простых арыфметычных задач неверагодна павольная. Абсалютная большасць лічыць, што Канада знаходзіцца ў Еўропе і што Англія, Велікабрытанія і Аб’яднанае Каралеўства – тры розныя дзяржавы. І гэта ўлічваючы факт, што кожны дзень некалькі гадзін пасля школы з дзецьмі дадаткова займаецца настаўніца-рэпетытар. І хоць школа рыхтуе вельмі слаба, аднак выпускныя экзамены тут не лягчэйшыя за еўрапейскія. Па-гэтаму так шмат дзяцей школу заканчвае, але з-за няздачы экзаменаў не атрымоўвае атэстат.
Джэйзон – наш найлепшы вучань
Парадаксальна, але за гэтыя 20 дзён на прыктыцы стала вядома, што большасць тут у прынцыпе не чакае і не патрабуе місіянераў. Дзеці амаль літаральна хаваюцца ад заняткаў і толькі пасля агульнага “прапістона” а. Дарыюша ўсе пакорна пачалі наведваць лекцыі. Зразумела, ёсць свае выключэнні і свае геніі. Але агульная тэндэнцыя выглядае такім чынам. Пра выкананне ж хатняга задання пакуль не можа быць і размовы, але ўжо сама наведвальнасць – прагрэс. На сённяшні момант стабільна штовечар займаемся геаграфіяй, ангельскім, некалькі разоў на тыдзень гітара, польская мова (місію наведвае шмат палякаў, польскі больш для savoir-vivre), матэматыка.
План заняткаў падчас тыдня
Можна пагадзіцца - паўсюль дзеці не хочуць вучыцца. Аднак у гэтым выпадку ў большасці ідзе размова пра пісьменнасць\непісьменнасць і сканчэнне хаця б базавай школы. Трэба дадаць, што як і ўсе нармальныя бацькі, кіраўнікі місіі хочуць, каб дзеці выканалі не толькі план мінімум, але і паступілі ва універсітэты, атрымалі добрыя працы і проста годна ўладкаваліся ў жыцці.
Падчас суботняй матэматыкі
Многія не разумелі і працягваюць не разумець, чаму трэба персціся на другі канец свету, каб дапамагаць камусьці. Маўляў, у нас саміх хапае дзіцячых дамоў і бедных дзяцей. І такія людзі маюць рацыю. Аднак Бог кожнага чалавека вядзе па-свойму. Хтосьці дае грошы на пакупку новых футбалістаў, хтосьці капае студні ў Судане, хтосьці пераводзіць за руку бабулю на пешаходзе, а хтосьці дапамагае суседу па лесвічнай клетцы клеіць шпалеры. Кожны робіць сваю маленькую справу. А мы сваю.
Нашы самыя малодшыя жыхары: Тэдзі, Ванчэн, Дус, Сэроль
Дзённік з побыту можна пачытаць на naviny.by. Абнаўляецца ён 2-3 разы на тыдзень. Запрашаем!